Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі: “Чакаю мільённых продажаў і ўсенароднага прызнаньня!”


23 сакавіка ў Купалаўскім тэатры адбудзецца прэзэнтацыя новага і праекту Лявона Вольскага “Белая яблыня грому” — гэта складанка песьняў на вершы беларускіх паэтаў.

Карэспандэнт: “Спадар Лявон, колькі песень у альбоме і якія яны?”

Лявон Вольскі:
“У альбоме дванаццаць песьняў. Яны пра жыцьцё, пра жыцьцёвыя праявы, пра нашае існаваньне на гэтай зямлі, пра каханьне, пра сьмерць, пра пачуцьці чалавечыя. Там ёсьць і з надрывам песьні, ёсьць і лірычныя. Карацей, песьні розныя”.

Карэспандэнт:
“Як узьнікла ідэя запісаць такі альбом?”

Вольскі: “Я даўно з гэтай ідэяй насіўся, і ўсё не было часу ажыцьцявіць яе. А зараз усё так супала, час знайшоўся, знайшліся музыкі, якія дапамаглі мне. Мы неяк з жонкай гадоў 5—6 таму набылі выпадкова зборнік Багушэвіча. Дома не было, дарэчы. Прачытаўшы творы, мы зразумелі, што шмат твораў пасуе для гангста-рэпу. Напрыклад, верш “У судзе”. Наагул, зрываньне ўсіх масак, такая раз’юшанасьць імпанавала. Тым больш што ён не пісаў ямбам і харэем, а карыстаўся вольным паэтычным складам — для рэпу гэта вельмі пасуе. Потым я пачаў шукаць і зноў перачытваць вершы, і вырашыў, што гэта ўсё вельмі будзе сучасна гучаць. Прынамсі, Панчанка выдатна гучыць, тэкст абсалютна прыдатны да цяперашняга моманту, да нашай рэчаіснасьці”.

Карэспандэнт: “У чым адметнасьць альбому?”

Вольскі:
“У тым, што няма ніводнага майго тэксту, усе песьні на вершы клясычных беларускіх паэтаў. Адзін хіт — гэта песьня з Сашам Памідоравым, які напісаўся 5—6 гадоў таму. Да гэтага ў мяне не было досьведу працы не са сваімі тэкстамі, толькі калі рыхтавалі альбом на тэксты Караткевіча, які таксама, дарэчы, магчыма, выйдзе. Мне спадабалася. Таму што дасканалыя вершы, як ні дзіўна гэта гучыць для цяперашняга беларускага вуха, калі ніхто ўжо ня памятае ані Панчанкі, ані Куляшова. А толькі “цьвёрда трымаўся юнак на дапросе”, і ўсё, здаецца…”

Карэспандэнт: “Мэта альбому — адукацыйная?”

Вольскі: “Ведаеце, нудна ставіць перад сабой адукацыйную мэту. Мне прыемна гэта было рабіць, і маім супрацоўнікам таксама. Мы выкарыстоўвалі абсалютна розныя музычныя стылі: і рэп, і мэтал, і сынт-рок. Ёсьць нешта набліжанае да поп-музыкі, але такой прасунутай, лаўнж, можа — Куляшоў атрымаўся. Адукацыйная мэта — безумоўна прысутнічае, калі пачнуць слухаць маладыя людзі, якія не чытаюць і ня вучаць гэтыя вершы ў школе, таму што гэта непапулярна зараз, дзякуючы намаганьням”.

Карэспандэнт:
“Ці будуць нейкія нечаканасьці на канцэрце?”

Вольскі: “На канцэрце будзе другая палова суцэльнай нечаканасьці. Першай паловай, да антракту, мы прэзэнтуем праект, які сам па сабе нечаканасьць, таму што песьні непадобныя адна да адной. Нават піяр-мэнэджэры ня ведаюць, пад якім соўсам гэта падаваць, няма аднаго стылю ў альбома. Вершы розныя — розныя асацыяцыі, калі пісаў музыку. Таму там такі сур’ёзны палярны разброд, ад поп-панку праз мэтал. Напрыклад, рэпрэсаваныя паэты. Там такая выдатная лірыка. Калі б мы ня страцілі ў 37 годзе ўсю гэтую колькасьць літаратараў, у нас была б зусім іншая літаратура — больш эўрапейская. Выкарыстоўваць літаратуру — вельмі добрая ідэя, насамрэч. Ёсьць жа і сучасныя паэты, таксама можна скарыстаць”.

Карэспандэнт: “Чаму канцэрт адбудзецца ў тэатры?”

Вольскі: “Пачнем з тэатру, гэтая пляцоўка, мне падаецца, больш падыходзіць. Тэатар Купалаўскі — ёсьць песьні на вершы Купалы. Будзе праводзіцца рэканструкцыя купалаўскага тэатру, як ён выглядаў да перабудовачнага выгляду. Я спадзяюся, што там захаваецца акустыка, таму што тут ужо запрашаюцца адмыслоўцы са Злучаных Штатаў. Ну вось мы і зробім на старой сцэне такую імпрэзу, думаю — усім будзе прыемна”.

Карэспандэнт: “Чаго вы чакаеце ад альбому і канцэрту?”

Вольскі: “Я чакаю мільённых продажаў, плятынавага дыску, поўных заляў Палаца спорту і ўсенароднага прызнаньня”.

Музыка Лявон Вольскі ў 1984 г. скончыў Менскую мастацкую вучэльню, падчас навучаньня ў якой у 1982 г. стаў адным з заснавальнікаў гурту “Мроя”. У 1994 г., пасьля некаторых зьменаў у складзе, ініцыяваў пераўвасабленьне “Мроі” ў групу “N.R.M.” (“Незалежная Рэспубліка Мроя”), у якой па-ранейшаму выступае як асноўны аўтар музыкі і тэкстаў песень. Паралельна (1990—1998 гг.) выступаў як выканаўца на клявішных у групе “Новае Неба”. У 1997 г. напісаў музыку і аранжыроўкі большасьці кампазыцый для сумеснага музычнага праекту “Народны альбом”, удзельнічаў у падрыхтоўцы, запісе і паказе сумесных музычных праектаў “Сьвяты вечар 2000” і “Я нарадзіўся тут” (2001).

У 2001 г. стаў ініцыятарам стварэньня групы “ZET”, на працягу 2002—2007 гг. распрацаваў і напісаў вялікую частку песень для праграмаў “Крамбамбуля”, “Крамбамбуля 11/2: Каралі раёну”, “Радыё Крамбамбуля 0,33 FM”, “Крамбамбуля сьвяточная”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG