Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падвышэньне тэмпэратуры паветра прынесла з сабой падтапленьні жылых і гаспадарчых пабудоваў у некаторых мясцовасьцях Беларусі. Церпяць перадусім там, дзе ўзровень назапашанага сьнегу дасягнуў крытычнага ўзроўню і вадзе папросту няма куды падзецца. Пры гэтым, як сьцьвярджаюць у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў (МНС), пагрозы сур’ёзнага затапленьня тэрыторый у выніку разьліву рэк пакуль няма.


Першымі блізкасьць вады адчулі жыхары Ашмянаў і вёскі Новы Сьвержань на Стаўпцоўшчыне. У выніку хуткага раставаньня сьнегу на 1,5 мэтра ўзьняўся ўзровень ракі Ашмянка, што стала прычынай да падтапленьня некалькіх прыватных пабудоваў – падворкі схаваліся пад мэтровай вадой, жыхары эвакуяваныя. У Стаўпцоўскім раёне свой нораў паказала невялікая рэчка Жацераўка, падтопленыя прыватныя і гаспадарчыя пабудовы.

Гаспадарка спадара Мікалая з-пад Маладэчна плавае па калена ў вадзе. Ён кажа, што ў папярэднія гады нічога падобнага не адбывалася – праўда, і столькі сьнегу ўжо даўно на ягонай памяці не было. Але лічыць, што ратавальнікам трэба больш уважліва паставіцца не да чаканьня глябальнай паводкі, а якраз да лякальных праблемаў асобных людзей:

“Як толькі такое здараецца ў Магілёўскай вобласьці ці на Палесьсі, то аўтаматычна гэта няшчасны выпадак, паводка. А ў нас гэта ня лічыцца форс-мажорам, як быццам усё нармальна. Куды не зьвяртаўся – усё так і трэба. Ад хлява ваду спрабаваў спускаць, але нічога не атрымліваецца. Ужо дошак у хляве насьцяліў да парога, бо калі б не насьціл, то карова па бруха ў вадзе стаяла б. На ўсялякі выпадак насьцяліў з запасам, каб яна больш-менш на сухім была. Але карова як ляжа, то ўсё роўна і цяпер прамакае, грунтовыя воды яшчэ не апускаюцца. Сьвіней увогуле прадалі, бо сьцяліў-сьцяліў, а толку ніякага. Падмурак з аднаго боку прасеў. Ды што пра хлеў казаць, калі нават у хаце падмурак прасядае! Я ўжо бугор насыпаў, каб хоць неяк ваду стрымаць. Але вада паўсюль”.

Прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі гаворыць, што праблему падтапленьня трэба разглядаць у двух ракурсах – у выніку падвышэньня ўзроўню рэкаў і ад раставаньня сьнегу на канкрэтных участках:

“Мы разьдзяляем пытаньне: ёсьць падтапленьне расталымі водамі, калі проста растае сьнег і вада нікуды не зыходзіць. А ёсьць сытуацыя, зьвязаная менавіта з разьлівам рэкаў, з паводкай і г.д. Дык вось сытуацыя з паводкай – гэта пакуль усё, што было з трыма дамамі на рацэ Ашмянка. І тое там вада ўжо адышла. А што тычыцца астатняй сытуацыі? Лічба, канечне, значная – ужо 150 падтопленых дамоў, 270 падворкаў, але часьцей за ўсё гэта лякальныя праявы, па некалькі дамоў у адным пункце. І гэтая расталая вада, якая ці ўжо сышла на гэты момант, ці сыдзе ў бліжэйшы час. Такой сытуацыі, што нейкі рэгіён накрыла разьліваная Прыпяць, пакуль няма. Усе буйныя рэкі не ўяўляюць на сёньняшні дзень вялікай небясьпекі. Але натуральна, што сытуацыя будзе вельмі моцна залежаць ад надвор’я”.

Як кажуць гідролягі, найбольш істотна падвышаецца ўзровень вады ў Заходняй Дзьвіне. У раёне Верхнядзьвінску рост узроўню перавысіў за суткі 1 мэтар, у Дзісьне – 2,5 мэтры. Аднак Віталь Навіцкі лічыць, што быць пільнымі трэба перадусім жыхарам Палесься:

“Для нас большую небясьпеку ўяўляе Прыпяць, якая да нас цячэ з Украіны. Найперш Прыпяць і яе правабярэжныя прытокі. З Расеі праблема не такога кшталту, за выключэньнем Заходняй Дзьвіны і прытокаў. Ёсьць, канечне, пытаньні, але не самыя страшныя. Куды больш небясьпечная Прыпяць з прытокамі. А ўвогуле шэсьць зонаў мы вызначылі, у якіх найбольш верагодныя падтапленьні. Адна зь іх – Верхнядзьвінская, якраз на Заходняй Дзьвіне. Але самая вялікая па плошчы зона, якая ахоплівае пяць раёнаў,– гэта Палеская. Якраз Прыпяць і яе прытокі”.

Паводле прадстаўніка МНС, у шэрагу выпадкаў гаспадары затопленых падворкаў могуць вінаваціць у тым ліку і саміх сябе. Маўляў, трэба было загадзя паклапаціцца пра тое, каб пазбавіцца ад небясьпечнай колькасьці сьнегу, саскладаванага на абмежаванай тэрыторыі.

Сыноптыкі абнадзейваюць, што бліжэйшымі днямі тэмпэратура панізіцца і тэмпы раставаньня сьнегу замарудзяцца. А гэта дасьць лішнюю перадышку ў супрацьстаяньні са стыхіяй. Тым ня меней гідролягі папярэджваюць: паводкавая сытуацыя ў раёне Заходняй Дзьвіны, Дняпра, Прыпяці сёлета можа быць куды больш сур’ёзнай, чым у папярэднія, ня надта сьнежныя зімы.
XS
SM
MD
LG