Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Вэнэсуэле: жывы, вясковы дзядзька


Аляксандар Лукашэнка працягвае знаёмства з Паўднёвай Амэрыкай. На 22 сакавіка прызначаная ягоная сустрэча з вышэйшым кіраўніцтвам Бразыліі, а вынікам афіцыйнага візыту ў Вэнэсуэлу сталі некалькі дзясяткаў міждзяржаўных пагадненьняў у самых розных галінах — ад паставак нафты да будаўніцтва жыльля. Наш карэспандэнт затэлефанаваў аднаму зь беларускіх праектоўнікаў Уладзімеру Паўлаву, які займаецца распрацоўкай будучай інфраструктуры вэнэсуэльскага гораду Маракай. Якія ў яго ўражаньні ад тандэму двух харызматычных лідэраў — Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі? Ці можна разьлічваць на шчыльную інтэграцыю геаграфічна аддаленых тэрыторый?

— Так атрымалася, што візыт, заплянаваны сюды, фактычна быў сарваны. Я маю на ўвазе канкрэтна візыт Чавэса і Лукашэнкі ў Маракай. Задоўга рыхтавалася сур’ёзная размова зь вялікім паказальным матэрыялам, прычым, ня толькі па маракайскай пляцоўцы, а ў цэлым па ўсіх праектах вэнэсуэльскіх — іх тут пяць. Папярэдні аб’ём працы быў вялізны!.

— Дык чаму не атрымалася размова на гэтую тэму?


— Ну так, фактычна не атрымалася. Прычым, па прычынах, не залежных ад візытэраў. Быў падрыхтаваны вялікі паказальны матэрыял: выстаўленыя экспазыцыі, шатры настаўленыя, шмат людзей вельмі доўга да гэтага рыхтаваліся, ахова працавала цэлую раніцу. Бо заяўлены дзяржаўны візыт быў які? Маўляў, адбудзецца сур’ёзная размова, справаздача Чавэсу і Лукашэнку па ўсіх праектах, па ўсім комплексе супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Вэнэсуэлы. Але ўсё было сарвана, «дзякуючы» даволі сьмешнай акалічнасьці — папулярнасьці камандантэ Чавэса. Калі картэж праяжджаў скрозь браму будоўлі, натоўп ірвануў за машынамі, фактычна паламаўшы ўсю сэк’юрыці. Ну і Лукашэнку з Чавэсам нічога не засталося, як хуценька закінуць свае тры шуфлі ў падмурак і зьехаць. Усе прамовы, сьпічы, адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку, пасадка дрэваў, агляд экспазыцый, размовы па інвэстыцыйных праектах, вывучэньне і аналіз будаўніцтва таго, што прапануецца ў самім Маракаі — усё было папросту сарванае. Прыскакалі — і гэтак жа хуценька адскакалі. У гэтым сэнсе, канечне, расчараваньне, бо шмат людзей да гэтага сур’ёзна рыхтаваліся, а ў выніку атрымаўся пшык.
У Менску — «казакі», шчыты, аўтобусы з амонам. А тут маладыя хлопчыкі, апранутыя хутчэй ў рэпрэзэнтатыўную форму, без аніякіх камуфляжаў, з жывымі тварамі.


— Увогуле як выглядаў, трымаўся Лукашэнка на тле вось такой папулярнасьці Чавэса?

— Шчыра кажучы, прыемна было бачыць Аляксандра Рыгоравіча менавіта такім, як ён тут выглядаў. Таму што гэта было відовішча абсалютна іншае, як яго прызвычаіліся ўспрымаць у Беларусі. Я апошнім раз яго такім бачыў, можа, у годзе 1992-м. Чалавек шчыра радаваўся, быў адкрытым, не было звыклай маскі на твары. У гэтым сэнсе мы тут убачылі іншага Лукашэнку. Каб ён у такім выглядзе прысутнічаў і ў Беларусі, то, думаю, аб’ектыўна толькі падвысіў бы свой рэйтынг.

— То бок, у прынцыпе ён сябе там адчуваў у сваёй талерцы? Прынамсі камфортна?


— Хутчэй наадварот — ён тут не адчуваў сябе гаспадаром, ён адчуваў сябе проста чалавекам. Убачылі гэткага жывога, вясковага дзядзьку. І ў гэтым сэнсе ён мне спадабаўся, бо ўбачылі жывога чалавека замест лялькі, манэкена. Але тое, што не заплянавалася па працы, натуральна, расчаравала.

— А як на Лукашэнку рэагавалі мясцовыя людзі? Яны яго з вэнэсуэльскай прапаганды ўвогуле ведаюць?

— Ведаюць збольшага, бо гульня ў палітыку тут відавочная. Але ўся гэтая мясцовая экзотыка як была местачковай, так і засталася. І яны рэагавалі ніяк не на Лукашэнку, а на свайго любімага героя Чавэса. Таму зь ім мог быць Лукашэнка, а мог быць бразілец Лула — ды хто заўгодна. Але рэагавалі на свайго прэзыдэнта, якога любяць і якому вераць. Дарэчы сказаць, іх не было так ужо і шмат. Гэта была групка чалавек можа максымум 200-300. Але які кантраст, калі гэта адбываецца пры падобных мерапрыемствах у Менску — «казакі», шчыты, аўтобусы з амонам. А тут маладыя хлопчыкі, апранутыя хутчэй ў рэпрэзэнтатыўную форму, без аніякіх камуфляжаў, з жывымі тварамі. Ня ведаю, як гэта адклалася ў падкорку прэзыдэнта РБ, але для яго відаць, таксама было адкрыцьцём. Задумаўся, як ён сябе паводзіць у Менску ў адпаведных сытуацыях ці не, але тут яно ўсё было іначай.

— Фронт працаў у вас сапраўды значны? Бо, калі верыць публікацыям у дзяржаўных СМІ, мясцовыя не ў вялікім жывуць камфорце…

— Я б не сказаў, што ўзровень пражываньня ў Вэнэсуэле горшы за ўзровень пражываньня ў Беларусі. Іншая рэчы, што тут проста клімат расслабляе. Калі б сюды беларусаў закінуць замест вэнэсуэльцаў, тут бы адразу і соткі разаралі, і бульбу пасадзілі б, і парсюкоў бы гадавалі.
Калі б сюды беларусаў закінуць замест вэнэсуэльцаў, тут бы адразу і соткі разаралі, і бульбу пасадзілі б, і парсюкоў бы гадавалі.
Усё было б інакш. Краіна фактычна вечнага лета, парадайз. Кол уваткнуць у зямлю, паліць яго, і ён 4-6 разоў на сэзон будзе плён прыносіць. Тым больш, для таго, каб нешта заінвэставаць, купіць, абсалютна ня трэба набываць зямлю, афармляць нейкія дазволы. Займай тэрыторыі колькі хочаш, будуй, і ніхто ня мае права ў цябе гэта адабраць. Але існуе нейкая расслабленасьць — верагодна, чыста паўднёвая. А ўвогуле краіна казачная, печ паліць ня трэба. Гэта ў нашым клімаце як мінімум 25-30, а то і 40% рэсурсаў людзі назапашваюць, каб зіму перажыць — уцяпліцца і абагрэцца. І ежа каб была адпаведная — ня тое, што тут. У вэнэсуэльцаў у гэтым сэнсе ніякіх стрэсаў. І людзей, мажліва, гэта расслабляе. Замест таго, каб працаваць, нечым займацца, яны больш сканцэнтраваныя на тое, каб проста пражыць жыцьцё без турботаў. Можа быць гэта і занадта рэзкія вызначэньні, але насамрэч кідаецца ў вочы.

— Беларуская прысутнасьць наколькі ў Вэнэсуэле адчуваецца? Столькі акрэсьлена плянаў, трэба ж некаму выконваць?

— Ды не, я б не сказаў, што беларусаў тут шмат. Па кантракце ў нас, можа, толькі 10% замежнага кантынгенту, а ўся рэшта, 90% — гэта мясцовыя людзі.

— А што тычыцца шматлікіх пагадненьняў? Яны, як кажуць, ня «ліпавыя»? То бок, сапраўды будуць і аб’ёмы, і сумесныя праекты?

— Увогуле, цяжка сказаць, таму што мэнэджмэнт тут, па вялікім рахунку, знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Тое, што прылятаюць зь Беларусі ў якасьці візытэраў Лукашэнка з падначаленымі, сустракаюцца з Чавэсам — гэта адна сытуацыя. А тое, што на месцы адбываецца, як гэта робіцца — гэта зусім іншая рэч. Але мясцовых людзей гэта досыць мала хвалюе. Яны разважаюць па-сацыялістычнаму: дайце нам хутчэй і за бясплатна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG