Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Масьлянкова — пра глямур у беларускай літаратуры


Сябра рады інтэрнэт-часопісу «Прайдзісьвет» Паліна Масьлянкова вырашыла аспрэчыць стэрэатып успрыманьня беларускай літаратуры як люстэрка беднага і цёмнага жыцьця вяскоўцаў. Яна даводзіць, што ад першых нацыянальных мастацкіх твораў іх старонкі напоўненыя апісаньнем таго, што сёньня называюць словам глямур.


1. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Драматычныя творы. Менск, «Мастацкая літаратура», 2006.

Дзіўна, але ў гісторыі беларускай літаратуры адпачатку склалася традыцыя сьцёбу з моднікаў. Згайдайма «Прамову Мялешкі», дзе аўтар высьмейвае заморскія звычкі і строі, вадэвіль Каруся Каганца «Модны шляхцюк», назва якога гаворыць сама за сябе, «Паўлінку» Янкі Купалы, дзе пан Быкоўскі стаўся клясычнай пародыяй на модніка.

Аднак першае месца ў маім рэйтынгу па праву належыць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. У «Ідыліі» Кароль вяртаецца з Францыі, якая і на сёньня застаецца заканадаўцай моды ва ўсім сьвеце. І хаця напачатку Кароль перакананы, што «найпрасьцейшая сялянка з Францыі прыгажэйшая і асьвятнейшая за тутэйшую паненку», сюжэт п’есы нас пераконвае ў адваротным.

2. Андрэй Мрый. Запіскі Самсона Самасуя. Менск, «Мастацкая літаратура», 2003.

Але ўзорам модніка ў беларускай літаратуры бясспрэчна з’яўляецца Самсон Самасуй! Гэты моднік ва ўсесаюзным маштабе меў пал да чужаземшчыны. І ніхто мяне не ўтрымае ад цытавання абзацу з апісаннем ягонага гардэробу! «Дзьве хутры, адна лісіная, другая ваўчыная, дзьве бекешы, шынэлька вельмі пралетарскага крою, прастрэленая ў некалькіх мясцох... Было яшчэ паліто даімпэрыялістычнай эпохі, куртатае і цеснае для маёй асобы, іншы раз я апранаўся ў яго, і, як заўважыла мне адна тэлефаністка, паліто сьмешна выпучвала мае заднія формы. Шмат было ў мяне і нагавіц: галіфэ розных колераў і фасонаў, райтузы, клёшы, спрынджыкі (апошні крык амэрыканскай моды), шаравары і нават беларускія споднікі з „сеслам“ для эфэктных выступленьняў у спэктаклях».

3. Уладзімір Караткевіч. Збор твораў у 8 тамах. Менск, «Мастацкая літаратура», 1987 — 1991.

Доўга нашы пісьменьнікі не маглі пазбавіцца ад іранічнага стаўленьня да моднікаў, часта высьмейвалі іх недарэчнасьць і безгустоўнасьць. Пакуль не прыйшоў у літаратуру Караткевіч. Кожны ягоны твор — гэта ўзор выкшталцонага стылю, стылю ягоных пэрсанажаў. Асабліва ж прывабнымі, як на мой дзявочы густ, з пад яго пяра выходзілі мужчыны. Ягоны рамантычны герой, арыстакрат ці інтэлігент, заўжды апрануты элегантна і густоўна. Тут ужо не прыходзіць у галаву пасьмейвацца з сурдутаў і фракаў, тут застаецца галаву толькі страчваць. І гераіні страчваюць. І чытачкі таксама.

4. Ніл Гілевіч. Лодачкі. У кнізе «Родныя дзеці; Паэмы». Менск, «Кніга», 2001.

Несправядліва, але факт: у беларускай літаратуры моднікаў і стылягаў больш сярод мужчынаў. Вось яшчэ прыклад — «Лодачкі» Ніла Гілевіча. Цудоўныя туфлікі з Амэрыкі — такая антытэза пасьляваеннай Беларусі, такая мара любой дзяўчынкі — дасталіся сястрычцы лірычнага героя Ніла Гілевіча. І той вымушаны іх прадаць, каб набыць сабе штаны на вучобу. Дзявочую мару на алтар мужчынскай асьвеце! Аднак не, на алтар мары іншай дзяўчыны, прынцэсы! Такога замілаваньня дзяўчынай, прыгажосьцю яе ножак, у лодачках, на абцасіках, няма бадай ва ўсёй беларускай паэзіі! Ну чысты глямур!

5. Уладзіслаў Ахроменка і Максім Клімковіч. Янкі, альбо Астатні наезд на Літве. Менск, «Медысонт», 2007.

Ну і напрыканцы майго рэйтынгу я паспрабавала адшукаць чаго-кольвек стылёвага і глямурнага ў сучаснай літаратуры. Калі ласка, «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» буржуазных літаратараў Уладзіслава Ахроменкі і Максіма Клімковіча. І гэтая кніга далёка не пад ружовай вокладкай! Амэрыка, Галівуд, Ўол стрыт — вось тыя словы, якія сёньня зьяўляюцца сымбалямі глямуру — і ўсё гэта на старонках твора, жанр якога аўтары вызначылі як кінараман-фарс. Глямурнымі сталіся нават клясычныя творы, цытатамі з якіх перасыпаны гэты блёкбастэр сучаснай літаратуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG