Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Барысік — пра найлепшыя творы пра вёску


Тацяна Барысік

Тацяна Барысік

Дзеяньне амаль усіх беларускіх клясычных аповесьцяў і апавяданьняў, напісаных у 19-пачатку 20 стагодзьдзя, адбываецца ў сельскай мясцовасьці. Але наша экспэртка, літаратарка з Магілёву Тацяна Барысік пакідае ў спакоі «Палескую хроніку» з «Пінскай шляхтай» ды засяроджваецца на найлепшых творах пра тую беларускую вёску, якую мы яшчэ памятаем.


Мікола Кусянкоў. Явар з калінаю. Раман, апавяданьні. Менск, «Мастацкая літаратура», 1994

Ужо адно тое, што галоўны герой рамана лясьнічы Сьцяпан Гаркуша нагадвае бравага салдата Швэйка ў савецкай рэчаіснасьці 50-70 гадоў, а цьвярозы розум процістаіць усеагульнаму маразму, выклікае шчырае захапленьне творам. Нібыта раман пра каханьне. Калгаснае жыцьцё не паказана панарамна.Згадкі ды дэталі кажуць болей. Імкненьню да волі, жаданьню зьбегчы далей ад калгаснага раю падпарадкавана ўсё існаваньне і нават чалавечыя ўзаемаадносіны дзеючых асобаў. Стары Мікалай шукае паратунку ў лесе як у часы прыгону: «Хай яны там усе глоткі адзін-аднаму перагрызуць, а ты гадуй свой лес...Каб не стража, каб не мой гэты паратунак, знаеш куды мяне б запраторылі?» А маладзейшыя разумеюць: «І ў лесе, і за лесам усё ідзе на пагібель». Тэкст рамана поўніцца разумным гумарам. І калі б паводле яго зьнялі фільм, дык сэрыялу «Сваты» было б да яго далёка.


Васіль Гігевіч. Жыціва. Аповесці. Менск, «Мастацкая літаратура»,1980

Дзіўна! У кнізе, выдадзенай у 1980 годзе, няма ані слова пра камуністычную партыю, катэгарычнага асуджэньня імкненьня моладзі зьехаць у горад, набыць сучасную тэхніку і мэблю ў хату. Няма фальшывага ляманту: «Не пакідайце роднай вёскі!», пачуўшы каторы заўжды карцела запытаць аўтараў такіх вершаў і прозы: «Чаму ж самі ў сталіцу прыперліся, а не на бацькаўшчыне засталіся гной кідаць?»

«Жыціва» — праўдзівая і падрабязная хроніка хуткіх зьменаў у побыце і традыцыйнай сьвядомасьці вяскоўца ад пасьляваеннага часу да 70-х гадоў. Гэта кніга пра тое, колькі сіл і здароўя аддавалі жыціўцы, каб прайсьці ад фікусаў, кроснаў, папяровых фіранак да тэлевізараў і дываноў. Зьяжджае ў белы сьвет моладзь, прычым посьпеху там дасягаюць ня самыя лепшыя. Здані продкаў ледзьве пазнаюць ваколіцы.

Знаёмства з аповесьцю для старэйшых — нагода прыгадаць юнацтва, для маладзейшых — навучыцца цаніць сучаснасьць.


Віктар Казько. Выратуй і памілуй нас, чорны бусел. Менск, «Мастацкая літаратура», 1993

Твор на мяжы. Уяўнага і сапраўднага. Філязофскай прыпавесьці і пародыі. Халоднага разьліку і вар’яцтва. Таго сьвету і гэтага. Час дзеяньня — гарбачоўская перабудова пасьля чарнобыльскага выбуху. Месца дзеяньня — вёска ў заражанай зоне, цэнтральная сядзіба калгаса «Верны шлях», апошні прытулак для тых, каму няма куды падзецца, як таму чорнаму буслу, што вядзецца ў ацалелым кавалку лесу, каторы зьбіраюцца зьнішчыць. Увесь СССР паўстае ў вобразе калгасу «Верны шлях», працаўнікі каторага — палешукі розных нацыянальнасьцяў , чые ўласныя імёны замяняюць мянушкі павадыроў камунізму.

Выратуй і памілуй мяне, чорны бусел! Але што можа зрабіць для землякоў бедная птушка, калі ёй не пакінулі жыцьцёвай прасторы? Страшна...


Янка Сіпакоў. Стафета. Апавяданьне. У кнізе «Журба ў стылі рэтра». Менск, «Мастацкая літаратура», 1990

Патрапіць у паралельны сьвет у канцы 20-пачатку 21 стагодзьдзя зрабілася лёгкаю справаю — дастаткова ад’ехаць 30 кілямэтраў ад любога райцэнтру. Альбо яшчэ прасьцей — прачытаць ці то кароткую аповесьць, ці то доўгае апавяданьне Стафета. Перад вачыма паўстае традыцыйны абрад сямейнага цыклю, адзіна магчымы ў адміраючай вёсцы — пахаваньне. З усімі характэрнымі прыкметамі: адзінокая бабулька ад гарэлкі памерла, хаваюць састарэлыя суседкі, капаць дол і выносіць труну у вёсцы няма каму. Люстраны адбітак горкае долі і сама Стафета — котка, што перажыла трох гаспадыняў, сама іх выбірала, пераходзячы ад памерлай гаспадыні да чарговай кандыдаткі ў нябожчыцы.


Алесь Жук. Паляваньне на апошняга жураўля. Менск, «Мастацкая літаратура», 1982

«Праўду гавораць пра агранома, што крадзе ён, крадзе ня першы год і не пры першым старшыні». «Работу калгасную не пераробіш, як ня рвіся. Калгас быў і будзе, усім яго хопіць». «Начальнікаў многа,а кварцір мала, дзядзька». Вуснамі герояў аповесьці прамаўляе вясковая мудрасьць 70-80х, нязьменная і па сёньняшні дзень. Паўсюднае паляваньне. Ня толькі на рэдкую птушку, зьвера, няўгоднага калгаснага брыгадзіра, але й на рэшткі традыцыйных каштоўнасьцяў, агульначалавечых вартасьцяў, самасьвядомасьці беларусаў. Процістаяньне галоўнага героя нагадвае барацьбу з ветракамі. Нават ягоная сьмерць, урачыстае пахаваньне ды чыста сымбалічнае пакараньне злачынцаў нічога не зьмяняюць. Колькі ж грамадзянскай мужнасьці спатрэбілася аўтару, каб у застойныя часы так уславіць «росквіт сацыялізму» на вёсцы!


XS
SM
MD
LG