Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў пікету ў Менску “Не — сьмяротнаму пакараньню”. Яго ладзілі праваабаронцы каля прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Пасьля прэс-канфэрэнцыі з нагоды выкананьня новых сьмяротных прысудаў у Беларусі віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Ірына Тоўсьцік правялі пікет ля будынка прэзыдэнцкай адміністрацыі. На іх былі адмысловыя майкі, заплямленыя чырвонай фарбай, нібы крывёй. Таксама пікетоўцы разгарнулі расьцяжку “Не сьмяротнаму пакараньню”. Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго ахоўнікі выклікалі міліцыю. Праваабаронцаў, а таксама журналіста Сяргея Сыса даставілі ў пастарунак міліцыі Ленінскага раёну.

Алесь Бяляцкі распавёў карэспандэнту “Свабоды” з пастарунку праз тэлефон:

Было нас трох удзельнікаў і журналіст Сяргей Сыс, які спрабаваў зафатаграфаваць. Яго таксама злавілі разам з намі
“Мы катэгарычна пратэстуем супраць выкананьня сьмяротных прысудаў, тых, якія былі выкананыя, прычым патаемна, па-подламу фактычна. Мы выйшлі з расьцяжкай “Не — сьмяротнаму пакараньню”. Было нас трох удзельнікаў і журналіст Сяргей Сыс, які спрабаваў зафатаграфаваць. Яго таксама злавілі разам з намі. Мы сталі каля “Піянэра” насупраць адміністрацыі. Прастаялі хвіліны чатыры. Нарад на машыне хутка пад’ехаў,там жа побач гарадзкі аддзел міліцыі. Нас забралі”.

Што адбывалася далей у пастарунку? Ірына Тоўсьцік распавяла з пастарунку:

“Складаюцца пратаколы апытаньня. І пасьля будуць пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па артыкуле 23-34, арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. У мяне хацелі ўзяць адбіткі пальцаў, зрабіць відэаздымкі, але я адмовілася, пакуль ня будзе пратаколаў. Мне сказалі, праз 20 хвілін будуць. Могуць пратрымаць да суду”.

Адносна мэтаў сёньняшняй акцыі Ірына сказала:

“Мы як праваабаронцы абураныя тым, што на мінулым тыдні былі выкананыя сьмяротныя прысуды, бо камітэт накіроўваў неаднаразова патрабаваньні нашай дзяржаве прыпыніць выкананьне сьмяротных прысудаў адносна гэтых людзей да разгляду скаргі ў камітэце ААН па правах чалавека па сутнасьці. Але яны парушылі міжнародныя дамовы і свае абавязаньні ў галіне правоў чалавека і расстралялі. Таму мы абураныя і выйшлі сказаць “Не — сьмяротнаму пакараньню ў Беларусі”.

Паводле праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, напрыканцы мінулага тыдня ў Беларусі былі расстраляныя 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзяпчук. Першы быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе на працаўнікоў СПК “Бальшавік-Агра” і ў забойстве іх. Другога прыгаварылі да сьмяротнага пакараньня за сэрыю забойстваў пажылых жанчын у Берасьцейскай вобласьці.

Праваабаронцы нагадваюць, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выкарыстоўваецца сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG