Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А.Лукашук: "У Вашынгтоне ўважліва сочаць за сытуацыяй у Беларусі"


У «Начной Свабодзе» з Вашынгтону дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.









СЛУХАЦЬ:


Соўсь: У Вашынгтоне Вы тыдзень мелі сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША, праваабарончых арганізацый. Давайце падсумуем вынікі гэтых сустрэчаў.

Лукашук: Па-першае, хацеў бы адзначыць, што захоўваецца вельмі вялікая цікавасьць да таго, што адбываецца ў Беларусі, да палітычнага працэсу. Асаблівую трывогу многіх людзей, зь якімі я сустракаўся і гаварыў, выклікалі апошнія падзеі, зьвязаныя з ціскам, ператрусам, перасьледам незалежных журналістаў у офісах Хартыі-97, рэдакцыі "Народнай волі". Адна з рэчаў, якая мяне, напрыклад, вельмі ўразіла, гэта тое, што мае суразмоўцы ў розных кабінэтах і офісах Вашынгтону ведалі фактычна адначасна са мной пра тое што адбываецца ў Менску, пра гэтыя дзеяньні, накіраваныя супраць журналістаў. Я сачыў за імі па нашым вэб-сайце svaboda.org і па электроннай пошце. А яны ведалі практычна праз 2-3 гадзіны пра ўсё, што адбылося. Вось гэты ўзровень інфармаванасьці паказвае, што ёсьць пастаяннае зацікаўленьне, людзі сочаць, людзі разумеюць кантэкст у якім адбываецца, і вельмі гэтым устрывожаны. І прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць зь беларускімі NGO, і палітыкі, і людзі, якія працуюць у дасьледчых інстытутах, і супрацоўнікі Дзярждэпартамэнту добра інфармаваныя, усё ведаюць і ўважліва сочаць за сытуацыяй.

Соўсь
: Вы ўзялі інтэрвію ў былой амбасадаркі ЗША Карэн Ст’юарт, якая цяпер зьяўляецца дарадцам намесьніка сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Майкла Познэра. Якія яшчэ былі сустрэчы, кантакты?

Лукашук: Пакуль я чакаў у Дзярждэпартамэнце, каб увайсьці на гэтую сустрэчу, у Бюро дэмакратыі, правоў чалавека і працы, дзе працуе Сьцюарт, у калідоры я пабачыў знаёмага, чый голас ня раз чулі слухачы Радыё Свабода – Джорджа Крола, колішняга амбасадара ЗША ў Беларусі. Зараз ён намесьнік Дзяржсакратара па справах Цэнтральнай Азіі. Наша размова ішла па-беларуску. Джордж Крол не забыўся на беларускую мову, выдатна памятае пра сваю працу ў Менску, і нашу гутарку ён скончыў словамі: "Маё сэрца ў Беларусі, ня гледзячы на тое, дзе я працую". Такія самыя ўспаміны пра Беларусь і ў Карэн Ст’юарт. Сярод маіх гутарак я бы адзначыў гутарку з амэрыканскім палітыкам, імя якога добра вядомае ў Менску і ў адміністрацыі прэзыдэнта Лукашэнкі, і прадстаўнікам палітычнай апазыцыі, недзяржаўных арганізацыяў. Дэвід Крэмэр, былы намесьнік дзяржсакратара пра правах чалавека, дэмакратыі і працы. Ён прыяжджаў у Менск.

Джордж Крол не забыўся на беларускую мову, выдатна памятае пра сваю працу ў Менску, і нашу гутарку ён скончыў словамі: "Маё сэрца ў Беларусі, ня гледзячы на тое, дзе я працую"
Нашы слухачы памятаюь, што ён быў вельмі ангажаваны ў справах палітычных вязьняў, займаўся вызваленьнем і дапамогай нашым палітычным вязьням, якія да 2008 году сядзелі ў калёніях, у прыватнасьці, Аляксандру Казуліну. Ён расказаў мне некалькі цікавых гісторый, якія адбываліся падчас перамоваў і з адміністрацыяй Лукашэнкі, і падчас рашэньняў, якія прымаліся ў Дзярждэпартамэнце, напрыклад, рашэньне пра закрыцьцё беларускай амбасады ў Вашынгтоне, адкліканьне амбасадараў і магчымае закрыцьцё амэрыканскай амбасады ў Менску. Па яго словах, першая рэакцыя дзяржсакратара, якім у той час была Кандаліза Райс, калі яна пачула патрабаваньне беларускага боку зьменшыць колькасьць супрацоўнікаў з 36-37 чалавек да 5-6, была: "Ну што ж, закрываем амбасаду". І пазьней гэтая сытуацыя абмяркоўвалася на самым вышэйшым узроўні, і ў апошні момант я меў магчымасьць задаць гэтае пытаньне самой Кандалізе Райс. Рашэньне, якое было прынятае – пакінуць амбасаду – базавалася не на палітычных прынцыпах, не на эканамічных, не на ідэалягічных, а на маральных і гістарычных. Кандаліза Райс сказала нам тады: "Я не хацела б, каб амэрыканскі сьцяг апусьціўся ў Беларусі". Зацікаўленасьць амэрыканскай палітычнай эліты беларускімі пытаньнямі, ці гэта гандаль зброяй, ці гэта правы чалавека, ці гэта будучыя выбары, якія мусяць адбыцца, застаецца пастаяннай, ня гледзячы на зьмену адміністрацыяў.

Нагадаю, што палітыка санкцыяў працягваецца, хаця і абмежаваная. Магчыма, стала менш заяваў і гучных словаў, але ў сувязі з тым, што пачало зараз адбывацца ў Беларусі, беларускія ўлады хутчэй самі робяць так, што прыцягваюць больш і больш пільную ўвагу амэрыканскай палітычнай эліты да ўнутранай сытуацыі ў Беларусі.

Соўсь: Вы казалі, што амэрыканская эліта добра інфармаваная пра падзеі ў Беларусі. А што да сайту Радыё Свабода? Ці чытаюць Вашыя суразмоўцы ангельскамоўную ці беларускую старонку нашага сайту?

мае суразмоўцы ў розных кабінэтах і офісах Вашынгтону ведалі фактычна адначасна са мной пра тое што адбываецца ў Менску, пра гэтыя дзеяньні, накіраваныя супраць журналістаў
Лукашук
: У Вашынгтоне добра ведаюць пра нашу працу. Я зараз выйшаў з будынку бібліятэкі Кангрэсу ЗША. У мяне наперадзе яшчэ некалькі сустрэчаў у Сэнаце ў Камітэце па замежных справах. І ў перапынку я зайшоў у бібліятэку. Тут як раз экспануецца экспазыцыя лістоў слухачоў на аўганскую службу нашага радыё, але таксама ў каталёгу можна знайсьці, напрыклад, Вашу, Ганна, кнігу "Адзін дзень палітвязьня". Яна знаходзіцца тут у каталёгу бібліятэкі, як і іншыя кнігі "Бібліятэкі Свабоды".

Я меў магчымасьць сустрэцца зь некаторымі прадстаўнікамі беларускай эміграцыі, беларускай дыяспары ў Нью-Ёрку і тут у Вашынгтоне. Яны займаюцца даволі актыўнай лабісцкай дзейнасьцю, праводзяць сустрэчы. Імёны лідэраў гэтай дыяспары добра вядомыя ў калідорах улады ў Вашынгтоне, да іх вельмі прыхільнае стаўленьне. Так што знайсьці крыніцы інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі ў век інтэрнэту – невялікая праблема. Было б жаданьне. А жаданьне, выглядае, ёсьць, што і яно, магчыма, будзе нарастаць.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG