Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мясцовыя выбары значна важнейшыя, чым выбары прэзыдэнта”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, візыт кіраўніка Беларусі ў Вэнэсуэлу, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў і прэзыдэнцкіх выбараў — тэмы, якія найчасьцей абмяркоўваюць слухачы «Свабоды»:

Спадарыня, Менск: «Набліжаюцца выбары ў мясцовыя саветы. Для нас, простых людзей, падаткаплатнікаў, пэнсіянэраў, якія ў свой час таксама былі падаткаплатнікамі, гэтыя выбары, можа, значна важнейшыя, чым выбары прэзыдэнта. Прэзыдэнт адзін, а нас шмат. І мясцовыя кіраўнікі больш ведаюць пра нашы праблемы, а потым яны павінны перадаць нашы ідэі ў парлямэнт, а прэзыдэнт хай падпіша, калі згодны. У дадзены момант трэба вырашыць плацяжы за камунальныя паслугі, яны вельмі непад’ёмныя, і гарадзкі транспарт таксама з кожным днём павышаецца. Капітальны рамонт: грошы бяруць, і немалыя, а выніку няма. Усё няма грошай. Трэба ўжо ведаць, куды ідуць грошы, хто іх праядае. Крэдыты набралі, а куды яны пайшлі?»

Падчас візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу дасягнута дамоўленасьць з прэзыдэнтам гэтай краіны Уга Чавэсам пра эканамічнае і ваеннае супрацоўніцтва. У наступных тэлефанаваньнях — выказваньні на гэтую і іншыя тэмы:

Юрась, Менск: «Пачуў у навінах, што нашы ваенныя спэцыялісты будуць адладжваць абарону Вэнэсуэлы. І не магу не сказаць вялікі дзякуй беларускім палітыкам Станіславу Шушкевічу, Зянону Пазьняку і іншым. Дзякуй вам за тое, што вы прыбралі ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі. Гэты ваш мужны і мудры ўчынак так і не ацэнены беларускім грамадзтвам. Гэта быў адзін зь першых ваенна-палітычных крокаў да стварэньня незалежнае нэўтральнае дзяржавы Беларусь у цэнтры Эўропы сярэдзіны 21 стагодзьдзя. На жаль, палітыкі ад улады мысьляць і ўпіхваюць нас у часавыя межы 30-40-х гадоў 20 стагодзьдзя. Магутны Божа, дай ім здароўя, каб думкі іх былі чыстымі, учынкі ўзважанымі. Міру і шчасьця! Дзякуй!»

Яцкевіч: «Ну добра, цалуйся з Чавэсам! Удвух будуюць сацыялізм, першую стадыю капіталізму. На гэта ў іх розуму хапае. На іншае не хапае. Але якая ганьба — не паехаць у Літву, куды ехалі ўсе прэзыдэнты, усе суседзі зьехаліся. Гэта плюнуць у твар гэтай самай жанчыне і народу, якім можна сёньня ганарыцца. Так нельга наагул рабіць!»

Спадар: «Хацелася б пачуць ад нашага кіраўніцтва, чаму эканоміка разьвіваецца дынамічнымі тэмпамі, усё расьце, ураджайнасьць высокая — а насельніцтва за 15 гадоў зьменшылася амаль на 700 тысяч чалавек? У чым рэч? Што за прычына?»

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG