Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алергія ў дзяцей: праблема, што паддаецца дзейснаму лячэньню


Устойлівы катар, сьверб уваччу і пэрыядычны кашаль – гэтыя сымптомы могуць сьведчыць, што ў вашага дзіцяці алергія. З алергічнымі праявамі сутыкаецца ўсё болей дзяцей.


Паводле амэрыканскай статыстыкі, да 40 працэнтаў зь іх цярпяць ад алергічных рынітаў. У чарговай мэдычнай публікацыі газэта “The New York Times” піша, як эфэктыўна змагацца зь дзіцячаю алергіяй.

Алергія – зусім не малазначны клопат. Ня лечаная, яна можа перарасьці ў астму. Вылячэньне алергіі вымагае нярэдка шматбаковага і даволі дарагога падыходу. Што трэба, каб вашае дзіця як найхутчэй пазбавілася алергіі?

Найперш – ЗНАЙСЬЦІ ПАТРЭБНАГА ДОКТАРА. З сымптомамі алергіі, асабліва калі яны нявострыя, дасьць рады звычайны пэдыятар або сямейны доктар: выпіша належныя прэпараты, якія нармалізуюць стан дзіцяці. Але ў сытуацыі, калі сымптомы памацняюцца, варта зьвярнуцца да алерголяга. Спэцыяліст правядзе скурныя пробы, каб дакладна вызначыць, на што ў вашага дзіцяці алергічная рэакцыя.

Далей неабходна ЎСТАРАНІЦЬ ПЕРШАПРЫЧЫНУ. Ведаючы, што канкрэтна вядзе да алергічных сымптомаў у вашых сына ці дачкі, вы можаце прадухіліць алергічную рэакцыю. Перасяліце, напрыклад, дзіця з запоўненых дыванамі і мяккай мэбляю пакояў, то бо з памяшканьняў, якія цяжка або нават немагчыма вычысьціць ад пылу.

Калі доктар цьвердзіць, што прычынаю праблемаў пылавыя кляшчы, вызваліце спачывальню ад фіранак, плюшавых цацак, мяккай мэблі і нават дывана. Як мага часьцей мыйце бялізну. Выцірайце пыл вільготнай анучкаю або электрастатычнаю шчоткай. Старайцеся менавіта сабраць пыл, а не разагнаць яго навокал.

Абмяжуйце кантакты дзіцяці з катамі і сабакамі – у тым разе, калі алергічную рэакцыю выклікае менавіта поўсьць жывёлін. Памятайце, што прычынаю алергіі могуць быць яшчэ й прусакі з мышамі. І, нарэшце, не забывайцеся зачыняць вокны ў пару алергічнага абвастрэньня.

РАЗГЛЕДЗЬЦЕ МАГЧЫМАСЬЦЬ ІМУНАТЭРАПІІ.
Нават пасьля таго, як вы паспрабуеце ўстараніць першапрычыну алергіі ў вашага дзіцяці, ён ці яна могуць па-ранейшаму мець праблемы. У такой сытуацыі варта падумаць пра іньекцыі.

Зь іх дапамогаю можна дабрацца да каранёў хваробы і вылечыць алергію цалкам. На імунатэрапію, праўда, спатрэбіцца час. Новае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваў у лютым амэрыканскі часопіс “Annals of Allergy, Asthma and Immunology”, пацьвердзіла, што на вылячэньне імунатэрапіяй ад сымптомаў алергіі патрэбна ня менш як 18 месяцаў.

І яшчэ адна парада – ПАЗЬБЯГАЙЦЕ ЛІШНЯГА. На рынку нямала рэчаў і прыладаў, прызначаных тым, хто цярпіць ад алергіі. Фільтры, зьвільгатняльнікі і асушальнікі паветра, чахлы на матрац і падушку, спэцыяльныя засьцерагальныя маскі... Спэцыялісты сыходзяцца ў думцы, што прынамсі частка з гэтых рэчаў і прыладаў малаэфэктыўная, і раяць проста выключыць кантакт з узбуджальнікамі алергіі і падумаць пра імунатэрапію.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG