Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнаму прафэсару заплацяць у 76 разоў болей, чым беларускаму?


Беларусь мае намер запрашаць замежных пэдагогаў для падрыхтоўкі спэцыялістаў па ядзернай энэргетыцы. Савет міністраў распрацаваў спэцыяльную пастанову, у якой агавораныя ўмовы, на якіх замежныя выкладчыкі будуць працаваць у Беларусі.


Напрыклад, гадзіна лекцыі пэдагога з Расеі або любой іншай краіны ацэнены ў 300% тарыфнай стаўкі першага разраду. Гэта складае ад 243 тысяч да 765 тысяч 660 рублёў. Лекцыйны час айчынных прафэсараў каштуе 9 тысяч 920 рублёў. Калі ўлічыць, што ў сярэднім з улікам сумяшчальніцтва, прэміяльных і г.д. беларускі прафэсар зарабляе ў месяц 2 мільёны беларускіх рублёў, то атрымліваецца, што яго замежны калега зможа зарабіць ў Беларусі столькі ж за 3 гадзіны, максымум за 10, піша газэта “Народная воля”.

Добрае матэрыяльнае ўзнагароджаньне за працу -- не адзіны "бонус", прапанаваны беларускім урадам замежным выкладчыкам-ядзернікам. Ім таксама будуць кампэнсавацца выдаткі на праезд паветраным, чыгуначным транспартам да месца правядзеньня навучальных заняткаў і назад, на браніраваньне білетаў, наём жылога памяшканьня. Фінансаваньне расходаў, зьвязаных з рэалізацыяй пастановы Саўміна, будзе ажыцьцяўляцца са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

"Думаю, што без запрашэньня замежных выкладчыкаў нам сапраўды не абысьціся, – лічыць фізік-ядершчык, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Шушкевіч. - Фізыкаў-ядзершчыкаў, спэцыялістаў па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы ў Беларусі дастаткова. І, безумоўна, вельмі многія пазыцыі можна запоўніць сваімі прафэсіяналамі, якія, упэўнены, будуць вельмі задаволены мець такую працу. Хоць, наколькі мне вядома, калі, напрыклад, абмяркоўваецца прарыў ядзернай энэргетыкі, то ні айчынных геафізыкаў, такіх як Радзім Гарэцкі, ані мацёрых фізыкаў туды не завуць ... Напрыклад, у такіх эканамічна разьвітых краінах, як ЗША, Японія, Паўднёвая Карэя, двухгадзінная лекцыя запрошанага прафэсара ацэньваецца прыблізна ў 500 даляраў. Выходзіць, практычна столькі ж прапанавалі беларусы замежным пэдагогам-ядзернікам. Але, напрыклад, у Польшчы за дзьве гадзіны лекцыі прафэсару заплацяць не больш за 200 долараў. І ў Штатах працу замежных лектараў ацэньваецца дакладна гэтак жа, як і мясцовых. А ў нас традыцыйна айчынныя спэцыялісты атрымліваюць капейкі, нават прафэсіяналы высокага рангу. Нават тыя, па праектах якіх вядуцца экспэрыменты за мяжой".

Замежныя выкладчыкі будуць чытаць у Беларусі лекцыі па такіх спэцыяльнасьцях, як фізыка (ядзерныя фізыка і тэхналёгіі), радыяцыйная хімія, радыяхімія, электронныя сыстэмы кантролю і кіраваньня на атамных электрастанцыях, паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый, будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый, ядзерная і радыяцыйная бясьпека.

Падрыхтоўка спэцыялістаў для ядзернай энэргетыкі ў Беларусі вядзецца ў чатырох ВНУ: Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце, Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і Міжнародным дзяржаўным экалягічным унівэрсытэце імя А.Д.Сахарава. Першы набор на гэтыя спэцыяльнасьці праводзіўся ў 2008 годзе (220 студэнтаў), у 2009 годзе да іх далучыліся яшчэ 220 першакурсьнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG