Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Плошча” у літаратуры праз чатыры гады пасьля Плошчы ў жыцьці


Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

19 сакавіка, роўна праз чатыры гады пасьля таго, як у Менску паўстала «Плошча імя Кастуся Каліноўскага», беларускі літаратар Барыс Пятровіч прэзэнтаваў сваю новую кнігу пра падзеі таго часу.

Гэта першы мастацкі твор у беларускай прозе пра падзеі, які адбыліся ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Пісьменьнік, праўда, зазначыў на пачатку вечарыны, што кніга «Плошча» хоць і напісана пра рэальную старонку найноўшай беларускай гісторыі, але сюжэт яе нельга лічыць дакумэнтальным, а галоўныя героі ня маюць канкрэтных прататыпаў. Дый наогул гэта кніга пра каханьне, сказаў Барыс Пятровіч:

«Можа быць, важней падназва гэтай кнігі — „Гісторыя аднаго каханьня“. Таму што найважней — гэта тое, што сапраўды адбываецца перад Плошчай і па-за Плошчай. Гэта гісторыя ўзаемаадносін двух маладых людзей, якія кахаюць адно аднаго, якіх злучыла, зьяднала якраз гэтая самая Плошча».

Аповесьць напісана ў выглядзе дзёньнікаў галоўных герояў, што надае ёй даверлівага лірызму, нават калі ў іх распавядаецца пра драматычныя падзеі разгону намётавага мястэчка і зьняволеньня ягоных удзельнікаў.

Выступоўцы адзначалі розныя вартасьці кнігі. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

«Хачу падзякаваць Барысу за тое, што ён напісаў мудрую, шчымлівую, сьветлую і аптымістычную кнігу».

Праваабаронца Алесь Бяляцкі:

«Тая пазыцыя, якую Барыс выказвае ў гэтай кнізе — гэта чарговы крок да большай сьмеласьці, да большай народнасьці беларускай літаратуры, якая сапраўды цяпер знаходзіцца з народам. Лічу, Барыс, што ты зрабіў сур’ёзную справу і яна ёсьць пэўным помнікам таго, што адбывалася на Плошчы».

Музычны настрой прэзэнтацыі кнігі «Плошча» Барыса Пятровіча, якая адбывалася ў сядзібе БНФ, ствараў паэт і бард Эдуард Акулін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG