Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў, з 10 лютага 2010 года агульная колькасьць забруджаных радыяцыяй населеных пунктаў паменшылася на 211. А выдаткі на пераадоленьне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў дзяржбюджэце на 2010 год скараціліся на 24%. Няўжо радыяцыя больш не пагражае беларусам?

Забруджанасьць тэрыторыі вызначаецца наяўнасьцю ў глебе радыенуклідаў цэзію-137, стронцыю-90 альбо плютонію-238, 239, 240. Яшчэ паказьнікі — доза апраменьваньня, якая перавышае умоўна дапушчальную, немагчымасьць атрымліваць адносна чыстую прадукцыю. У залежнасьці ад гэтых складнікаў тэрыторыя дзеліцца на тры зоны: з пэрыядычным радыяцыйным кантролем, зону з правам на адсяленьне і зону з наступным адсяленьнем. У новым пераліку шмат населеных пунктаў пераведзены ў зону з меншай забруджанасьцю, некаторыя наагул выключаныя. На якім узроўні прымаецца рашэньне, якія дакумэнты і матэрыялы улічваюцца — застаецца таямніцай.

Чыноўнікаў такія пытаньні абураюць:

«Урад прымае рашэньне. На самым высокім узроўні. Ёсьць Закон аб прававым рэжыме тэрыторыяў, што падвергліся радыеактыўнаму забруджваньню ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Там вызначана, што такое зоны. У вызначэньнях зоны ёсьць крытэры, шчыльнасьць забруджваньня глебы тэрыторыяў радыенуклідамі, сярэднегадавыя дозы апраменьваньня».

Урач-пэдыятар з Буда-Кашалёва Валянціна Смольнікава, якая зь першых дзён пасьля аварыі сур’ёзна вывучае праблему, кажа:

У нас уся Беларусь забруджаная.
«Ні на адным узроўні вы тлумачэньняў не атрымаеце. Тэкст гэтай пастановы не рассылаецца, прачытаць, што там напісана, нельга. Мы ня маем дакумэнта, у райвыканкаме няма, у цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі дакумэнта няма. Даведзена толькі рашэньне: вось гэтыя тэрыторыі здымаюцца, і усё. Людзі незадаволеныя. І не зразумела, чаму перавялі. Лічыцца, што тут гама-фон стаў ніжэй».

Член-карэспандэнт Акадэміі навук, ліквідатар Іван Нікітчанка перакананы:

«Тэрыторыя ня стала чысьцей. Яна як была, так і засталася забруджаная. У нас уся Беларусь забруджаная. І людзей трэба ратаваць. Урад гэта не разумее, гэта бязглузьдзіца».

Карэспандэнтка: «У прынцыпе, гэтыя 211 населеных пунктаў не маглі ачысьціцца раптоўна?»

«Ніколі не ачысьцяцца, таму што ізатопы не зьнікаюць, яны пераходзяць з аднаго ў іншы хімічны элемэнт. Але радыеактыўнымі яны застаюцца усё адно. І сумарная радыяцыя ня зьменшылася ніколькі. Перакрочыла ў іншую клетачку табліцы Мендзялеева».

Старшыня Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу «Чарнобыль», пісьменьнік Васіль Якавенка распавёў:

«Нядаўна прыслалі мне інтэрвію зь лясьнічым зь Веткаўскага раёна. Ён з радасьцю паведамляе, што некаторыя тэрыторыі ужо вызваліліся ад радыяцыі, Вось у іх 2 кюры на квадратны кілямэтар толькі. Тым часам, гэта тая ж малая доза радыяцыі, якая шкодная. ПА-другое, лясьнічы ня улічвае, што тэрыторыя Веткаўскага раёна забруджана таксама плютоніем, а плютоній, калі распадаецца паціху пераходзіць у амэрыцый, яшчэ больш грозны элемэнт. І калі тыя амаль 200 пунктаў „вызвалілі“ у двукосьсі, перавялі ў іншы сьпіс, у тым ліку і горад Мазыр, гэта ня азначае, што там няма радыяцыі».

Плютоній, калі распадаецца паціху пераходзіць у амэрыцый, яшчэ больш грозны элемэнт.
У Берасьцейскай вобласьці з зоны з правам адсяленьня 30 вёсак зараз пераведзены ў зону з кантролем, а 19 населеных пунктаў і Давыд-Гарадок наагул вынесеныя з забруджанай зоны. Жыхар Давыд-Гарадку Раман Пышняк распавёў:

«Старшаклясьнікаў у школах месяц таму перасталі бясплатна карміць. А радыяцыя — хто яе ведае, якая яна тут. Ніякага кантролю тут даўно няма. Нічога нідзе не гаворыцца, ніякіх дазымэтраў ні ў крамах, ні на рынку. Ні разу ня бачыў, каб мералі. І ў Століне я ня бачыў, каб хоць таблё якое было з узроўнем радыяцыі, дазімэтрычнымі дадзенымі, ці якія прадукты небясьпечныя. Такога няма. Нічога не нагадвае пра радыяцыю, ніякіх знакаў няма ў нас».

Фінансаваньне выдаткаў на пераадоленьне наступстваў катастрофы на АЭС сёлета істотна зьнізілася — на 24%. Жыхарам многіх цяпер ужо былых забруджаных населеных пунктаў давядзецца разьвітацца з ільготамі, якіх і так заставалася па мінімуму — яны мелі пераважнае права на залічэньне ў ВНУ, сярэднія спэцыяльныя установы, ПТВ, ім гарантавалася права на інтэрнат. Цяжарныя жанчыны крыху раней маглі пайсьці ў дэкрэтны адпачынак. Грашовыя выплаты, кампэнсацыі даўно ужо адмененыя.

Увогуле, пра Чарнобыль сталі узгадваць хіба што ў красавіку, у чарговую гадавіну аварыі. Васіль Якавенка адзначае яшчэ адну асаблівасьць:

«Радыяцыя, якая ляжала ў Чарнобыльскай зоне, яна расплылася, расьцягнулася па усёй краіне. Зараз нельга сказаць, дзе забруджана, дзе не забруджана. Дык ніхто ж зараз дасьледаваньняў не праводзіць! Вось у чым бяда. Мы ня ведаем рэальнай сытуацыі з радыяцыяй па рэспубліцы. Такое абыякавае стаўленьне да радыяцыі ў народа. А небясьпека ня зьнізілася».

Згодна з Законам аб прававым статусе тэрыторый, пералік забруджаных населеных пунктаў павінен пераглядацца не радзей аднаго разу ў 5 гадоў. Папярэдні пералік пачаў дзейнічаць ў 2005 годзе. Пасьля гэтага ў яго 3 разы ўносілі зьмены, і выключылі яшчэ тры дзясяткі населеных пунктаў. Сёлета выключылі яшчэ 211 — ціха, без абмеркаваньня, без усялякіх экспэртызаў і прыцягненьня увагі грамадзкасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG