Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыёмная сям’я Вікі Мароз шакаваная прысудам італьянскага суду


Былая выхаванка Вялейскага дзіцячага дома Віка Мароз і яе родны брат Саша працягваюць жыць у сям’і Алены і Сяргея Васілеўскіх у Жодзіна. У гэтай сям’і шакаваныя рашэньнем італьянскага суду, які пакараў умоўным зьняволеньнем італьянскую сям’ю Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын, іх сваякоў і двух каталіцкіх сьвятароў, якія ў верасьні 2006 году ўтойвалі непаўналетнюю беларускую сірату Віку ў італьянскіх Альпах.


Пра рашэньне апэляцыйнага суду Генуі, які адмяніў леташні апраўдальны вэрдыкт і пакараў італьянскіх апекуноў Вікі Мароз васьмю месяцамі турмы ўмоўна, у беларускай сям'і дзяўчынкі ня ведалі. Беларуская мама Вікі Мароз Алена Васілеўская сказала, што ня будзе паведамляць пра гэта дзяўчынцы, і вось як пракамэнтавала падзею:

“Гэта ўвогуле маразм — гэтак паступіць. Мяне гэта шакавала, канечне. Я засмучаная. Людзі ж харошыя!”

Карэспандэнтка: “Ці калі-небудзь вы зь імі спатыкаліся?”

“Я толькі аднойчы К'яру бачыла. Яна прыяжджала сюды зь Вікай да Сашы, калі Віка яшчэ ў Вялейцы была. Але гэтая сустрэча была аднойчы і хвілін дваццаць”.

Карэспандэнтка:
“Але вы кажаце, што гэта добрыя людзі — то чаму?”

“Бо Віка іх любіць. А яна такі чалавечак, што проста так ні да кога ня будзе ставіцца гэтак даверліва. Не хацелася б Віку засмучаць”.

Карэспандэнтка:
“А яна засмуціцца, вы так лічыце?”

“Канечне”.

Тацяна Асмалоўская
Як паведамляюць італьянскія крыніцы, судовы працэс у 2006 годзе ініцыявала амбасада Беларусі ў Рыме. Ён доўжыўся амаль паўтара года, аднак за гэты час прадстаўнікі пацярпелага боку, то бок пазоўніка, так і не зьявіліся на судовых паседжаньнях. Як было гэтым разам, у дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў Італіі не паведамілі, спаслаўшыся на адсутнасьць кіраўніцтва. А памочнік амбасадара Аляксей Паплаўскі сказаў наступнае:

“Я сапраўды нічога не магу вам сказаць, бо проста ня ў курсе. Я гэтым пытаньнем не займаюся”.

Як паведаміла “Свабодзе” Алена Васілеўская, Віка Мароз па-ранейшаму часта ўзгадвае сваю італьянскую сям'ю і марыць туды вярнуцца. Аднак улады Беларусі адмовілі італьянцам у магчымасьці удачарыць дзяўчынку. У камісіі па правах чалавека Палаты прадстаўнікоў ня бачаць у гэтым праблемы. У прыватнасьці, вось што сказала сябра камісіі па правах чалавека Тацьцяна Асмалоўская:

“Гэта дзіця, і калі ўсё ў парадку, то яно забываецца. Дзіця куды павернеш, туды яно і будзе глядзець, пакуль не сфармаванае. Таму ў яе ўсё ў парадку, і яна… не жадае туды ехаць”.

Рашэньне апэляцыйнага суду Генуі і падзеі вакол Вікі Мароз праваабаронца Алесь Бяляцкі пракамэнтаваў гэтак:

“Гэтая сытуацыя вельмі складаная ў тым сэнсе, што ёсьць італьянскае заканадаўства, якое фармальна было парушанае. Безумоўна, я за тое, каб быў кантроль дзяржавы, але гэтак абмяжоўваць усынаўленьне беларускіх дзяцей замежнымі грамадзянамі, як гэта ёсьць у нас у Беларусі, калі такія выпадкі можна пералічыць па пальцах, — гэта занадта суровая мера, якая не адпавядае індывідуальным патрэбам кожнага канкрэтнага чалавека”.

Iтальянская сям’я Джуста-Барначын
Выхаванку Вялейскага дзіцячага дома Віку Мароз сямейная пара Алесандра Джуста і Марыі-К’яры Барначын зь італьянскага мястэчка Кагалета, у якіх дзяўчынка адпачывала на вакацыях, адмовілася вяртаць на радзіму. Яны заявілі, што дзяўчынка стала ахвярай фізычнага і сэксуальнага гвалту ў сябе на радзіме, і на працягу 20 дзён утойвалі беларускую сірату ў Альпах. Улады Беларусі ўсё ж вярнулі яе на радзіму, а затым адмовілі італьянцам у магчымасьці ўдачарыць дзяўчынку.

Паводле пазову амбасады Беларусі ў Рыме летась у лютым Генуэскі суд па справах непаўналетніх прызнаў тых, хто ўтойваў Віку Мароз, невінаватымі. Аднак абвінавачаньне не пагадзілася з гэтым рашэньнем і падало апэляцыю, якая завяршылася рашэньнем пра ўмоўнае зьняволеньне італьянскай сям'і, іх сваякоў і сьвятароў. Уплывовы італьянскі эўрадэпутат, колішні віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Марыё Маўра выказаў сваю салідарнасьць з пакаранымі і заявіў, што пакараньне выявілася больш жорсткім, чым дзеяньні італьянскай сям’і і яе сяброў. Бо гэтыя людзі імкнуліся пазбавіць 10-гадовую дзяўчынку жорсткасьці і гвалту, якія чакалі яе па вяртаньні ў Беларусь.

Зараз 14-гадовая Віка Мароз са сваім братам Сашам жыве ў прыёмнай сям'і Васілеўскіх у Жодзіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG