Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Жук: Начальнік СІЗА сказаў, што іх “адвезьлі па месцы прыгавору”

  • БелаПАН

23 сакавіка ў Мінску прайшла экстранная прэс-канфэрэнцыя лідэраў праваабарончых арганізацый, зьвязаная з прывядзеньнем у выкананьне сьмяротных прысудаў адносна Андрэя Жука і Васіля Юзепчука.

Паводле слоў старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, згодна з Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі актамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, прыгавораныя падалі скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН. "Больш за тое, Беларусь атрымала ноту Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб тым, што іх звароты былі зарэгістраваны, і абгрунтаванае патрабаваньне не прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды да разгляду скаргаў у камітэце ААН", — сказаў Гулак.

Інфармацыя пра гэта была даведзена да адпаведных дзяржаўных органаў, паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Нягледзячы на тое што камітэт ААН яшчэ не разгледзеў гэтыя скаргі, Юзяпчук і Жук былі расстраляныя.

На прэс-канфэрэнцыі прысутнічала Сьвятлана Жук, маці аднаго з расстраляных.

"Пасьля сустрэчы 4 сакавіка я спытала, калі можна перадаць сыну наступную перадачу, — паведаміла яна. — Мне адказалі — 19 сакавіка. <…> Прывезьлі перадачу, як звычайна падала заяву. Мне сказалі: пачакайце — іх некуды павезьлі. <…> Потым выйшаў нейкі дзяжурны адміністратар і сказаў: "Увогуле, вы яго нідзе не шукайце, чакайце паведамленьня".

Гэта быў шок — такі, што нельга перажыць… Мы езьдзілі па могілках вакол Менску, шукалі сьвежыя магілы. Учора пайшлі на прыём да начальніка СІЗА, ён сказаў: "Мы яго адправілі па месцы прыгавору. Ідзіце ў суд — туды, дзе яму выносілі прыгавор". Адвакат параіў: "Нікуды не хадзіце. Ніхто вам праўды не скажа".

Дваццаціпяцігадовы Андрэй Жук быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе на работнікаў СВК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты зарплаты работнікам сельгаспрадпрыемства, і іх забойстве 27 лютага 2009 году на аўтадарозе ў Салігорскім раёне Менскай вобласьці. Аднаго з саўдзельнікаў Жука прыгаварылі да пажыцьцёвага зьняволеньня, другога — да 13 гадоў пазбаўленьня волі.

Васіля Юзепчука прызналі вінаватым у забойстве шасьці пэнсіянэрак з мэтай абрабаваньня.

Пасьля таго як стала вядома аб прывядзеньні ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў у Беларусі, праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" заклікала Аляксандра Лукашэнку неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротную кару.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG