Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На працэсе над Мікалаем Аўтуховічам і іншымі абвінавачанымі ў падрыхтоўцы тэракту ды ў іншых злачынствах скончыўся допыт Аляксандра Ларына і пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча.


Сёньня Аляксандру Ларыну задавалі апошнія пытаньні адвакаты і судзьдзя Аляксей Цяцюхін. Адвакат Тамара Сідарэнка зачытала паказаньні Ларына, дадзеныя падчас сьледзтва, 15 траўня 2009 году. Тады Ларын распавёў сьледчым, як разам з Аўтуховічам яны нібыта абмяркоўвалі варыянты дзеяньняў на выпадак арышту Аўтуховіча ў 2005 годзе. Нібыта было два варыянты: напад на канвой з мэтай вызваленьня Мікалая Аўтуховіча альбо замах на старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. “Чаму падчас допыту на працэсе вы згадалі толькі пра апошні варыянт — замах на Саўчанку?” — запытала адвакат у Аляксандра Ларына. Абвінавачаны адказваць адмовіўся. Увогуле на большасьць пытаньняў адносна разыходжаньняў у паказаньнях падчас сьледзтва і на працэсе Ларын адказваў, што ён “ня памятае” альбо “не жадае адказваць”.

Да перапынку на абед пачаўся допыт Мікалая Аўтуховіча. Пракурор Эльдар Сафараў спытаўся пра магчымасьць таго, што Ларын агаворвае Аўтуховіча: “Ці ёсьць, на вашу думку, для гэтага падставы?” Мікалай Аўтуховіч мяркуе, што такія падставы ёсьць. “Ён зрабіў непрыгожа і цяпер проста выкручваецца”, — сказаў Мікалай Аўтуховіч пра паводзіны Аляксандра Ларына ў судзе. Што дакладна зрабіў Ларын, Аўтуховіч паабяцаў распавесьці пазьней падчас выступу.

Уладзімера Асіпенку Мікалай Аўтуховіч назваў “выключна сумленным” чалавекам і сказаў, што яны разам змагаліся з парушэньнямі з боку некаторых чыноўнікаў падатковай інспэкцыі Ваўкавыску. Паводле Аўтуховіча, пра злоўжываньні мясцовых чыноўнікаў ён распавёў Міхаілу Казлову, які служыў у гарадзенскай міліцыі. Міхаіла Казлова Мікалай Аўтуховіч ахарактарызаваў вельмі станоўча.

Падрабязнасьці пазьней у эфіры і на сайце “Свабоды”

Нагадаем, працэс у Вярхоўным судзе пачаўся 10 сакавіка і з 16 сакавіка ідзе штодня. Мікалаю Аўтуховічу, Уладзімеру Асіпенку і Аляксандру Ларыну пагражае вышэйшая мера пакараньня — пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара. Часткова віну прызнае толькі Аляксандар Ларын.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG