Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра пастаўкі вэнэсуэльскай нафты пытаюцца ў Расеі


Ці будзе выгаднай для Беларусі перапрацоўка вэнэсуэльскай нафты? Неназваны экспэрт паведаміў агенцтву Інтэрфакс, што гэта цалкам магчыма, калі Беларусь дамовіцца аб выкарыстаньні трубаправодаў для перапампоўваньня нафты з портаў на беларускія НПЗ.


Паводле экспэрта Інтэрфаксу, галоўныя выдаткі на перавозку нафты з Вэнэсуэлы ў Беларусь кладуцца не на фрахт танкераў, а на яе перавозку ад портаў да заводаў.

Адмыслоўца паведаміў, што Беларусь зьвярнулася да Расеі з просьбай разгледзець магчымасьць запуску нафтаправоду “Адэса-Броды” ў рэжыме перапампоўваньня нафты ў Беларусь. Зараз гэты нафтаправод працуе ў т.з. рэвэрсным (адваротным рэжыме) – нафта па ім ідзе ў адэскі порт на пагрузку на танкеры. Украіна па дамоўленасьці з Расеяй да 2011 году абавязалася выкарыстоўваць трубаправод менавіта ў такім рэжыме.

Сутнасьць беларускай прапановы – дазволіць перапампоўваньне ў авэрсным (прамым) рэжыме – з Адэсы ў накірунку Беларусі. Тады дастаткова збудаваць кароткую перамычку ад нафтраправоду “Адеса-Броды” да нафтаправоду “Дружба” і вэнэсуэльскую нафту з адэскага порту можна даволі танна дастаўляць на Мазырскі НПЗ.

Аднак, паводле неафіцыйных дадзеных, на якія спасылаецца суразмоўца Інтэрфаксу, адмова ад гэтай схемы – перапампоўваньня нафты з Украіны па нафтаправоду “Адэса-Броды” – была адной з умоваў атрыманьня Беларусьсю бязмытных 6.3 млн. тон расейскай нафты.

Паводле экспэрта, дастаўка нафты з партоў краін Балтыі тэарэтычна была б выгадней, бо адлегласьць ад іх да Наваполацкага НПЗ менш, чым ад Адэсы да Мазырскага НПЗ. Аднак глыбіня клайпедзкага порту не дазваляе разгружаць танкеры вялікага аб’ему. А тэрмінал Буцінге, які належыць Мажэкяйскаму НПЗ, Беларусі, нявыгадна выкарыстоўваць з-за высокіх тарыфаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG