Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Зьміцер Вішнёў і Марыя Мартысевіч


Эфір 13 сакавіка


КНІГАГЛЯД

ЗЬМІЦЕР ВІШНЁЎ: «АБЫЯКАВЫХ СЯРОД ЧЫТАЧОЎ МАЙГО РАМАНУ НЯМА»


Зьміцер Вішнёў
У Музэі гісторыі беларускай літаратуры прайшла прэзэнтацыя раману Зьмітра Вішнёва «Замак пабудаваны з крапівы», аўтар якога паспрабаваў ня толькі «зруйнаваць сам раманны жанр», але з кагосьці «пазьдзеквацца, а камусьці — перамыць костачкі» (з выдавецкай анатацыі). Са стваральнікам-руйнавальнікам жанраў сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Зьміцер, за апошнія гады ты двойчы быў стыпэндыятам замежных культурных фондаў, даволі працяглы час жыў у Бэрліне і Кракаве. І твой раман, як я разумею, — вынік твайго побыту за мяжой. У сваім творы ты даволі непрыглядна паказваеш побыт у мастацкім доме „Тахелес“. А ты не баісься перад нямецкімі калегамі выглядаць няўдзячнікам?»

Зьміцер Вішнёў: «Калі пісаў, я, натуральна, пра ўдзячнасьць ня думаў. Калі пішаш і думаеш, каб кагосьці не пакрыўдзіць, то атрымаецца штосьці штучнае. Мой раман перакладаецца на нямецкую мову, і я не баюся рэакцыі нямецкіх калегаў. Яны самі ўвесь час кажуць, што жыцьцё ў іх сумнае. Дык я і вырашыў трохі ўзварушыць іхняе жыцьцё такім нестандартным творам. Я думаю, што раман мой не зусім пра стыпэндыі, пра мастацкі дом „Тахелес“. Там стыпэндыяў не плацяць, там мастак знаходзіцца на выжываньні, ён сам мусіць зарабляць грошы на жыцьцё. Яму даюць толькі майстэрню, часьцей за ўсё, за майстэрню ён павінен плаціць. І беларускія мастакі тут не выключэньне, яны ня толькі падтрымліваць мастацкі дом „Тахелес“ маральна, яны фактычна выратоўваюць гэты дом. Яскравым прыкладам зьяўляецца наш мастак Алесь Родзін, які цягам некалькіх гадоў фактычна зьяўляецца ў Нямеччыне свайго роду транспарантам „Тахелесу“. Родзін — найбуйнейшы мастак у Эўропе на сёньняшні дзень, і якраз ягоная выстава займае самыя вялікія плошчы ў мастацкім доме, куды прыходзіць шмат турыстаў. І гэта істотная матэрыяльнай падтрымка».

Скобла: «Ёсьць у тваім шматплянавым рамане спрэчка паміж галоўным героем і карлікам невядомага паходжаньня — пра тое, чым ёсьць і была Беларусь на мапе Эўропы. Наколькі часта табе за мяжой даводзілася ўдзельнічаць у падобных дыскусіях?»

Вішнёў: «Фрагмэнты майго раману падчас маёй стыпэндыі ў Кракаве пачалі перакладаць на польскую мову. І перакладчыца, ня буду называць яе імя, адмовілася перакладаць гэтую спрэчку, матываваўшы гэта самымі рознымі падставамі. Але я зразумеў, што ў першую чаргу тут момант гістарыяграфіі, якую мы з палякамі ўспрымаем па-рознаму. Я думаю, што трэба ламаць сьвядомасьць нашых суседзяў наконт нашай агульнай гісторыі. Мы мусім падаваць яе з нашага пункту гледжаньня і не саромецца гэтага».

Скобла: «Часам тэкст твайго раману ўспрымаецца як лёгкая шызафрэнія. Гэта намёк на адпаведны псыхалягічны стан мастака? Маўляў, усе яны ненармальныя...»

Вішнёў: «У рамане шмат што пастаўлена з ног на галаву. Я баюся рэакцыі чытача, у нечым яе прадухіляю, у нечым не прадухіляю. На мой погляд, я выпусьціў у жыцьцё нейкага маленькага монстрыка. Мне ня сорамна за гэтую творчую шызафрэнію. Спадзяюся, што чытач усё ж дачытае раман да апошняй кропкі».

Скобла: «Ці не зашмат увагі на старонках твайго раману аддадзена алькаголю. Ёсьць нават сьпіс рэцэптаў самых неверагодных і неспалучальных кактэйляў. Прыкладам, „белы мядзьведзь“ — гарэлка з кефірам. Ці патрэбныя мастаку для творчасьці стымулятары падобнага кшталту?»

Вішнёў: «Думаю, што непатрэбныя. Я сам нават пасьля бутэлькі піва ніколі не напісаў аніводнага радка. Таму адразу прыпыняю ўсякія плёткі, што штосьці пісалася пад нейкімі наркотыкамі, пасьля нейкага алькаголю. Адназначна не. У мяне гэта не прапаганда, хутчэй за ўсё, творчая гульня. І згаданыя рэцэпты не прыдуманыя, а ўзятыя з нашага жыцьця. Я распытваў нашых мясцовых анархістаў, што яны ўжываюць. Гэтыя напоі ёсьць, існуюць у нашым беларускім грамадзтве. Пра гэта нехта мусіў сказаць у нашай літаратуры. Вазьміце суседнюю літаратуру — той жа Венечка Ерафееў... Там заўсёды прысутнічае пэўная алькагалічная міталёгія ў літаратуры. У маім рамане алькагольная частка толькі адна, яна называецца „П’яныя песьні“. Астатнія якраз ня п’яныя, а толькі трошкі прымружаныя алькаголем».

Скобла: «У выдавецкай анатацыі да раману „Замак пабудаваны з крапівы“ гаворыцца, што ён можа выклікаць абурэньне або захапленьне, але не абыякавасьць. Дык што пераважае — чытачы захапляюцца ці абураюцца?»

Вішнёў: «Пакуль мала хто прачытаў мой раман. Пераважна мае творчыя сябры і апанэнты. Іх рэакцыя самая неадназначная. Абыякавасьці, сапраўды, няма, шмат абурэньня, шмат (нечакана для мяне) станоўчых водгукаў. Мой раман — такі карабель літаратурны, які я выправіў у гэтае жыцьцё. Ён будзе плысьці ўжо без мяне, а я схаваюся ў нейкай вёсцы і пачну ствараць нешта новае, каб ізноў памучыць чытача і паглядзець здалёк на яго рэакцыю».

АЎТАР І ТВОР

МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ: «КУПАЛА БЫЎ БЫ Ў ЗАХАПЛЕНЬНІ АД ТАГО, У ЯКІ КАНТЭКСТ СТАВЯЦЬ ЯГО МАЛАДЫЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ»


Марыя Мартысевіч
3 сакавіка ў Міжнародны дзень пісьменьніка ў «Галерэі Ў» маладыя беларускія літаратары чыталі свае новыя творы, пра што на нашым сайце зьявілася невялікая нататка. Удзельніца той імпрэзы паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч патэлефанавала нам і выказала сваю рашучую нязгоду з журналісцкай ацэнкай твораў, якія там прагучалі. З пакрыўджанай паэткай сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: «Спадарыня Марыя, нагодай для нашай сустрэчы стала ваша новая паэма, ці, як вы яшчэ вызначаеце жанр гэтага твору, сэрыял пад назовам „Амбасада“. Мы ня будзем разьбіраць яе адметнасьці, а паспрабуем паразважаць над тэмай, якую абазначалі ў літаратуры ня мы з вамі. Яна ўзьнікла так даўно, як і сама літаратура. „Литератор пописывает, а читатель почитывает“, — сказаў некалі Салтыкоў-Шчадрын, чым адцеміў, што пісьменьнік і чытач не заўсёды салідарныя між сабой, а часам становяцца антаганістамі. А што вы думаеце пра дачыненьні сучасных беларускіх пісьменьнікаў і чытачоў?»

Марыя Мартысевіч: «Хачу ўдакладніць, што нагодай для нашай сустрэчы стала маё зьдзіўленьне, што сур’ёзны, як мне здавалася, твор, палічылі сьцёбным. Прычым падалі гэта так, што сьцёб ёсьць тэндэнцыяй маладой літаратуры. Гэта мяне ня толькі зьдзівіла, але нават абурыла, таму што я вельмі даткліва стаўлюся да таго, як мяне разумеюць чытачы. Хаця я думаю, што гэта заканамерная памылка, бо прагрэс сьветапогляду пісьменьніка ідзе абсалютна іншым шляхам, чым чытацкі прагрэс. На тое пісьменьнік і пісьменьнік, каб нешта запазычыць у папярэднікаў, нешта пераасэнсоўваць, штосьці мяняць, ён заўсёды спрабуе быць новым, спрабуе гаварыць так, як да яго не гаварылі. А чытач больш жыве канонамі, шаблёнамі і адукацыяй, каторую яму дае школа ці ўнівэрсытэт. Таму, канечне, узьнікаюць непаразуменьні. І я хачу абараніць усіх сваіх равесьнікаў ад абвінавачваньняў у тым, што яны сьцёбна ставяцца да рэчаіснасьці. Яны ставяцца да рэчаіснасьці, можа, нават больш патасна за сваіх папярэднікаў, нават больш сур’ёзна. Проста цяпер адбываецца зьмяшэньне ўсіх стыляў, усіх паэтык, калі з папярэдніх рэчаў расьце нешта новае. Гэта ўжо ня постмадэрнізм, бо аўтары не іранізуюць з таго, што яны бяруць. Яны проста бяруць усе папярэднія практыкі, зьмешваюць і робяць сваё штосьці. Па інэрцыі гэтае зьмяшэньне яшчэ ўспрымаецца нашымі чытачамі як постмадэрнісцкае. Інакш кажучы, калі літаратар бярэ цытату з Купалы, то чытач успрымае гэта як сьцёб з клясыка. Насамрэч гэтае цытаваньне пастаўлена ў такі кантэкст, што, можа быць сам Купала быў бы ў захапленьні ад таго, што праз сто гадоў нашчадкі так цытуюць яго».

Аксак: «У вашай паэме распавядаецца пра тое, як ня проста цяпер беларусам, асабліва маладым беларусам, атрымаць у амбасадах заходніх краін шэнгенскія візы. І вы малюеце сьмешныя да абсурднасьці сытуацыі».

Мартысевіч: «Гэта толькі сюжэт паэмы. Насамрэч гэта паэма пра свабоду, пра свабоду выбару, пра тыя фізычныя межы, якія стаяць перад беларусамі, калі яны спрабуюць быць свабоднымі духоўна, свабоднымі ў асабістым жыцьці і свабоднымі ў творчасьці. Гэта паэма пра тое, што ўсе гэтыя межы штучныя, што людзей, каторыя абмяжоўваюць нас, адрозьнівае ад нас толькі сама ўлада над гэтымі рычагамі абмежаваньня. Свабода заканчваецца, як толькі ты спрабуеш выйсьці са сваіх нейкіх колаў. А ў беларусаў — гэта натуральнае жаданьне вандраваць. Я лічу, што вандроўкі — гэта адно з падставовых жаданьняў чалавека. Не жаданьне сну, ежы, а вось менавіта ахвота да перамены месцаў, асабліва чалавека, які хоча нечага дабіцца ад жыцьця. І тое, што беларусаў вельмі моцна ў гэтым абмяжоўваюць, мне здаецца, і ёсьць для многіх зь іх прычынай таго, што яны выяжджаюць зь Беларусі і ніколі сюды не вяртаюцца. Прычым тут справа ня толькі ў цяжкасьцях з атрыманьнем візаў, але і неадукаванасьць насельніцтва, каторае лічыць, што за мяжой Беларусі няма нічога добрага. У такім асяродку растуць многія маладыя людзі. Многія зь іх, хочучы паехаць аўтаспынам па Эўропе, выклікаюць адназначнае асуджэньне бацькоў. Такую моладзь называюць прадажнай. Я расказваю не нейкія байкі, гэта рэальныя гісторыі з жыцьця 20-30-гадовых беларусаў».

Аксак: «І гэтую праблему абмежаваньня свабоды вы абазначаеце ў сваім новым творы?»

Мартысевіч: «Так, я спрабую яе абазначыць».


Марыя Мартысевіч. АМБАСАДА

сэрыял

Усе падзеі і героі сэрыялу выдуманыя.
Любыя супадзеньні з рэальнымі здарэньнямі
і асобамі тыпалягічныя.



Ксеня, мілая, як ты й прасіла,
Я запісала для цябе «Амбасаду».
Сэрыял гэты — страшная сіла,
У вас таксама на яго падсядуць.
Звычайнае тэлевізійнае мыла,
ружовае жыцьцёвае мяса
нечакана падалося мілым
рафінаванай інтэлігенцкай масе.
Падабаецца ўсё:
і сюжэты, што пазнаходзілі,
і зоркі, якіх запрасілі
(ацані, дарэчы, геніяльную гру генэральнага злодзея -
пасла Гарсіі).
«На ўра!» прайшло чатыры сэзоны,
здымаюць пяты.
Пралічыў жа нехта: ня горш за будні лякарні ці будні зоны
спадабаюцца іншаземныя дыпляматы.
Але я фурор сэрыялу такога ў маёй краіне
разглядаю іначай.
Ад чэрані вачэй консула Сафі загіне
любы, хто бачыў:
— як тыя, што сталі з ночы, вучаць запоўніць анкету
тых, што сталі надоечы,
нібы старыя сухотнікі вучаць нядаўна хворых
правільна плюнуць у слоічак,
нібы зьнятыя з трубкі раней вучаць зьнятых з трубкі пазьней
наноў размаўляць;
— як дзяўчаты бяруць пашпарты з адмовамі,
нібы мёртвароджаных немаўлят;
— як малпа ў цырку цукерку хавае ў кішэні
ці ў заапарку краты грызе мядзьведзь, -
хто бачыў усё гэта, той, Ксеня,
будзе яго глядзець.
...
Вось жа, мілая Ксеня,
я закругляю сваю іліяду.
Да хуткага пабачэньня.
Прыемнага, Ксеня, прагляду.


ПІЛЁТНАЯ СЭРЫЯ

(..............................)


ПЕРШЫ СЭЗОН

Дзень добры.
Вы датэлефанаваліся
да консульскага аддзела
амбасады Палабскай рэспублікі
ў Рэспубліцы Беларусь.
Каб атрымаць інфармацыю на палабскай мове,
націсьніце ў тоне 4;
на расейскай мове — 5;
на беларускай мове — 6;
чакайце зьяднаньня з супрацоўнікам консульства.
6
...............................................................
...............................................................
...............................................................
(іранічна пасьміхнуўшыся, яна націскае)
5
.................
— Консульства.
— Добры дзень. Хачу даведацца, ці гатовая мая віза... Красінская Алена, 1985 г.н.
— Красінская... Хвілінку... Дакумэнты разгледжаныя, але ў вас адмова.
— ...А... адмова?
— Пашпарт можна забраць у любы працоўны дзень з трох да чатырох у любым вакенцы.
— Чакайце, як адмова? Я падавала на студэнцкую візу. Я вучуся ў Палабіі. Я там вучуся, я там... стажыроўка... буду вучыцца... сэмэстар...
— У вас у анкеце пазначана, што вы ня замужам і ў вас грудное дзіця. Дзіцю, дарэчы, адмоўлена таксама. Я не разумею, дамачка, на што вы спадзяваліся з такой анкетай.
— Маладыя маці ня маюць права вучыцца ў Эўропе?
— Вы ведаеце, колькі невяртанак у нас менавіта па студэнцкай візе? На паперы (шоргат паперы) — факультэт славістыкі, а на справе — жаніх пад Дзюсэльдорфам.
(Божухна,
адкуль яна ведае пра Курта?
Нават яе маці ня ведае пра Курта,
нават яе хлопец ня ведае пра Курта,
нават яе сяброўкі ня ведаюць пра Курта)

— Дзякуй за інфармацыю.
— Да пабачэньня.
(гудкі сталі кароткімі-кароткімі, як ранішні сон немаўля, як перапынак паміж кармленьнямі)


Лена калыша дзіця


Квіткі ў руцэ,
страхоўкі ў руцэ,
раву, як зарэзаная карова
па няздоеным малацэ.
Ня грузіцца пошта сёньнейка,
не прыатачваецца атач,
але галоўнае, сонейка,
галоўнае — ты ня плач.
Ня плач, мая дзетка,
ня плач, мой родны сынок,
я падару табе гэткі
чароўны чырвоны савок.
Зь яго залаты пясок
У формачку вы-
бягае,
Хто
мае
такі
савок,
той
права
мае.
Кепскіх дзетак з рукі
можна біць ім па галаве,
хто мае савок такі —
той доўга жыве.
Той паміж дзетак нарком,
хто мае савок такі.
Такім чырвоным саўком
можна спыняць цягнікі.
Гэтым саўком, мілы
з восені да вясны
можна садзіць «ілы»
на аэрадром лясны.
Гуляйся, сынок, як мае,
гуляйся саўком да пары,
калі мы савок закапаем
у схіл Дзяржынскай гары,
калі я прадраблю зубамі,
прагрызу,
пракушу мяжу
і на Потсдамэрпляц,
на Курфюрстэндаме
цябе нараджу.

ДРУГІ СЭЗОН


Дзень добры.
Вы датэлефанаваліся
да консульскага аддзела
амбасады Палабскай рэспублікі
ў Рэспубліцы Беларусь.
Каб атрымаць інфармацыю на палабскай мове,
націсьніце ў тоне 4;
на расейскай мове — 5;
на беларускай мове — 6;
чакайце зьяднаньня з супрацоўнікам консульства.
6
...............................................................
6
...............................................................
6
...............................................................
...............................................................
...............................................................
— Консульства.
— Алё, шаноўная! Як файна, што я да вас нарэшце датэлефанаваўся! Ведаеце, у гэтай краіне так рэдка можна пачуць нашу сьпеўную мову... І тым больш прыемна, што вы — беларусачка — працуеце на такой высокай пасадзе — у прадстаўніцтве эўрапейскай дзяржавы. Гэта — сьведчаньне таго, што...
— Якая ваша праблема?
— Я — малады пісьменьнік, паэт і літаратурны крытык Янка Ліхтаровіч...
— І?..
— Тэлефаную, каб пацікавіцца, ці гатовая мая палабская віза.
— Ліхтаровіч... Ліхтаровіч... Даруйце, такіх у базе няма.
— Перапрашаю, зусім забыўся. Па пашпарце маё прозьвішча Сьвістункоў.
— Сьвістункоў Іван, 1980 г.н.?
— Так.
— Вашай візы пакуль няма.
— Як няма? Ня можа быць!
— Гэта абсалютна дакладна.
— І што мне рабіць?
— Тэлефануйце заўтра.
— Як гэта заўтра? Заўтра пачынаецца фэстываль: даты чорным па беламу прапісаныя ў запрашэньні!
— Гэта ня мае значэньня. Вы падалі на візу ўсяго тыдзень таму.
— Ну і што? Фэстываль жа заўтра! Гэта ж па лініі культуры!
— Даруйце, нічога не магу зрабіць.
— Шаноўная, гэта непаразуменьне! Вам павінен быў тэлефанаваць старшыня Саюзу палабскіх пісьменьнікаў! Мой удзел скрайне неабходны: я адзіны, хто будзе прадстаўляць Беларусь на міжнародным узроўні на гасьціннай палабскай зямлі. Мае вершы ужо пераклалі на палабскую мову. Як жа так?
— Па гэтых дакумэнтах няясна, навошта вы едзеце ў Палабію, — вершы чытаць ці на шопінг. Вы не далучылі даведкі зь месца працы, якая б сьведчыла, што вы — пісьменьнік.
— Якое яшчэ месца? Якая праца?! Якая даведка?!! Ды мяне на вуліцах пазнаюць!!!
— Спачуваю.
— Паненка, як жа так? Няўжо вы нічога ня можаце зрабіць? Вы ж бе-ла-рус-ка-моў-на-я!
— Усяго найлепшага.
— Гэта хамства! Гэта наўпростае хамства! Я буду скардзіцца ў ААН!
— Калі ласка. Тэлефон падказаць?
— Ну ладна, з ААН я пагарачыўся. Але ў ПЭН-клюб — у ПЭН-клюб я абавязкова буду скардзіцца!
— Хоць чорту лысаму.
(гудкі сталі кароткія-кароткія, як вузлаватыя пальцы яго далані, як пункцір, як хайку)


Малады пісьменьнік, паэт і літаратурны крытык Янка Ліхтаровіч скардзіцца чорту лысаму


Дык вось, каб вы ведалі:
Праўда ўсё роўна праступіць,
як праступала прозьвішча дзірыка
паўзьверх сьвежай фарбы побач са словам «ПІДАР»
на адзіным муры,
ня бачным з вакна яго кабінэту.
Ён выбягаў ува двор,
варта было запаліць цыгарэту,
і мы бегалі ад яго вакол школы ці па двары,
палячы на хаду, -
гэта быў фэерычны гармідар.
Праўду нельга схаваць,
як хавалі ўлады ў двары нашай школы
разгон дэманстрацыі
(паркавалі там бэтээры
і шыхтавалі жаўнераў),
мы бачылі гэта штотыдня
з вакна кабінэту белмовы
(нас там вучылі белмове).
І няхай дэ юрэ вы маеце рацыю,
чым вы лепей за тых, хто тады паркаваў бэтээры,
панове?
Дзірык наш не ўхваляў бэтээраў,
але прымушаў і нас, і дзяўчат
насіць «дзелавыя строі»
і не выглядаць «эпатажна».
Дык вось: як ён нас ні строіў —
менш, чым праз год
гэта стала зусім няважна.
Колькі б вы ні мяшалі Праўдзе
егермайсар ў белаколу,
каб тая сьніла алькагольныя сны,
на кожную — вы чуеце??? — кожную вашу школу
знойдзецца выпускны.

ТРЭЦІ СЭЗОН


Дзень добры.
Вы датэлефанаваліся
да консульскага аддзела
амбасады Палабскай рэспублікі
ў Рэспубліцы Беларусь.
Каб атрымаць інфармацыю на палабскай мове,
націсьніце ў тоне 4;
на расейскай мове — 5;
на беларускай мове — 6;
чакайце зьяднаньня з супрацоўнікам консульства.
5
.................
— Консульства
— Алё! Гэта я з кім я гавару?
— Консульскі аддзел Палабскай рэспублікі, слухаю вас.
— Гэта гора ў нас здарылася. Гэта сёньня з Палабіі тэлефанавалі. Гэта Баба Ропа памерла. Нечакана. А візы вашыя год як скончыліся. Сказалі, вам трэба званіць, вы скажаце, што рабіць, каб на паховіны пусьцілі.
— У якім сваяцтве знаходзілася з вамі нябожчыца?
— Гэта хросная маці яна мне. Гэта суседка наша. Гэта замест роднай мне была, як бацькі загінулі, ды вось на пэнсіі да брата перасялілася, на радзіму. Хто ж ведаў, што так раптам, здаровая была, як...
— Хросная — гэта не сваяцтва. Консульства ня зможа аформіць вашай сям’і візы пазачаргова.
— Як жа не сваяцтва? Я ж вам кажу, яна мне як маці была! Дзеці мае яе бабуляй завуць!
— Калі ў вас няма дакумэнтаў, што пацьвярджаюць сваяцтва, — вам у чаргу па візы на агульных падставах.
— А Езу ж, там жа да вас месяц стаяць трэба!
— Такія правілы.
— А дзевачка ж мая, а што ж нам рабіць?
— Шчасьліва.
(гудкі сталі кароткія-кароткія, як ноч на Яна Купалу, як пёркі цыбулі ўвесну)

ЧАЦЬВЁРТЫ СЭЗОН

(...............................................)

ПЯТЫ СЭЗОН


Дзень добры.
Вы датэлефанаваліся
да консульскага аддзела
амбасады Палабскай рэспублікі
ў Рэспубліцы Беларусь.
Каб атрымаць інфармацыю на палабскай мове,
націсьніце ў тоне 4;
на расейскай мове — 5;
на беларускай мове — 6;
каб пагаварыць з роднымі і блізкімі,
памерлымі сёлета на тэрыторыі Эўразьвязу,
націсьніце 0.
0
...........................................................
— Алё? Мама! Мама! Чуеш мяне?
— Чую, дачушка, добра чую!
— Я цябе саўсім дрэнна чую... Мама, у любы момант могуць разьяднаць. Скажы хоць два словы: як прайшло тваё пахаваньне?
— Ой добра, дачушка, добра!
Хаўтуры мае грымелі
ад Ганцаўкі аж да Бобра!
Як усё было:
Нарвала і секла
сьвіньням траву я.
А потым уся неяк села -
і ўжо не жыву я!
Ну і вэрхал жа быў —
ажно з самае гміны
панаехалі санітары!
І разрэзалі, і зашылі,
і паклалі на дно дамавіны
ў касьцюме шарым.
Ой касьцюме шарым,
а па хустцы сьвяточнай -
чырвоныя макі!
А проці ночы
па вёсцы вылі сабакі.
Ой як вылі яны!
як рохкалі галодныя сьвіньні!
А зранку накрылі труну маю
штандарам сінім.
Ой штандарам сінім
у зорачкі залатыя,
а як мяне несьлі па вёсцы —
так зьзялі зорачкі тыя.
Ой зьзялі-зіхцелі!
Як прынесьлі мяне на клады,
то ўзьнялі за ражкі
труну маю чатыры анэлі,
і над долам узьнесьлі,
і запяялі песьню
очынна смутную.
Ой, сьлічна яны пелі!
Ой, пелі-сьпявалі! —
аж ад зайздрасьлі бабы рыпелі,
як мяне хавалі!
— Мама, даруй, ніяк не змаглі прыехаць. Візы — ня далі нам візы! А так, канешне, вельмі хацелі быць усе: і Стась, і Ліза... Ліза очынна хацела быць, очынна. Тры ночы плакала яна, тры ночы. Ліза! Ліза! Хадзі сюды хутчэй! З бабуляй пагаворыш! Ліза!!!!!
— Алё, бабуля?
— Дабрыдзень, унучачка, дабрыдзень. Ну, расказвай, як дзялы.
— У мяне добра ўсё. Вучуся ў горадзе. На пятым курсе ўжо. Працую. Дыплём пішу.
— Пішы, унучачка, пішы. Вучыся. Замуж яшчэ ня выйшла?
— Яшчэ ня выйшла, бабуля.
— І правільна, не выходзь, пакуль можна, а то замужам плакаць будзеш. Ой будзеш плакаць!
— Бабуля, мне вельмі-вельмі шкада, што ты памерла.
— Ды чаго шкадаваць? Я ж старая была. Галоўнае, каб вы, маладыя, былі здаровыя...Ну што ты ўсё плачаш? Ня плач, гэта ня гора. Гора замужам будзе, тады і плакаць будзеш.
— Я да цябе летам хацела заехаць, мне летам могуць даць візу, па моладзевай праграме. Хто ж ведаў, што ўсё так абернецца?
— А ты на магілку заедзь, Ліза. Магілка ў мяне пекная. Мейсца вельмі выгоднае. Сама выбірала.
— Дык што, бабуля, я цябе больш ніколі-ніколі не пабачу і нават не пачую?
— Не пабачыш і не пачуеш, унучачка, не пачуеш.
— Калі так, то, засьпявай мне, бабулечка, калыханку. Як маленькай. У апошні раз.

Баба Ропа сьпявае калыханку


сьпіць у гародзе смарода,
бэз мой прымружыў вочы,
толькі ты, мая родная,
прэсься на цягнік проці ночы
сьпіць уся нашая вуліца,
ўпалі гасподы ў кому,
толькі ты, мая вумніца,
і дарма тут ня ўпала нікому
сьпіць у будцы сваёй сучка,
як і заўжды спала,
толькі ты, мая ўнучачка,
і дарма тут нікому ня ўпала
сьпяць у стозе вілы -
адпачні, мілая
сьпяць у зямлі трубы -
астынь, любая
сьпяць у банку грошы -
адвянь, харошая
сьпяць у пашпарце візы -
не гудзі, Лізанька
не нудзі, Лізанька
не зудзі
......................................
(абрыў сувязі)
P.S.: Заставалася месца, Ксеня:
запісала яшчэ ўсе выпускі
«Ну, погоди!»
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG