Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парушэньне выбарчага заканадаўства — проста тэхнічная памылка


Суд Кастрычніцкага раёну Магілёва не задаволіў скаргі рады абласной арганізацыі руху «БНФ «Адраджэньне» супраць адміністрацыі Кастрычніцкага раёну. Нагодай для суду сталася тое, што прадстаўніка апазыцыйнай арганізацыі не запрасілі на паседжаньне па фармаваньні складу ўчастковых камісіяў.

5 сакавіка, рада арганізацыі пісьмова заяўляла пра жаданьне прысутнічаць на паседжаньні. Чыноўнікі канкрэтнай даты тады не назвалі, спаслаліся на тое, што самі ня ведаюць. Дзявятага ж сакавіка паседжаньне адбылося, але без прадстаўніка фронтаўскай арганізацыі.

Судовы працэс доўжыўся тры дні. 17 сакавіка суд выявіў парушэньне ў фармаваньні ўчастковай камісіі № 100 абласнога цэнтру. Паводле кіраўніка абласной фронтаўскай арганізацыі Зьмітра Салаўёва, у камісію былі ўключаныя двое прадстаўнікоў грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру», што парушае выбарчае заканадаўства. Судзьдзя Аляксандар Раманаў запатрабаваў ад гэтай арганізацыі прадставіць пратаколы вылучэньня гэтых кандыдатур на сёньняшняе паседжаньне.

Зьміцер Салаўёў: «Сёньня пратаколы былі прадстаўленыя безь пячатак і на вылучэнцаў ад „Фонду міру“ і БРСМ. Прадстаўніца адміністрацыі патлумачыла, што парушэньне было зроблена з-за тэхнічнай памылкі. У пастанове суду факт парушэньня заканадаўства не згадалі. Нашу ж скаргу пакінулі без задавальненьня. Вырак для нас ня стаўся нечаканым, аднак у ходзе суду мы даведаліся пра мэханізм фармаваньня й зацьвярджэньня ўчастковых камісіяў. Вылучэнцаў ад апазыцыі ніхто й не зьбіраўся ўключаць у камісіі. Галасавалі ўжо за зацьверджаныя сьпісы».

Вылучэнцаў ад апазыцыі ніхто й не зьбіраўся ўключаць у камісіі. Галасавалі ўжо за зацьверджаныя сьпісы.
Праз суд апазыцыянэры намагаліся адмяніць пастанову раённай адміністрацыі, якой зацьвярджалі склад участковых камісіяў і патрабавалі сфармаваць іх наноў, але ў прысутнасьці прадстаўнікоў арганізацыяў, якія вылучылі туды сваіх актывістаў.

Склад участковай выбарчай камісіі № 100 з двума прадстаўнікамі адной арганізацыі быў апублікаваны ў газэце Магілёўскага гарвыканкаму «Веснік Магілёва» .

У 830 участковых камісіях Магілёўшчыны прадстаўнікоў апазыцыі няма.

Скарга рады абласной арганізацыі «БНФ „Адраджэньне“» ня першая за час сёлетняй выбарчай кампаніі. 5 лютага апазыцыянэры судзіліся з Магілёўскім гарвыканкамам. Нагодай тады сталася неўключэньне ў склад гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі прадстаўніка фронтаўскай арганізацыі Сяргея Фаміна. Абласны суд пакінуў скаргу апазыцыянэраў без задавальненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG