Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд — адмяняе штраф, міліцыя — распачынае крымінальную справу


Яўген Якавенка
Яўген Якавенка

Гомельскага актывіста стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенку, які патрабуе альтэрнатыўнай службы, трымалі сёньня ў Цэнтральным райаддзеле міліцыі амаль 5 гадзінаў.

Зь пяці гадзінаў, праведзеных актывістам у міліцыі, паўтары гадзіны ён чакаў перакладчыка з расейскай мовы на беларускую. Яўген патрабаваў размаўляць зь ім на роднай мове.

Сьледчая Вольга Шупікава не змагла без перакладчыка абвесьціць Якавенку пастанову, што супраць яго распачалі крымінальную справу за нібыта ухіленьне ад прызыву на вайсковую службу. Урэшце, знайшлі настаўніцу беларускай мовы, якая й пераклала сутнасьць прэтэнзіяў міліцыі да 25-гадовага прызыўніка.

Яўген Якавенка: «Сьледчая Шупікава паказала мне пастанову пра распачатую крымінальную справу. І хоча мяне дапытаць — сёньня я быў падазроны, а ў панядзелак ужо ў якасьці абвінавачанага. Хочуць мне выставіць абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 435 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад прызыву ў войска. Пішацца, што я мусіў зьявіцца — не сказана, што фактычна не было позвы — на нейкія там мерапрыемствы прызыву ці на мэдкамісію. Я дакладна ня ведаю, магу й памыляцца».

Распачаць крымінальную справу супраць Яўгена Якавенкі вырашыла яшчэ 26 лютага дазнаўца Цэнтральнага райаддзелу міліцыі спадарыня Палявая. І гэта выклікала зьдзіўленьне ў прызыўніка Якавенкі, бо акурат у гэты час у абласным судзе знаходзілася на пераглядзе ягоная скарга на адміністрацыйны штраф, вынесены з падачы гарадзкога ваенкамату Савецкім раённым судом за ухіленьне ад так званых мерапрыемстваў прызыву.
Кастусь Жукоўскі: Яўген Якавенка патрабуе канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу, патрабуе, каб усё было па закону й па-беларуску. Гэта азначае, што ён ужо „ня свой“.


12 сакавіка абласны суд адмяніў гэты штраф і накіраваў справу назад у раённы суд на новы разгляд. Якавенка насамрэч позвы на рукі не атрымаў, бо ваенкамат ня здолеў выпісаць яе на беларускай мове.

Якавенка: «Я ня ведаю, што яны самі хочуць. Відаць, адбываецца нейкі перадзел уплываў. Абласны суд адмяняе штраф за няяўку ў ваенкамат па позьве. У гэты ж час міліцыя распачынае крымінальную справу фактычна за тое ж самае. Атрымліваецца, як ў той прымаўцы, калі левая рука ня ведае, што робіць правая».

Каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Кастусь Жукоўскі лічыць, што паколькі Яўген патрабуе альтэрнатыўнай службы, дзяржаўныя органы імкнуцца проста яго зламаць:

«Тых, хто высоўваецца, ці спрабуе неяк супрацьстаяць рэжыму, які пануе на Беларусі, прымушаюць спыніць дзейнасьць ці зьехаць зь Беларусі, ці маргіналізавацца. Яўген Якавенка патрабуе канстытуцыйнага права на альтэрнатыўную службу, патрабуе, каб усё было па закону й па-беларуску. Гэта азначае, што ён ужо „ня свой“. Сыстэма працуе з прынцыпу: „свой“ — „чужы“. Пачынаюць яго цкаваць, абкладваць штрафамі, падаткамі, на суткі, у турму і усё астатняе, каб зламаць чалавека».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG