Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным пачалі дасьледаваць рэчавыя доказы падрыхтоўкі да тэрарыстычнага акту.

Паводле сьледзтва, 28 кастрычніка 2005 году Аляксандар Ларын у Гародні пранік на тэрыторыю ліцэю № 1 з гранатамётам і выбухоўкай, апрануты паверх адзеньня яшчэ і ў спартовыя штаны, куртку і чорную шапку, з кавалкам цюлевай тканіны, пафарбаванай для маскіроўкі. Мэта — нібыта замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку, чый дом знаходзіўся за 140 мэтраў ад ліцэю. Аднак ад свайго пляну Ларын адмовіўся, а перад сыходам зьняў вопратку і пакінуў яе на зямлі непадалёк ад гранатамёту і выбуховага прыстасаваньня. 31 кастрычніка 2005 году гранатамёт, самаробная бомба, маскіровачная тканіна і адзеньне Ларына былі знойдзеныя на тэрыторыі ліцэю. Пра гэта сьведчаць пратаколы агляду гэтых рэчаў, складзеныя міліцыяй.

Сёньня ў судзе адзеньне Ларына і маскіровачная тканіна былі агледжаныя. Што да гранатамёту, то высьветлілася, што яго ўжо не існуе. Паводле пратаколу, які зачытаў пракурор Эльдар Сафараў, гранатамёт РПГ-26 з нумарам 0691 ВК быў зьнішчаны на палігоне праз адмысловы выбух. Паводле пратаколу, адмыслоўцы не змаглі дастаць з гранатамёта гранату, і яго было вырашана ўзарваць. Аляксандр Ларын, калі пракурор паказаў яму фотаздымак гранатамёта ў матэрыялах справы, сказаў, што гэта нібыта менавіта той гранатамёт, зь якім ён спрабаваў правесьці замах на Ўладзімера Саўчанку. Раней Ларын паказаў, што атрымаў загад на замах ад Мікалая Аўтуховіча, які ў той час знаходзіўся ў сьледчым ізалятары Гародні.

Мікалай Аўтуховіч сёньня паўтарыў, што ніколі не аддаваў такога загаду Аляксандру Ларыну і ня меў плянаў рабіць замах на Ўладзімера Саўчанку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG