Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З пасады начальніка Магілёўскай абласной управы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва звольнены былы старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў.


Яго звальненьне афіцыйныя крыніцы не камэнтуюць.

На прэсавай канфэрэнцыі старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка згадвалі звальненьне шэрагу дзяржаўных службоўцаў структуры выканаўчай улады:

“Ёсьць закон “Аб дзяржаўнай службе”. У ім гаворыцца, што калі ёсьць факты, якія супярэчаць функцыям дзяржаўнага службоўцы, то зь ім скасоўваецца кантракт. Значыць такія факты былі. Ці чакаюцца падобныя адстаўкі далей, я вам скажу так, як кажа наш кіраўнік дзяржавы: “У любой справе павінен быць вынік станоўчы, калі выніку няма, то сам прасіся ў адстаўку з панурай галавой. Іншага выйсьця няма. Асабліва тады, калі ў сьвеце бушуе цяжкі эканамічны крызіс”.

“Летась восеньню Віктар Шорыкаў напісаў заяву па стане здароўя. І яе задаволілі. Фактамі гэтага году я, да жалю, не валодаю, паколькі праводзілася праверка адміністрацыяй кіраўніка дзяржавы. І па выніках гэтай праверкі было прынятае рашэньне”, – цытуюць Пятра Рудніка дзяржаўныя СМІ.

Факт звальненьня Шорыкава пацьвердзілі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы й сацыяльнай абароны. Супрацоўніца фонду паведаміла, што з Шорыкавым скасавалі кантракт па згодзе бакоў у сувязі зь яго хваробай.

Віктар Шорыкаў да прызначэньня на пасаду начальніка абласной управы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва больш за сем гадоў старшыняваў у Магілёўскім гарвыканкаме. На гэтую пасаду яго прызначылі ў сакавіку 2002 году. Звольнілі – 8 сьнежня 2009 году.

Акрамя звальненьня Шорыкава вядома, што 15 сакавіка з пасады кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёну быў зьняты Яўген Лебедзеў. На гэтую пасаду яго прызначылі са згоды Аляксандра Лукашэнкі 26 сьнежня 2003 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG