Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагроза для Каложы Нямноўская ГЭС?


Каложа над Нёманам

Каложа над Нёманам

Гарадзенская ГЭС на Нёмане, непадалёк Горадні, яшчэ ня скончана. А ўжо плянуецца пабудаваць другую электрастанцыю — Нямноўскую — ля мяжы зь Літвой, за дваццаць кілямэтраў ад гораду. Калі яе пабудуюць, рака ў межах Горадні ўзьнімецца на 1,3 мэтра — якраз там, дзе над Нёманам стаяць Калоская царква і Стары замак. Ці ня ўзьнікне пагрозы для гэтых помнікаў архітэктуры?

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў заўжды біў у званы, зьвяртаючы ўвагу на ненадзейнасьць пагорка, на якім стаіць Каложа. Як вядома, палова царквы ХІІ стагодзьдзя абрынулася ў Нёман падчас паводкі ў 1853 годзе. Гэтая частка цяпер — з дошак, праблема рэстаўрацыі дагэтуль ня вырашаная. Дарэчы, царква — помнік «нулявой» катэгорыі, самай каштоўнай. Аднак сёньня Ігар Трусаў лічыць, што Калоскі пагорак нядаўна ўдалося ўмацаваць.

Ігар Трусаў
Трусаў: «Мой пункт гледжаньня: Каложы ніякай пагрозы ня будзе, паколькі сам бераг умацаваны, хай не на сто адсоткаў».

Ён узгадвае, што Калоская царква раней была на балянсе Рэспубліканскага музэю гісторыі рэлігіі, якім кіраваў пісьменьнік Аляксей Карпюк. Ігар Трусаў быў супрацоўнікам музэю:

«Хлопцы зь яго пажартавалі: патэлефанавалі яму дахаты, сказалі — паводка вялікая, Каложа абрынулася. Ну, і пайшоў Карпюк званіць у ЦК КПБ, а толькі потым прыйшоў на працу і ўсіх нас сшыхаваў».

Спадар Трусаў займаецца спартовым рыбалоўствам. Ён зазначае, што пасьля пабудовы ГЭС у межах гораду зьнікне каштоўная рыба — вусач, галавень, жэрах. Гісторык нагадвае:

«Пасьля пабудовы ковенскай ГЭС да мяжы Горадні перастала заходзіць балтыйская мінога, адзін з найгалаўнейшых рыбных далікатэсаў, якія часам прапануюцца ў дарагіх францускіх рэстаранах».

Зьніклі тады і іншыя каштоўныя віды — ласось, асяцёр, зазначае Ігар Трусаў. Дарэчы, праектанты Нямноўскай ГЭС не хаваюць, што рыбныя страты складуць адзін мільярд дзьвесьце мільёнаў рублёў.

Настаяцель Каложы ў 1990-я гады айцец Анатоль — наконт магчымага падвышэньня ўзроўню Нёмана:

«Калі мы служылі ў царкве, вада таксама ўзьнімалася да бардзюру, дзе дарога. Там больш за тры мэтры. Але нічога ня здарылася. Я думаю, што баяцца няма чаго».

Стары Замак на беразе Нёмана.

У «Гроднаэнэрга» адбыліся грамадзкія слуханьні. Зазначана, што канчатковае рашэньне адносна пабудовы Нямноўскай ГЭС урад мае прыняць у чэрвені.

Ці павінны даць сваю згоду на будаўніцтва ў Міністэрстве культуры?

Намесьнік кіраўніка Рэспубліканскай навукова-мэтадычнай рады па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі:

«Я думаю, што нам павінны паступіць матэрыялы, якія мы паглядзім і выкажам свае адносіны. Пакуль што ніякіх матэрыялаў, і ні на якія грамадзкія слуханьні ніхто нас не запрашаў. Але гэта павінна быць узгоднена зь Міністэрствам культуры. Таму што я так разумею, што ў зону затапленьня трапляюць, напэўна, таксама розныя аб’екты, тыя ж археалягічныя».

Паводле папярэдніх падлікаў, каштаваць Нямноўская ГЭС будзе 110-127 мільёнаў даляраў. Праектная магутнасьць — 22 мэгаваты.
XS
SM
MD
LG