Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Знойдзеную Атлянтыду” можна ўбачыць у Віцебску

абноўлена

Лера Сом
Лера Сом

У віцебскай Музычнай гасьцёўні адчынілася выстава ўдзельнікаў 5-га пленэру “У пошуках Атлянтыды”, які праходзіў мінулым летам у вёсцы Опса на Браслаўшчыне.


Выставы, якія ладзяцца пасьля такіх пленэраў, арганізатаркі — полацкая паэтка Лера Сом і менская мастачка Кацярына Мясьнікова — лічаць вельмі важнымі. Бо галоўны сэнс пленэраў “У пошуках Атлянтыды” — гэта нагода ўвекавечыць мастацкімі сродкамі гісторыю і архітэктурныя помнікі розных мястэчак і вёсак Віцебшчыны. Гэтыя паселішчы цяпер лічацца “непэрспэктыўнымі”, і, адпаведна, мала надзей на рэстаўрацыю ці хаця б кансэрвацыю іхнай культурна-гістарычнай спадчыны.

Мастакі на адкрыцьці выставы.

На выставе ў Віцебску можна ўбачыць і краявіды, і партрэты жыхароў вёскі Опса. Яны створаныя мастакамі, якія прыехалі на Віцебшчыну з усіх рэгіёнаў, бо пленэр, паводле Леры Сом, адпачатку стаўся агульнабеларускім:

“Гэты пленэр, які праходзіў у Опсе, — ужо пяты. Папярэднія таксама праходзілі ў нейкіх такіх ня тое каб закінутых, але ня дужа папулярных мясьцінах — Лявонпалі, Друі, Дзісьне і Асьвеі. Пленэр атрымаўся рэспубліканскі, бо пачыналі яго мастакі з Полацку і Наваполацку, а цяпер прыяжджаюць і зь Віцебску, і зь Менску, і з Гомелю…

Лера Сом падкрэсьлівае, што мясьціны, дзе яны бывалі з пленэрамі, ніяк ня можна назваць нейкімі турыстычнымі цэнтрамі. І нярэдка на самай першай выставе эскізаў і накідаў, якую ладзяць для мясцовых жыхароў, тыя дзівяцца: няўжо гэта ў нас так прыгожа? А яшчэ вельмі важна, каб гэтыя мясьціны ўбачылі іншыя людзі, бо толькі такім чынам можна паспрыяць аднаўленьню — хаця б у пэрспэктыве — тамтэйшых помнікаў архітэктуры.

ВІДЭА


Лера Сом пра пленэр “У пошуках Атлянтыды”
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:45 0:00


У Опсе, якая месьціцца за 18 кілямэтраў ад Браслава, здавалася б, вядомага турыстычнымі аб’ектамі, мастакі малявалі палац Плятэраў. Яго пачалі былі рэстаўраваць, але цяпер ён стаіць закінуты і разбураецца разам з усім сядзібна-паркавым комплексам. Таксама на іхніх мальбэртах — касьцёл Яна Хрысьціцеля, заснаваны ў 1500 годзе, шмат разоў з тае пары перабудаваны і цяпер часткова адноўлены, фрагмэнты местачковай забудовы.

Мастачка Сьвятлана Баранкоўская.

Апрача спробаў захаваць гістарычную спадчыну з дапамогай мастацкіх сродкаў, яшчэ адна мэта пленэраў — падтрымка і навучаньне маладых мастакоў. Зрэшты, усе ўдзельнікі, і маладзейшыя, і старэйшыя, лічаць такія выезды “на натуру” дужа карыснымі, кажа віцебская мастачка Сьвятлана Баранкоўская:

“Ну што мы ведаем? Што ў нас ёсьць “Славянскі базар”? Што ёсьць у Віцебску плошча Перамогі, дзе ўсё чысьценька і гладзенька… А што ёсьць за межамі Віцебску, ніхто асабліва й ня ведае! Таму проста неабходна, каб мастакі выяжджалі, каб глядзелі на спадчыну, каб стваралі беларускае мастацтва, віцебскае мастацтва, каб адчувалі повязь з гэтай зямлёй!”

Міталягічная Атлянтыда, якую штогод мастакі “шукаюць” на Віцебшчыне — і сымбаль беззваротна страчанага, мінулага, і напамін пра тое, што нешта абавязкова варта пакінуць нашчадкам. І дзе ні праводзяцца выставы ўдзельнікаў пленэру, яны заўжды выклікаюць цікаўнасьць гледачоў. Пасьля экспанаваньня ў Віцебску гэтую выставу ўжо чакаюць у Воршы і ў Полацку.

Наведнікі выставы разглядаюць плён пленэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG