Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха “паляўнічай” справы ці палітычная “зачыстка”?


Паляваньне на незалежныя СМІ : рэха “паляўнічай” справы ці палітычная “зачыстка”? Справа Аўтуховіча: першая ў Беларусі справа аб тэрарызме На далёкай Арынока: які плён сяброўства Лукашэнкі і Чавэса? Мясцовыя выбары: перадапошні этап ці ўжо ўсё зразумела?


Гэтыя тэмы – ў чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе Алена Ціхановіч. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Ян Максімюк.





Ціхановіч:
Незалежныя СМІ Беларусі – ізноў пад атакай. На гэтым тыдні ў сераду прайшлі ператрусы з канфіскацыяй ў рэдакцыі газэты “Народная воля” і ў офісе інтэрнэт-рэсурсу “Хартыя-97”. Рэдактар “Хартыі” Натальля Радзіна была зьбітая, па другім разе прайшоў ператрус у кватэры журналісткі “Народнай волі” Марыны Коктыш. Сэрыя ператрусаў на працягу тыдня прайшла ў палітыка, каардынатара грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Андрэя Саньнікава і ягонай жонкі, журналісткі Ірыны Халіп. Яшчэ раней быў праведзены ператрус з канфіскацыяй кампутарных носьбітаў інфармацыі ў шэф-рэдактаркі “Народнай волі” Сьвятланы Калінкінай.
Вось што распавяла нашай праграме рэдактарка сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна.


Радзіна
: Напад на офіс Хартыі пачаўся ўчора ў 3 гадзіны дня, калі я падыходзіла да дзьвярэй кватэры, якую здымаю. З верхніх паверхаў зьбеглі супрацоўнікі міліцыі ў штацкім накінуліся на мяне, я пасьпела зачыніць дзьверы. Я стала крычаць, хто яны, пакажыце дакумэнты, яны сталі мяне зьбіваць, нанесьлі ўдары па твары, у вока. Вынік вы бачыце. Толькі пасьля гэтага яны паказалі пастанову, падпісаную Гомельскім пракурорам Валянцінам Шаевым пра вобшук офіса Хартыі на прадмет пошуку інфармацыі, якая ўтрымлівае паклёп на былога начальніка КДБ Гомельскай вобласьці Івана Каржа. Натуральна, я заявіла, што ніякіх матэрыялаў на гэты конт мы не пісалі і не зьбіраемся. Гэта ніяк не паўплывала, былі адразу забраныя 8 сыстэмных блёкаў, то бок усе. Было гэта з парушэньнямі, яны не запісвалі сэрыйныя нумары, не ўключалі ў пратакол, проста упакавалі іх у мяшкі з-пад сьмецьця і зьвезьлі. Да таго ж супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, не выпускалі журналістаў і мяне з офісу, не пушчалі журналістаў, якія прыехалі нас падтрымаць і асьвятляць падзеі. Былі некалькі чалавек у чорных масках з прарэхамі для вачэй незразумела якіх спэцслужбаў, якія выкідвалі вітаньні “Хайль Гітлер!” на пытаньне: хто вы такія. Усё было даволі брутальна. І зьвязваю я гэта ўсё з тым, што напярэдадні на нашым сайце было апублікаванае інтэрвію Андрэя Саньнікава, які абвясьціў свой намер ісьці ў прэзыдэнты Беларусі, а па другое, гэта канешне ціск на свабоду слова і інтэрнэт у нашай краіне.

Ціхановіч: Што азначае гэтае, прыгадваючы назву аповесьці Караткевіча, “дзікае паляваньне”? Ці гэта, як мяркуюць некаторыя, рэха “паляўнічай справы” гомельскіх міліцыянтаў? Пра гэтую справу ў свой час шмат пісалі незалежныя выданьні. Былы кіраўнік КДБ Гомельскай вобласьці Іван Корж палічыў гэтыя публікацыі паклёпам і цяперашнія ператрусы адбываюцца фармальна ў межах гэтай справы. Вось і Натальля Радзіна, і жонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп мяркуюць, што прычынай стала заява Андрэя Саньнікава пра намер вылучыць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 году.
Юры, а як вы мяркуеце, ў чым прычына гэтай атакі на незалежныя мэдыі?

Дракахруст:
Я згодны з меркаваньнем, што прычына – ў набліжэньні прэзыдэнцкай кампаніі. Ня тое, што ўлада так ужо перасьцерагаецца нейкага канкрэтнага апазыцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, рэпрэсіі супраць журналістаў пачаліся да заявы Саньнікава пра ўдзел у выбарах і закранулі ня толькі яго і ягоных аднадумцаў. Проста перад выбарамі ўвесь уладны апарат аўтаматычна прымае баявую стойку і пачынае душыць любую крамолу незалежна ад ступені яе небясьпечнасьці. Да таго ж, мне падаецца, што цяперашнія рэпрэсіі – ў тым жа рэчышчы, што і нядаўні ціск на Саюз палякаў – гэта дэманстрацыя Захаду, што афіцыйны Менск хоча зьмены ўмоваў дыялёгу і ня хоча абцяжарваць сябе неабходнасьці рабіць нават муляж лібэралізацыі.

Я нагадаю, што літаральна такая ж маштабная зачыстка адбывалася ў сакавіку 2008 году, пасьля вызваленьня першай партыі палітвязьняў. Тады гэта было часткай гандлю з Эўропай – і вызваленьні, і рэпрэсіі. Магчыма, і зараз гэтак жа, Менск палічыў, што атрымаў мала і дэманструе свае незадавальненьне.

Ну а нагода і сапраўды можа быць любой: тады, ў сакавіку 2008 была справа аб мульціках пра Лукашэнку, зараз пакрыўджаны гонар генэрала КДБ Івана Каржа. Гэта , выглядае, ўсё ж нагода, а не прычына.

Ціхановіч: А вось меркаваньне на гэты конт Андрэя Саньнікава

Саньнікаў:
Зразумела, што гэта ніякае не дасьледаваньне справы Каржа, крымінальнай справы. Гэта спроба зьнішчыць незалежныя мэдыі, ціск на журналістаў – гэта зараз відавочна, гэтая справа па запыце гомельскай пракуратуры, тут працуе сталічная міліцыя і КДБ. І ўсё гэта, я думаю, увогуле адбываецца пад кіраўніцтвам КДБ. Зараз відавочна, што гэта не крымінальная справа, што гэта быў проста штуршок, каб пачаць сапраўднае паляваньне на журналістаў, каб зачыніць найбольш цікавыя папулярныя апазыцыйныя мэдыі. Ну а што яшчэ рабіць, калі крызіс, калі няма нічога, калі жыцьцё пагаршаецца, калі крэдыты, якія павінны палепшыць ці пайсьці на рэфармаваньне эканомікі, ідуць на падтрыманьне вось гэтай сыстэмы. А журналісты, паліткі і апазыцыя кажуць праўду. А дэмакраты кажуць, што мы павінны зьмяніць сытуацыю. Іх гэта палохае. Да таго ж мы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.



Ціхановіч: Яшчэ адна падзея, якая ўпісваецца ў гэтую агульную тэндэнцыю “замаразкаў” – працэс над Мікалаем Аўтуховічам і яго калегамі. Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі выстаўленае абвінавачваньне ў падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту. Варта, нагадаць, што сам Аўтуховіч трымаў працяглую галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачваньня і патрабуючы хуткага судовага разьбіральніцтва. Сьледзтва цягнулася больш за год, мяняўся зьмест абвінавачваньняў і вось нарэшце працэс пачаўся.За яго хадой сачыў наш калега карэспандэнт Свабоды Алег Грузьдзіловіч.

Грузьдзіловіч:
Матэрыялы гэтай справы фактычна былі засакрэчаныя. І толькі зараз, калі выступіў дзяржаўны абвінаваўца, мы пачулі, што ж інкрымінуецца Аўтуховічу, Асіпенку, Казлову, Ларыну. З таго, што я пачуў, я раблю выснову, што гэта ці пэўная палітычная замова ці нейкая помста пэўным людзям за іх нейкую дзейнасьць. Бо абвінаваўчае заключэньне фактычна грунтуецца на паказаньнях толькі аднаго чалавека. Я не пачуў там нейкіх пэўных доказаў таго, што Аўтуховіч рабіў там нейкі замах, таго што Асіпенка яму ў гэтым дапамагаў. Пра замах, пра падрыхтоўку да гэтых дзеяньняў кажа адзін чалавек – Аляксандар Ларын. Асоба гэтага чалавека вельмі сумнеўная. Раней ён працаваў у фірме Аўтуховіча. Магчыма, ён мае асабістыя падставы неяк ставіцца да Аўтуховіча. Тое, што ён кажа, бяздоказна. І пакуль мы не пачулі ў матэрыялах справы пэўных доказаў віны менавіта Аўтуховіча. Усё заснавана на паказаньнях аднаго чалавека. Сумненьні ўзьнікаюць вялікія.

Ціхановіч: Нельга сказаць, каб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі заставаліся па-за ўвагай міжнароднай грамадзкасьці. На мінулым тыдні была абнародаваная штогадовая справаздача дзярждэпартамэнту ЗША аб стане правоў чалавека ў сьвеце. На падставе падрабязнага пераліку шматлікіх фактаў у ёй даюцца надзвычай жорсткія вызначэньні беларускай сытуацыі. Ян, ці не маглі б вы пералічыць галоўныя высновы гэтага дакумэнту?

Максімюк:
Тая частка справаздачы Дзярждэпартамэнту, якая датычыць Беларусі, з году ў год нязьменна вельмі аб’ёмістая. Па пераважнай большасьці парамэтраў, якія Вашынгтон манітаруе на прадмет захаваньня правоў чалавека, Беларусь зьяўляецца парушальніцай. Справаздача даволі падрабязна прыводзіць сьпіс парушэньняў правоў чалавека, апісваючы канкрэтныя сытуацыі і падаючы канкрэтныя прозьвішчы. Я тут згадаю толькі катэгорыі парушэньняў правоў чалавека, адзначаныя ў справаздачы, не ўваходзячы ў дэталі, якія мы ня раз асьвятлялі ў перадачах Радыё Свабода за мінулы год.

Паводле Дзярждэпартамэнту ЗША, беларускія ўлады дапусьцілі, між іншым, наступныя парушэньні правоў чалавека:

выкраданьне апазыцыйных актывістаў агентамі спэцслужбаў у цывільным і вываз іх па-за Менск;
разгоны і зьбіцьці дэманстрантаў на Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых 16 лютага і 16 ліпеня ды разгон дэманстрацыі супраць расейска-беларускіх вайсковых манэўраў 9 верасьня;
затрыманьні і арышты без захаваньня законнай працэдуры, уключна з арыштамі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі;
парушэньні працэсуальнай працэдуры, уключна з вынясеньнем пакараньняў in absentia;
праслухоўваньне тэлефонных размоваў актывістаў апазыцыі;
выкарыстоўваньне адбываньня абавязковай вайсковай службы як меры стрыманьня супраць апазыцыянэраў;
судовы перасьлед асобаў, якія адмаўляюцца служыць у арміі па рэлігійных або сьветапоглядных прычынах і дамагаюцца альтэрнатыўнай службы;
адмову распаўсюду незалежных пэрыядычных выданьняў празь дзяржаўную сетку кіёскаў Белсаюздруку і падпіску празь Белпошту;
адмову рэгістрацыі незалежных выданьняў;
адлічэньні студэнтаў за грамадзка-палітычную актыўнасьць;
абмежаваньне свабоды сходаў і згуртаваньня;
дыскрымінацыю людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай;
абмежаваньне свабоды рэлігійнага жыцьця для "нетрадыцыйных" веравызнаньняў;
дыскрымінацыю актывістаў незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі;
дыскрымінацыю незалежнага прафсаюзнага руху.



Ціхановіч: Андрэй Саньнікаў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі заклікаў Эўразьвяз цалкам перагледзіць палітыку адносна Беларусі і вярнуцца да жорсткага ціску і санкцыяў. Юры, як Вы думаеце, ці прыслухаецца Эўразьвяз да кандыдата ў прэзыдэнты?

Дракахруст: Я думаю, што па вялікім рахунку не. Лукашэнку ў чарговы раз патлумачаць, якія магчымасьці ён губляе сваёй рэпрэсіўнай палітыкай, могуць скараціць некаторыя пернікі, які былі абяцаныя. Нармалізацыю ў крайнім выпадку могуць проста замарозіць на цяперашнім, насамрэч даволі нізкім узроўні. І справа тут ня ў тым, што людзі ў Эўропе не разумеюць, якая сытуацыя ў Беларусі, ня бачаць тых парушэньняў правоў чалавека, якія там адбываюцца. Усё пытаньне ў тым, якая палітыка можа палепшыць сытуацыю. Калі б беларуская ўлада сапраўды была на апошнім здыханьні, ў агоніі, калі б ўзьнімалася магутная хваля народнага незадавальненьня, магчыма і сапраўды Захад мог бы весьці больш жорсткую палітыку. Але ня заўважаючы той хвалі, вядзе іншую. З улікам розных чыньнікаў.

Вось на гэтым жа тыдні прэм’ер Расеі Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы з беларускім калегам Сяргеем Сідорскім, сказаў дзіўную рэч: “Непрызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі можа мець адзін станоўчы эфэкт – нармалізацыю стасункаў Беларусі з Захадам”. Мне здаецца, гэта такі сарказм, сьцёб. Масква ўважліва сочыць за пагаршэньнем адносінаў афіцыйнага Менску з Эўропай і словы Пуціна можна прачытаць і так, што, маўляў, і надта дала вам, Аляксандар Рыгоравіч, тая нармалізацыя? Шмат атрымалі за здраду Расеі? І нікуды вы ад нас не падзенецеся. І гэтую ролю Расеі Захад таксама вымушаны ўлічваць.

Ціхановіч: Ян, а на ваш погляд якія наступствы ў краіне і за яе межамі будзе мець цяперашняя хваля рэпрэсіяў супраць беларускіх незалежных СМІ?

Максімюк:
Я быў бы моцна зьдзіўлены, калі б у гэтай сытуацыі Эўразьвяз рабіў яшчэ далейшыя крокі насустрач афіцыйнаму Менску або ішоў на нейкія ўступкі. Як думаю, адносіны паміж Менскам і Брусэлем застануцца замарожаныя на цяперашнім вельмі хілым узроўні да часу, пакуль у Беларусі ня пройдзе чарговая прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Наўрад ці Брусэль, які апошнім часам завагаўся наконт рашэньня, каго запрашаць у асамблею Ўсходняга партнэрства Эўранэст — прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва ці Палаты прадстаўнікоў РБ — пасьля гэтай хвалі рэпрэсій супраць журналістаў прыме рашэньне на карысьць афіцыйнага Менску.

Ціхановіч: На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка наведаў Вэнэсуэлу. Быў урачысты прыём, абдымкі і пацалункі з новымі братамі, заявы пра супрацьстаяньне супольным непрыяцелям. Выступаючы ў Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы, прэзыдэнт Беларусі падкрэсьліў, што ўрад Уга Чавэса зь беларускай дапамогай можа ўмацаваць свае ўзброеныя сілы, каб не турбавацца адносна вонкавай пагрозы і што Беларусь гатовая да абмену досьведам “па стварэньні комплекснай сыстэмы абароны”. “Разам мы можам супрацьстаяць пагрозе”, - адзначыў Лукашэнка. Чавэс, у сваю чаргу, сказаў, што зацікаўлены набыць ў Беларусі радыёлякацыйныя і зэнітна-ракетныя комплексы, умацаваць нацыянальную паветраную абарону і супрацьстаяць пагрозе з боку галоўнага праціўніка Вэнэсуэлы - ЗША. Але хіба не галоўнай сэнсацыяй візыту стала заява пра тое, што з траўня гэтага году Вэнэсуэла будзе пастаўляць у Беларусь больш за 4 мільёны тон нафты, якую Беларусь будзе перапрацоўваць і прадаваць у Эўропу.
Што гэта азначае? Сапраўды шлях да ўмацаваньня энэргетычнай незалежнасьці Беларусі, эканамічная ўтопія ці проста палітычны блеф? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да эканаміста, дырэктара Цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука.

Раманчук:
Расейская нафта для Беларусі была і застаецца найтаньнейшай, пад расейскую нафту зроблены нафтаперапрацоўчы камбінат у Беларусі. Расейскія нафтагіганты і кампаніі добра ведаюць гэты рынак і працуюць на ім вельмі-вельмі даўно. Таму альтэрнатывы расейскай нафце ў Беларусі няма. Тыя спробы, якія сёньня мы бачым з Вэнэсуэлай, Іранам, Азэрбайджанам – гэта ўсё блеф. А з Вэнэсуэлай гэта наогул дзіўная сытуацыя, таму што да Вэнэсуэлы 5-6 а мо і болей тысяч кілямэтраў, трэба даехаць, трэба давезьці яе да Балтыкі, пасьля нейкім чынам пампаваць у МПЗ, потым гэту нафту дастасаваць да тае тэхналёгіі, якая ёсьць у Беларусі. Такім чынам, я ня думаю, што спадар Чавэс зрабіў Лукашэнку падарунак, прадаўшы яму нафту 20-30 даляраў за барэль. Гэта, безумоўна, будзе цана сусьветнага рынку. І замест таго, каб шукаць рэзэрвы ў камэрцыялізацыі гэтага рынку, заместа таго каб проста зрабіць прыватызацыю прынамсі аднаго нафтаперапрацоўчага завода, Лукашэнка, па сутнасьці, робіць вельмі дрэнную гульню, таму што расейцы вельмі добра ведаюць, што гэта беспэрспэктыўна. А з другога боку камэрцыйныя кантакты Расеі з Чавэсам значна большыя і прывабнейшыя. Няма такой тэмы, якую б прапанаваў Лукашэнка, і якую б не перабілі рускія. Таму я думаю, што ўсё гэта блеф, што гэта ўсё сьведчыць, што спадар Лукашэнка разгублены, ён ня ведае, што рабіць і са злосьці паехаў у Вэнэсуэлу.

Бартэрныя схемы ніколі не былі эфэктыўныя для краіны, але могуць быць выгаднымі для канкрэтных чыноўнікаў, таму што там адыгрывае ролю розьніца цэнаў. І калі Вэнэсуэла будзе атрымліваць трактар за 5 тысяч даляраў, а чыноўнікі, якія будуць гэтыя схемы распрацоўваць, атрымаюць яшчэ 5 у свае кішэні, то для іх гэта вельмі добрая схема, але для Беларусі ў цэлым ёсьць сусьветныя цэны на кожны тавар і на нафту, і трэба гэта ўзяць за аксіёму. І трэба працаваць згодна з гэтай аксіёмай, калі мы хочам пабудаваць незалежную дзяржаву. А спробы шукаць нейкую лафу альбо халяву ва ўсім сьвеце – гэта проста з галечы, перш за ўсё.

Ціхановіч: Ян, Юры, а на ваш погляд, які плён, можа прынесьці супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай Беларусі і беларускай уладзе?

Максімюк: Калі глядзець на эканамічныя вынікі супрацоўніцтва абедзьвюх краінаў, яны будуць даволі мізэрнымі. Возьмем пастаўку беларускіх трактароў. Усё-ткі транспарт менскіх трактароў у Вэнэсуэлу ўляціць у немалую капейку, а таму заробак на іх, калі і будзе, ня будзе і ў палове такі, чым калі б гэтыя трактары прадаваць у Польшчу або Літву. Гэта адно.

Цяпер наконт паставак вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Вось наша радыё ўзяло інтэрвію ў вэнэсуэльскага экспэрта, аднаго з былых дырэктараў дзяржаўнай нафтавай кампаніі Вэнэсуэлы. Ён упэўнены, што фізычна вэнэсуэльская нафта, абяцаная Лукашэнку Чавэсам, ня трапіць у Беларусь. Калі гэты абяцаны аб’ём нафты і трапіць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, дык будзе гэта расейская нафта. Інакш кажучы, у гэтай гандлёвай нафтавай схеме, паводле вэнэсуэльскага экспэрта, будзе і трэці бок — хутчэй за ўсё, Расея. Значыць, лёс і канчатковыя вынікі гэтай зьдзелкі паміж Лукашэнкам і Чавэсам будуць ўсё ж залежаць ад Крамля. І нават калі Чавэс дасьць гэтую нафту Лукашэнку задарма, дык Масква адваліць сабе ладную суму за пасярэдніцтва ў зьдзелцы.

Безумоўна, для абодвух прэзыдэнтаў будзе немалы прапагандысцкі плён ад гэтай зьдзелкі. Абодва прэзыдэнты кіруюць краінамі, у якіх выбаршчыкі прызвычаеныя да сытуацыі, што ў краіне ўсё кантралюецца адным чалавекам. Значыць, і гандаль нафтай ці трактарамі. Таму як Чавэс, так і Лукашэнка парупяцца выціснуць зь беларуска-вэнэсуэльскіх гандлёвых кантактаў максымум прапагандысцкай выгады для сябе. Ім гэта вельмі патрэбна, бо абодва зьяўляюцца ізгоямі ў міжнароднай палітыцы.


Дракахруст: Нафтавыя схемы сапраўды выглядаюць тут даволі ўтапічнымі. Але вэнэсуэльская нафта як такая, магчымасьць яе дастаўкі патрэбная Беларусі хіба для дэманстрацыі Расеі, што ў гіпатэтычным самым горшым выпадку вытрымаем і бяз вас. Калі ж выпадак ня самы горшы, скажам, як зараз, калі Расея бязмытна цалкам забясьпечвае ўсе ўнутраныя патрэбы Беларусі, то ўся нафта звыш – адно для зарабленьня грошай. Дык якая розьніца Менску – ці дасьць брат Уга танную нафту, каб везьці яе праз акіян, перапрацоўваць у Мазыры і прадаваць у Эўропу, ці дасьць магчымасьць прадаць нафту ў ЗША ці банальна дасьць грошай. Апошняе, здаецца, значна прасьцей і хутчэй. Штосьці дасьць у адказ і Беларусь – Лукашэнка ў Каракасе недвухсэнсоўна казаў пра ваеннае супрацоўніцтва, пра пастаўкі высокатэхналягічнага ваеннага абсталяваньня. Але так выглядае, што, акрамя такіх карысных рэчаў, новым заакіянскім братам прапануецца тое ж, што ўжо апрабавана на блізкіх ўсходніх братах – “пацалункі ў абмен на нафту”. Хочацца Чавэсу адчуваць сябе правадыром сьвету, прыгнечанага амэрыканскім імпэрыялізмам – не пытаньне, чаму б не падыграць. Але не за так, зразумела.



Ціхановіч: Тым часам выбарчая кампанія ўступіла ў чарговы этап. Былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі – тыя, хто практычна будуць лічыць галасы. Ці не лічыць...як атрымаецца. Апазыцыя надавала вялікую ўвагу гэтаму этапу, памятаючы сталінскую формулу: “Няважна як галасуюць, важна як лічаць”. Некаторыя партыі заяўлялі, што менавіта ад таго, як апазыцыя будзе прадстаўленая ва ўчастковых камісіях, будзе залежыць, ці будуць яны працягваць удзел у выбарчай кампаніі.На прыкладна 70 тысяч месцаў ва ўчастковых выбарчых камісіях апазыцыйныя партыі вылучылі прыблізна паўтары тысячы сваіх прадстаўнікоў. Паводле дадзеных з выбарчых штабоў Аб’яднаных дэмакратычных сіл і Беларускага незалежніцкага блёку патрапілі ў камісіі толькі 150 апазыцыянэраў – 10% тых, каго вылучылі і дзьве дзесятых адсотка ад агульнай колькасьці сяброў камісій. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка на мінулых выбарах ва участковыя камісіі быў уключаны толькі адзін прадстаўнік апазыцыйных партый. “Пагадзіцеся, прагрэс вельмі вялікі” – сказаў спадар Лазавік. Юры, і сапраўды вялікі?

Дракахруст: Сьмешнае пытаньне. І відавочны адказ. Зразумела, што 150 чалавек з 70 тысяч – гэта кропля ў моры. Але заўважу, ніякага масавага народнага абурэньня гэтым нахабствам і гвалтам над сэнсам дэмакратыі не назіралася. Зараз ужо зразумела, што ўлады калі і прапусьцяць каго-небудзь з апазыцыянэраў у дэпутаты, то гэта будзе такім жа адвольным рашэньнем улады, які і рашэньне не прапусьціць. Народнае волевыяўленьне ня будзе і побач стаяць з такім рашэньнем. Ну а апазыцыя можа працягваць барацьбу, каб скарыстаць выбарчаю кампанію для палітычнай камунікацыі з народам. Можа ў спадзяваньні, што нейкія разьлікі ўладаў прынясуць мандаты некаторым апазыцыянэрам.

Можа і не ўдзельнічаць. Але калі нерэгістрацыя апазыцыйных кандыдатаў у сябры ўчастковых камісіяў ня выклікала ніякай выразнай рэакцыі народу, з чаго вынікае, што яе выкліча байкот?

Ціхановіч: Адначасна пачаўся этап рэгістрацыі кандыдатаў, які скончыцца за месяц да выбараў – 25 сакавіка. На прыкладна 21 тысячу дэпутацкіх мандатаў прэтэндуюць амаль 25 з паловай тысяч так бы мовіць “кандыдатаў у кандыдаты”. Пры гэтым у Менску на кожны мандат – прыкладна па 5 прэтэндэнтаў. А у іншых месцах канкурэнцыя значна меншая. Паводле старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай у шмат якіх акругах ужо зараз можна сказаць, што выбары будуць безальтэрнатыўнымі. Ад апазыцыйных партый здалі дакумэнты на рэгістрацыю каля 300 чалавек. Зараз апазыцыйныя лідэры, прынамсі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, кажуць, што рашэньне пра ўдзел альбо няўдзел у выбарах варта прыняць пасьля таго, як стануць вядомыя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Ян, ваш прагноз – якімі будуць гэтыя вынікі і якое рашэньне прымуць партыі?

Максімюк: Рызыкну сказаць, што татальнага байкоты гэтых выбараў апазыцыя не аб’явіць. Як думаю, улады парупяцца, каб на тых участках, дзе яны зарэгіструюць апазыцыйнага кандыдата, быў як мінімум адзін кандыдат ад улады, каб ніякім байкотам нельга было сарваць выбараў на ніводным участку. Гэта адна прычына. А другая прычына для неаб’яўляньня байкоту можа быць у тым, што ў мясцовых выбарах шмат хто з кандыдатаў ад незалежнага грамадзтва проста не паслухае такога закліку да байкоту і будзе балятавацца. Проста мясцовыя выбары маюць больш асабісты характар, чым партыйны, калі можна так сказаць. Кандыдат у іх больш разьлічвае на сябе самога, чым на партыю. Ну і трэцяя прычына — пра апазыцыю выбаршчыкі, як мне здаецца, настолькі забылі, што мясцовыя выбары зьяўляюцца адной зь нешматлікіх у Беларусі шанцаў, калі можна пра сябе нагадаць, і то ў рамках афіцыйнай палітычнай кампаніі.

Ціхановіч: Яшчэ адна цікавая падзея выбарчай кампаніі: заява вядомага блогера Яўгена Ліпковіча пра тое, што ён спыняе ў ёй удзел. Эпатажныя акцыі Ліпковіча ў блогасфэры і ў рэале прыцягнулі ўвагу многіх. У сваёй заяве аб спыненьні кампаніі блогер заявіў, што меў на мэце наагул праверыць уплыў блогасфэры на грамадзкае жыцьцё і пераканаўся, што ўплыў гэты мінімальны. Юры, а як вы ацэньваеце гэтую хуткацечную, але яркую кампанію, і ці згодны вы з высновай, якой Ліпковіч абгрунтаваў свой выхад з кампаніі?

Дракахруст: Кампанія сапраўды была даволі запамінальнай і па шырокім, нязвыклым для Беларусі выкарыстаньнем у ёй інтэрнэту, і цікавым вобразам блазна, які стварыў сабе Ліпковіч, ролі паміж уладай і традыцыйнай апазыцыяй. Магчыма, ён намацаў калі не рашэньне, то накірунак яго пошуку. Я мяркую, што многія ягоныя хады і знаходкі будуць выкарыстоўваць пазьней іншыя кандыдаты.

Што да высновы...ну па першае я ня выключаю, што сапраўдная прычына спыненьня кампаніі была іншая, і спасылаючыся на інтэрнэт, спадар Ліпковіч проста рабіў добрую міну пры кепскай гульні. Выснова цікавая і сама па сабе. Тут прыгадваецца, што у мінулым красавіку журналісты назвалі рэвалюцыяй twitera падзеі ў Малдове, падкрэсьліваючы ролю сацыяльных сетак і інтэрнэту ў мабілізацыі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту. Пра ролю гэтых сучасных сродкаў камунікацыі ў леташніх пратэстах у Іране таксама шмат пісалі.

Але што тут было першасным? Летась скажам інфармацыя пра эпідэмію “сьвінога грыпу”, у тым ліку і праз інтэрнэт камунікацыю, разьляталася па Беларусі з хуткасьцю ляснога пажару. А сёлета інфармацыя пра Яўгена Ліпковіча – з меншай хуткасьцю, скажам так. Дык можа справа не ва ўплыве інтэрнэту і сацыяльных сетак саміх па сабе?

Ціхановіч: Ян а як вы мяркуеце – наколькі ўплывовы байнэт?

Максімюк: Інтэрнэт, па-мойму, даволі ўплывовы, што тычыцца фармаваньня поглядаў сярод гэтак званых лідэраў грамадзкай думкі ў Беларусі. Але ён пакуль ня мае вялікага значэньня для палітычнай мабілізацыі электарату, ні апазыцыйнага, ні праўладнага. Тая асноўная частка электарату, якая фармуе сабе думку перад выбарамі і нешта на гэтых выбарах можа вырашаць, не карыстаецца Інтэрнэтам або ўвогуле, або ня лічыць Інтэрнэт сродкам, прыгодным для палітычных мэтаў.
XS
SM
MD
LG