Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Лявон Баршчэўскі


Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 году ў Полацку. Скончыў Менскі пэдагагічны інстытут замежных моваў і асьпірантуру пры ім. Кандыдат філялягічных навук. Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў у роднай школе № 10 Полацку, потым у Наваполацкім палітэхнічным інстытуце, цяпер — у Беларускім гуманітарным ліцэі. Перакладае са старажытнагрэцкай, лацінскай, нямецкай, ангельскай, французскай, польскай, гішпанскай і іншых моваў. Аўтар унікальнага 28-моўнага Эўрапейскага слоўніка.У 1990–1995 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, уваходзіў у склад парлямэнцкай апазыцыі БНФ.

З 1995-га — намесьнік старшыні Беларускага народнага фронту «Адраджэньне», у 1996—1999 гадах выконваў абавязкі старшыні партыі. Пасьля расколу партыі ў 1999-м стаў дарадцам старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі. Са сьнежня 2007-га і да верасьня 2009 году быў старшынёй партыі БНФ.



Што для вас свабода?


Скажу банальнасьць, але гэта мець выбар.



Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Адсутнасьць сапраўднага выбару.



Што для вас шчасьце?


Быць карысным для іншых людзей.



Чаго вы найбольш баіцеся?


Страціць зрок і ня мець магчымасьці працаваць.



Які талент вы хацелі б мець?


Талент заўсёды заставацца самім сабой.



Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Вельмі шмат кім: тут не пералічыш.



Што вы найбольш любіце рабіць?


Працаваць творча і мець на гэта дастаткова часу.



Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Я імкнуўся жыць як найпаўнейшым жыцьцём, таму мяняць нічога ня стаў бы.



Якую найлепшую параду вы атрымалі?


Гл. верш Рыгора Барадуліна «Трысьцё» са зборніка «Эвангельле ад мамы».



Які ваш улюбёны дэвіз?


«Рабі што можаш — і хай яно будзе, як будзе».



У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Там, дзе Канстытуцыя — не пустая паперка.



У якой краіне вы хацелі б жыць?


У свабоднай.



У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Усё-ткі ў нашу.



Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Дапамог бы Беларусі пачаць рабіцца беларускай.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


У залежнасьці ад таго, у які бок будзе разьвівацца Эўразьвяз. Калі там эканамічны прагматызм задушыць хрысьціянскую культурную традыцыю, уступаць Беларусі ня будзе куды. У іншым выпадку наша месца — там.



Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Цывілізаваныя, цераз цывілізаваную мяжу.



Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура ня можа быць маёй.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Як толькі беларусы ўспомняць лозунг Асьветніцтва: Sapere aude! («Набірайся адвагі думаць!»)



Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі перастануць верыць у ідалаў, а пачнуць верыць сваім сэрцу і вачам.



Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Шчасьця ад гэтага беларусы не займеюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG