Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнку чакаюць у Рыё-дэ-Жанэйра


Бразілія, Рыё-дэ-Жанэйра

Бразілія, Рыё-дэ-Жанэйра

Як паведамляюць паўднёваамэрыканскія СМІ, сёньня ў Рыё-дэ-Жанэйра прэзыдэнт Бразыліі Луіс Інасіё да Сільва мае прыняць кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Гэта будзе першая сустрэча такога ўзроўню за ўсю гісторыю дачыненьняў Бразыліі і Беларусі. МЗС Беларусі не падае на гэты конт ніякіх падрабязнасьцяў. У Бразылію А. Лукашэнка накіроўваецца з Каракасу, дзе былі падпісаныя больш за 20 пагадненьняў аб узаемным супрацоўніцтве.


Паказьнікі двухбаковага гандлю Беларусі і Бразыліі далёка не безнадзейныя, хоць ва ўмовах крызісу падставы да пэсымізму ёсьць. Калі ў 2008 годзе міждзяржаўны тавараабарот перавысіў 1 мільярд 200 мільёнаў даляраў, то летась лічба скарацілася напалову – да 570 мільёнаў даляраў.

У агульным аб’ёме беларускага экспарту ў Бразылію больш за 90% прыпадае на калійныя ўгнаеньні. Сьціплы астатак падзелены паміж станкамі, шкловалакном, асьвятляльным абсталяваньнем, льняной тканінай. Таксама спрабуюць прадаць сваю прадукцыю за акіян менскія заводы па вытворчасьці трактароў, грузавых аўтамабіляў, колавых цягачоў, жодзінскі БелАЗ, бабруйская “Белшына” і іншыя.
Асноўныя артыкулы імпарту з Бразыліі – цукар-сырэц, шрот соевага алею, кава, гарбата, тытунёвая сыравіна, сыравіна для фармацэўтычнай галіны.

Ці ёсьць падставы да нарошчваньня гандлёвага абароту? І ці ня будуць марнымі спробы Лукашэнкі дамовіцца са сваім бразыльскім калегам, які, ня выключана, праз паўгода здасьць прэзыдэнцкую пасаду?

Напачатку кастрычніка ў Бразыліі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары і, згодна з апытаньнямі грамадзкай думкі, фаварытам тут мэр Сан-Паўлу Жазэ Сэрра – за яго гатовыя прагаласаваць 35% апытаных. Сам прэзыдэнт Луіс Інасіё да Сільва днямі аштрафаваны амаль на 3 тысячы даляраў за парушэньне правілаў перадвыбарнай агітацыі. Суд палічыў, што падчас аднаго з публічных выступаў ён дачасна агітаваў за кіраўніцу сваёй адміністрацыі Дзілмы Русэф, якую назваў сваёй пераемніцай. Але як лічыць фінансавы аналітык Сяргей Чалы, эканоміка ад зьмены прэзыдэнтаў у дэмакратычнай краіне радыкальна не зьмяняецца:

“Насамрэч у іх там з прэзыдэнцкімі выбарамі ўсё нармалёва. Бо там ад гэтага эканоміка моцна не залежыць – гэта ж не Аргентына, дзе з-за зьмены кіраўніка могуць усялякага кшталту гандлёвыя эмбарга ўзьнікаць. Якраз у гэтым сэнсе там усё ў парадку. Увогуле з Бразыліяй у нас ёсьць дастаткова нядрэнныя праекты, перадусім у машынабудаваньні – па трактарах, па БелАЗах. Шмат чаго цікавага. Дзесьці літаральна ў апошні год, калі стала зразумела, што ў Расеі рынак для нас згортваецца і калі тэрмінова давялося шукаць іншыя тэрыторыі, то менавіта бразыльскі рынак у гэтым сэнсе аказаўся патэнцыйна вельмі ёмістым”.

Карэспандэнт: “І ўсё ж размову можна весьці пра пастаўку гатовай тэхнікі ці, як і ў выпадку з Вэнэсуэлай, пра нейкія зборачныя заводы?”

“Справа ў тым, што стандартна спачатку пачынаецца дылерская дзейнасьць, а ўжо пасьля магчымая нейкая буйнавузлавая зборка і г. д.”
Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што беларускае кіраўніцтва зробіць памылку, калі будзе спрабаваць у часе падобных паездак па сьвеце займацца выключна выбіваньнем прэфэрэнцыяў – то бок, намагацца пад любым соўсам збыць заляжалую прадукцыю зь перапоўненых складоў:

“Лёзунг пра тое, што неабходна любым спосабам разгружаць склады – гэта больш нейкая піяр-акцыя, прапаганда, якая так актыўна прасоўваецца, каб схаваць пралікі ў стратэгічным плянаваньні на пачатку крызісу. Ня трэба было іх загружаць – гэта відавочная рэч”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG