Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: Калі ўлада ня ўмее арганізаваць дэмакратычны працэс, тады застаецца вуліца


Аляксандар Мілінкевіч, 19 сакавіка 2006

Аляксандар Мілінкевіч, 19 сакавіка 2006

Чатыры гады таму, 19 сакавіка, шматтысячным мітынгам на Кастрычніцкай плошчы пачаліся падзеі Менскай вясны 2006-га. Грамадзяне пратэставалі супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў. Наступныя выбары адбудуцца праз год — у 2011-м. Ці варта чакаць падобных пратэстаў?


Былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што Беларусь — гэта не Ўкраіна і ня Грузія, дзе не было страху. Таму ў Беларусі людзям нялёгка выходзіць на плошчу.
У нас татальны страх, які стварыла ўлада...

“У нас татальны страх, які стварыла ўлада, перашкаджае людзям выйсьці на мірную акцыю пратэсту, і выходзяць самыя мужныя. Па-першае, ім усім вялікі паклон за тое, што яны гэта зрабілі. Я думаю, што яны ўратавалі і асабістую годнасьць, і эўрапейскую пэрспэктыву для Беларусі. Каляровую рэвалюцыю ў краінах аўтарытарных, дыктатарскіх вельмі цяжка рэалізаваць. На Ўкраіне і ў Грузіі гэта былі недасканалыя дэмакратыі, іх ніяк нельга назваць дыктатурамі. А ў нас — кантроль абсалютна за ўсімі. І калі людзі выходзяць на плошчу і разьвітваюцца зь сем’ямі, гэта шкодзіла справе”.

Паводле А.Мілінкевіча, людзі могуць выйсьці на плошчу і падчас наступных прэзыдэнцкіх выбараў.
Калі ўлада ня ўмее арганізаваць дэмакратычны працэс, тады застаецца вуліца ...

“Могуць выйсьці з эканамічных прычын, бо ёсьць напружаньне ў грамадзтве. Прычыны могуць быць розныя. Але вельмі важна, каб гэта былі мірныя акцыі. І надзвычай важна, каб улада не ўжывала сродкі жорсткага падаўленьня. Я лічу, што кожны кандыдат у прэзыдэнты — калі выбары будуць адбывацца так, як сёньня, фактычна без падліку галасоў, бяз нашых прадстаўнікоў у камісіях — можа і павінен заклікаць людзей выйсьці на плошчу на мірную акцыю пратэсту. Час пакажа. Але іншага спосабу няма. Калі ўлада ня ўмее арганізаваць дэмакратычны працэс, тады застаецца вуліца”.

Адзін з арганізатараў намётавага лягера, які пратрымаўся чатыры дні на Кастрычніцкай плошчы, Вячаслаў Сіўчык не выключае, што ў выпадку “выбарчага фарсу” людзі зноў выйдуць на плошчу і іх будзе значна больш. Згадваючы падзеі 2006 году, ён адзначыў:

Вячаслаў Сіўчык
“Гэта быў беларускі нацыянальны чын, які засьведчыў усяму сьвету, што Беларусь ёсьць. Гэта была беларуская нацыянальная зьява, якая паказала, што ў нашай краіне ня ўсё беспэрспэктыўна і падзеі ў нас будуць. І, натуральна, тое, што зрабіла найперш беларуская моладзь, — гэта проста гераічныя падзеі, бо ў такіх умовах, у якіх мы былі ў 2006 годзе, наагул цяжка было зрабіць хоць нешта. І ў 2011 годзе сёньняшні рэжым будзе праводзіць чарговы фарс, і ўсё будзе залежаць толькі ад аднаго — ці пагодзяцца з гэтым самі беларусы. І палітычны фарс, які сёньняшні рэжым называе прэзыдэнцкімі выбарамі, дае такі шанец, што плошча можа быць”.

Праз год новыя прэзыдэнцкія выбары, ці варта чакаць пераменаў? Гэтае пытаньне да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі:

Анатоль Лябедзька
“Пераменаў чакаць ня варта, за перамены трэба змагацца. Самі па сабе перамены ў Беларусь ня прыйдуць, бо яны не патрэбныя тым, хто кіруе ня толькі палітычным працэсам, а і жыцьцём у Беларусі. Таму вельмі важныя зараз кансалідаваныя дзеяньні тых, хто выступае за перамены, хто можа прапанаваць эфэктыўную палітыку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG