Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Беларусь проста цяжарная пераменамі”


Кастрычніцкая плошча. Сакавік 2006 году.
Кастрычніцкая плошча. Сакавік 2006 году.

Чатыры гады таму, 19 сакавіка 2006 году, у Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. У іх удзельнічалі Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін, Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Мілінкевіч. Паводле афіцыйных зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83 % з тых, што ўдзельнічалі ў галасаваньні. Увечары тысячы грамадзянаў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, каб выказаць пратэст супраць несумленных прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта стала пачаткам падзеяў “Менскай вясны” 2006-га.


Падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі ў лістападзе 2006 году Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: “Мы сфальшавалі прэзыдэнцкія выбары”. Маўляў, за яго прагаласавала 93,5% выбарцаў, “але гэта не эўрапейскі паказчык, і таму зрабілі 86%”.

Нагадаем, што на рэфэрэндуме 2004 году А.Лукашэнка атрымаў права балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў. А падчас цяперашняга візыту ў Вэнэсуэлу, як перадаў “Інтэрфакс”, кіраўнік Беларусі паабяцаў ізноў прыляцець у Каракас летам 2011 году. Якраз праз год павінны адбыцца новыя прэзыдэнцкія выбары. То як успрымаць гэтую заяву?

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына патлумачыла:

“Гэта зусім мяне ня тычыцца. Кіраўнік краіны кажа пра тое, што ён зьбіраецца браць удзел у выбарах, ён ніколі гэтага не хаваў і верыць у сваю перамогу. Ну і што? Тут ніякіх парушэньняў няма, бо недарэчна было б, каб у выбарах браў удзел чалавек, які ня верыць у тое, што ён пераможа”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Аляксандар Казулін інакш успрымае гэтую заяву А.Лукашэнкі:
Ён ніколі не сумняваецца, што ён пажыцьцёвы прэзыдэнт...


“Ён ніколі не сумняваецца, што ён пажыцьцёвы прэзыдэнт. І ён разумее, што атрымлівае ўладу не таму, што такія жаданьні людзкія, а таму, што ён стварыў ужо пэўныя мэханізмы. І абапіраецца ён толькі на сілавыя мэтады. І падзеі, якія цяпер адбываюцца, вельмі яскрава паказваюць, што іншымі мэтадамі ён утрымаць сваёй улады проста ня здольны”.

Згадваючы падзеі 19 сакавіка, Аляксандар Казулін адзначае жаданьне людзей бараніць свой чалавечы гонар і права свайго асабістага выбару.

“Мы можам згадаць, якое было надвор’е, якія былі пагрозы. І нягледзячы на ўсё гэта, у людзей гарэлі сэрцы, і яны выйшлі, каб даказаць, што яны маюць чалавечы гонар і што ў нашай краіне так далей ня можа працягвацца. Нягледзячы на ўсе намаганьні ўлады, калі яны казалі, што ўсе, хто выйдзе 19 сакавіка на плошчу, будуць падпадаць пад перасьлед і – больш за тое – што гэта будзе разглядацца як тэрарызм, народ стаяў на месцы. Нягледзячы на гэта, велізарная колькасьць людзей, амаль сорак тысяч, выйшла на плошчу. Гэта азначала вельмі многае”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў траўні выкажацца адносна свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах. Згадваючы падзеі 19 сакавіка чатырохгадовай даўніны, ён адзначыў, што ў такіх краінах, як Беларусь, людзям нялёгка выходзіць на плошчу, каляровыя рэвалюцыі ў аўтарытарных краінах вельмі цяжка рэалізаваць. Але ён не выключае, што і праз год людзі могуць людзі выйсьці.

Камэнтуючы заяву А.Лукашэнкі ў Каракасе, спадар Мілінкевіч адзначыў:
Вынікі выбараў у краіне, дзе выбараў няма, прадказальныя...


“Вынікі выбараў у краіне, дзе выбараў няма, прадказальныя. Але я ня ўпэўнены, што ўладзе будзе так лёгка працягваць рэалізацыю той безнадзейнай мадэлі, сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай, якую яна стварыла. Безь пераменаў у Беларусі няма будучыні. Беларусь проста цяжарная пераменамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG