Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Беларусь магла б выкарыстаць бразыльскі досьвед дэмакратызацыі


Гішпанскі гісторык, Фідэль Гомэз, які спэцыялізуецца на Лацінскай Амэрыцы, у інтэрвію “Свабодзе” ацэньвае шанцы партнэрства Беларусі і Бразыліі.

Паводле Фідэля Гомэза, Бразылія, у якую 22 сакавіка зь візытам прыбудзе Аляксандар Лукашэнка, зьяўляецца нашмат больш важнай краінай, чым Вэнэсуэла. Бразылія мае вельмі моцную дыпляматыю, эканоміку, што актыўна разьвіваецца, і зьяўляецца несумненным лідэрам у Паўднёвай Амэрыцы.

"Бразылія стала лідэрам не толькі ў сваім рэгіёне, але стала краінай, вельмі важнай у любым міжнародным пытаньні. Бразылія ўвайшла ў лік сусьветных дзяржаў-лідэраў другога шэрагу, і я мяркую што з ростам эканомікі яна стане яшчэ большай моцнай сілай у сусьветнай палітыцы".

Паводле Фідэля Гомэза, раней паміж Бразыліяй і постсавецкімі краінамі не было моцных сувязяў, таму што яны зьяўляюцца дзяржавамі вельмі розных частак сьвету і жылі пад рознымі ўплывамі:

"У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя Беларусь была часткай СССР і залежала ад яго міжнароднай палітыкі, не мела вяліках кантактаў з Лацінскай Амэрыкай, бо тады дазвалялася мець кантакты толькі з Кубай".

Аднак часы мяняюцца і зьяўляюцца новыя магчымасьці, перакананы спадар Гомэз. На пытаньне, чаму можа навучыць досьвед Бразыліі і ўсёй Лацінскай Амэрыкі ў справе пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі, Фідэль Гомэз адказаў:

"Калі Беларусь вырашыць стаць дэмакратычнай краінай, яна можа выкарыстаць вельмі добрыя прыклады пераходу да дэмакратыі ў Лацінскай Амэрыцы, гэтак жа, як яна можа выкарыстаць прыклады пераходу да дэмакратыі ў Цэнтральнай Эўропе ці ў іншых рэгіёнах сьвету. У гэтым сэнсе яна можа ўзяць вельмі добры ўрок ад Бразыліі ці Аргентыны, Чылі. Не таму, што яны выйшлі з аднолькавай сытуацыі ці таму што павінны рабіць свае справы ў аднолькавым парадку. Я лічу, што ўсе ўрокі пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі могуць быць выкарыстаныя краінамі Ўсходняй Эўропы ў агульным сэнсе, а не ў нейкіх падрабязнасьцях. Я мяркую, што Бразылія ўжо мае добра прызнаны прэстыж у сусьветнай палітыцы, таму Беларусь будзе сябе больш упэўнена адчуваць, калі яна пойдзе такім самым шляхам".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG