Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэпартэры” шкадуюць з нагоды судовага рашэньня адносна БАЖ


Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала жаль з нагоды адхіленьня Вярхоўным судом апэляцыі Беларускай асацыяцыі журналістаў адносна права яе сяброў выкарыстоўваць выдадзеныя арганізацыяй карткі з надпісам “Прэса”.

Рашэньне азначае, што незалежныя журналісты, якім было адмоўлена ў акрэдытацыі на працу на замежныя СМІ, будуць пазбаўленыя дакумэнту, які сьведчыць пра іх прыналежнасьць да прэсы і такім чынам дае магчымасьць бесьперашкодна працаваць пры асьвятленьні грамадзка значных падзеяў.

“Рэпартэры бязь межаў” называюць пастанову яшчэ адным крокам у наступе на незалежных журналістаў напярэдадні маючых адбыцца выбараў.

У сваёй заяве міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” прыводзіць словы старшыні БАЖ Жаны Літвіной і юрыста гэтай арганізацыі Андрэя Бастунца. На іх думку, падобнае судовае рашэньне істотна перашкодзіць асьвятленьню вулічных акцыяў, якія могуць быць праведзеныя напярэдадні выбараў, і істотна ўскладніць працу свабодных мэдыяў у Беларусі.

БАЖ разглядае судовае рашэньне як яшчэ адзін прыклад ціску на мэдыі. Асацыяцыя заявіла, што будзе апэляваць на яго старшыні Вярхоўнага суду.

Карткі з надпісам “Прэса” БАЖ выдае сваім сябрам больш як 10 гадоў. Цэнтар юрыдычнай абароны СМІ, які дапамагае журналістам вырашаць юрыдычныя праблемы, дзейнічае пры асацыяцыі з 1999 году, гаворыцца ў заяве.
XS
SM
MD
LG