Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім Омску затрыманыя ўдзельнікі кампаніі “Свабодная Беларусь”


Акцыя ў францускім Бардо.
Акцыя ў францускім Бардо.

Міжнародная вулічная акцыя, арганізаваная «Маладымі эўрапейскімі фэдэралістамі» (JEF), ладзілася з нагоды 4-й гадавіны нелегітымнай перамогі Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Яна прайшла ў 50 краінах сьвету. 18 і 19 сакавіка, раніцай, днём і ноччу, прадстаўнікі руху JEF завязвалі рот знакамітым гарадзкім статуям і вывешвалі расьцяжкі «Дайце голас народу Беларусі!» Такім чынам яны пратэставалі супраць рэжыму Лукашэнкі, які, паводле іх перакананьняў, пазбавіў 10 мільёнаў грамадзянаў Беларусі фундамэнтальных правоў чалавека, у прыватнасьці — права на свабоду слова.

Як паведаміў «Свабодзе» з Брусэлю генэральны сакратар JEF Пэтэр Мацяшыч, «акцыя, якая ахапіла 125 гарадоў на чатырох кантынэнтах — ад Брусэлю да Балтымору, ад Стакгольма да Сыднэю, ад Менску да Вашынгтону, адбывалася безь перашкодаў і цяжкасьцяў. За выключэньнем аднаго гораду — расейскага Омску».

Мінулай ноччу омскія актывісты аб’яднанай дэмакратычнай партыі «Яблоко» выйшлі на адну з гарадзкіх плошчаў, каб узяць удзел у міжнароднай кампаніі «Дайце голас людзям Беларусі». Трое маладых актывістаў спрабавалі заклеіць скотчам рот помніку Дастаеўскага. Аднак супрацоўнікі цэнтру па супрацьстаяньні экстрэмізму затрымалі дэманстрантаў і адвезьлі іх у міліцэйскі пастарунак, дзе маладыя людзі правялі ўсю ноч. Раніцай юнакі даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа паводле артыкула «вандалізм».

Аднак маладых людзей затрымалі яшчэ да таго, як яны пасьпелі хоць штосьці зрабіць з помнікам, адзначаецца ў заяве JEF.

«Маладыя эўрапейскія фэдэралісты» называюць дзеяньні омскіх уладаў непрымальнымі, а арышт мясцовай моладзі незаконным.

Ад 2006 году JEF праводзіць кампанію па вызваленьні Эўропы ад апошняй на кантынэнце дыктатуры — у Беларусі. Выпадак у Омску нагадаў ім, што побач з гэтай краінай існуе яшчэ адзін ня менш рэпрэсіўны рэжым і што лёзунг «Свабодная Расея» ня менш актуальны, чым «Свабодная Беларусь».

На сваёй старонцы «Маладыя эўрапейскія фэдэралісты» працягваюць выстаўляць фота, зробленыя падчас кампаніі «Дайце голас народу Беларусі!» у 125 гарадах сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG