Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуханьне пазову Тацяны Шапуцькі да БДУ прызначанае на 25 сакавіка


Тацяна Шапуцька

Тацяна Шапуцька

У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшлі папярэднія слуханьні паводле пазову актывісткі «Маладога фронту» Тацяны Шапуцькі да рэктарату БДУ. Тацяна Шапуцька просіць прызнаць незаконным загад аб яе адлічэньні з унівэрсытэту і аднавіць яе на вучобе.

Тацяна Шапуцька безвынікова скардзілася рэктару БДУ Сяргею Абламейку, міністру адукацыі Аляксандру Радзькову. У выніку была вымушаная зьвярнуцца ў суд. На папярэдніх слуханьнях прысутнічалі прадстаўнікі БДУ і Міністэрства адукацыі, паведаміла «Свабодзе» Тацяна Шапуцька:

«Яны перадалі ў суд свае паперы, а мы — свае. Таксама хадайнічалі пра тое, каб на наступнае судовае слуханьне былі выкліканыя сьведкі — стараста маёй групы і намесьнік дэкана юрфаку Андрэй Шыдлоўскі. Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца 25 сакавіка а 10:00. Насамрэч я ня ведаю, ці наўмысна спадар судзьдзя прызначаў гэтую дату, але гэта ня мае вялікага значэньня. Суд ранкам, а ўсе іншыя падзеі — увечары, калі суды ўжо не працуюць. Так што я цалкам патрапляю на два мерапрыемствы».

Тацяна Шапуцька была адлічаная з другога курсу юрыдычнага факультэту. Неўзабаве яе прынялі на дыстанцыйнае навучаньне ў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні. Пазоў супраць БДУ яна тлумачыць жаданьнем аднавіць справядлівасьць і скасаваць загад пра яе адлічэньне.
XS
SM
MD
LG