Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі ўраду выпрацоўвалі канцэпцыю гульнявога бізнэсу ў Беларусі. Пасьля таго як дзейнасьць казіно і заляў гульнявых аўтаматаў у Расеі забаранілі, а ва Ўкраіне наклалі на яе мараторый, чакаўся масавы прыток замежнага капіталу і гульцоў у гэтую сфэру ў Беларусі.

Аднак жорсткі дзяржаўны кантроль пакуль што не апраўдаў разьліку на лёгкія грошы. Ці варта чакаць лібэралізацыі? На канчатковую дапрацоўку нарматыўнага дакумэнту Лукашэнка адвёў 2 месяцы. У сярэдзіне траўня чакаецца і ўказ прэзыдэнта «Аб некаторых захадах дзеля ўдасканаленьня парадку ажыцьцяўленьня дзейнасьці ў сфэры гульнявога бізнэсу».

На нарадзе Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь, адрозна ад суседзяў, не зьбіраецца класьці на лапаткі казіно ды гульнявыя аўтаматы. Паводле ягоных слоў, падобнымі забаронамі можна дасягнуць супрацьлеглага эфэкту, а пры ўзважаным падыходзе бюджэт атрымае ад культывацыі азартнай сфэры істотны прыбытак.

Цяпер да паслугаў аматараў рулеткі і картаў — амаль чатыры дзясяткі казіно, паўтысячы заляў гульнявых аўтаматаў і букмэкерскіх кантораў. Аднак, паскардзіўся Лукашэнка, рэальны прыбытак гэтых установаў застаецца па-за кампэтэнцыяй падатковых органаў. Таму ён перакананы: дзяржава павінна жорстка кантраляваць галіну, у якой круцяцца вялізныя грошы:

«Адсутнасьць узважанай палітыкі з боку дзяржавы ў дачыненьні да гульнявога бізнэсу фактычна прыводзіць да яго поўнай забароны. А гэта спрыяе таму, што высокапрыбытковы бізнэс сыходзіць у цень, становіцца здабычай крымінальных колаў, прыносячы шкоду ўсяму грамадзтву. Пры разумным жа падыходзе ён можа і павінен стаць дадатковай крыніцай папаўненьня бюджэту за кошт падаткаў, спрыяць стварэньню новых працоўных месцаў, прыцягненьню турыстаў і інвэстыцыяў у нашу краіну».

Тыя, хто непасрэдна працуе ў гульнёвым бізнэсе, наракаюць, што чарговыя навацыі адбываюцца бязь іхняга ўдзелу. Выпрацоўкай канцэпцыі займаюцца людзі, досыць далёкія ад гэтай спэцыфічнай галіны, а ў якасьці сынонімаў да «казіно» распрацоўнікі традыцыйна ўжываюць словы з нэгатыўным падтэкстам. Уладальнік сеткі забаўляльна-гульнявых установаў «Dankoff-Club» Юрый Данькоў кажа, што і патэнцыйных інвэстараў, і гіпатэтычных гульцоў палохае якраз непрадказальнасьць заканадаўства, якое можна варочаць, што тое дышла:

Юрый Данькоў
«Зразумейце: у гэтым і палягае ўся гісторыя дурнаваньня з новым законам. І ўсё ад таго, што ў вушы кіраўніку краіны лепяць непрафэсіяналы. Самая праблема ў тым, што раней нехта дзесьці займаўся нейкім узбраеньнем, пра што сёньня ня пішуць, а сёньня гэтыя людзі зьбіраюцца прыбраць да рук усю сфэру. Але ж яны ў казіно баяцца зайсьці, увогуле ня ведаюць гэтага бізнэсу! Яны ж ня ў курсе яго нюансаў! Я разумею, што прыйшоў бы чалавек, які ведаў бы сутнасьць, быў ля вытокаў гэтай справы, які сам ім займаўся, а потым галіну ўзначаліў. Нічога гэтага няма! Былы міністар спорту і турызму Грыгараў баяўся зайсьці ў казіно! І Шульга сёньня, намесьнік міністра, гэтаксама баіцца зайсьці ў казіно. Таму што ім скажуць: а што вы там рабілі? Дык ім па норме трэба правяраць! Вы разумееце, у чым парадокс? Пра якое тады разьвіцьцё гульнявога бізнэсу гаворка?»

Канцэпцыю гульнявога бізнэсу на пашыраным паседжаньні ў кіраўніка краіны прадстаўляў прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі. Ён прапанаваў аб’яднаць усё гульнявое абсталяваньне праз тэлекамунікацыйную сетку, якая будзе працаваць у рэжыме онлайн. Фактычна прапануецца ўвесьці кругласутачны нагляд за ўсімі наведнікамі ўстановаў, за памерам іх ставак, выйгрышаў і пройгрышаў.

Аналітыкі лічаць, што гэткае шоў «за шклом» будзе цікавае перадусім падатковым структурам, да якіх патрэбная інфармацыя будзе паступаць у наўпроставым рэжыме.

У сваю чаргу, віцэ-прэм’ер ураду Андрэй Кабякоў перакананы, што ў гэтай галіне варта зьмяніць і мэханізм вылічэньня падаткаў:

«У канцэпцыі, якую ўнёс на разгляд урад, гаворка ідзе пра тое, што мы павінны адысьці ад фіксаваных ставак і павінны абкладаць падаткам прыбытак. То бок тая фінансавая плынь, якую мы зьбяром у маніторынгавым цэнтры інфармацыі, будзе прынятая да разгляду.
Як толькі любы гулец зробіць стаўку, унясе якіясьці грошы, гэта тут жа, умомант асядае ў маніторынгавым цэнтры.
Як толькі любы гулец зробіць стаўку, унясе якіясьці грошы, гэта тут жа, умомант асядае ў маніторынгавым цэнтры, і мы зможам ужо прад’явіць пэўныя патрабаваньні па аплаце падаткаў той гульнявой установе, якая гэтага гульца на сваю тэрыторыю дапусьціла».

Летась гульнявая сфэра прынесла ў дзяржаўную скарбонку больш за 60 мільярдаў рублёў. Чыноўнікі спадзяюцца ў пэрспэктыве зарабіць нашмат больш — маўляў, пасьля закрыцьця казіно і заляў гульнявых аўтаматаў у Расеі і ва Ўкраіне гульцы скіруюцца ў Беларусь. Аднак ажыятажу не назіраецца.

Па-першае, як кажуць адмыслоўцы, тым жа расейцам выгадней зьлятаць коштам установы ў прызнаныя гульнявыя сталіцы сьвету. Па-другое, чыноўнікі прапануюць абмежаваць памер пройгрышу трыма базавымі велічынямі, пасьля чаго доступ небаракі ў аналягічныя ўстановы па ўсёй Беларусі будзе забаронены да канца месяца. А такі дзяржаўны «клопат» толькі адпуджвае ахвотных пакінуць тут свае грошы. Паколькі канчатковы зьмест будучага ўказу незразумелы, не выпадае казаць і пра перадысьлякацыю расейскага гульнявога бізнэсу ў Беларусь.

Прадстаўнік расейскага казіно «Шангры Ла» Лаўрэнці Губін сказаў, што калі нормы ўказу будуць «драконаўскія», то доўга тут не затрымаюцца і тыя ўстановы, якія ўжо спрабуюць пусьціць карані:

«Калі бізнэс ня будзе прыбытковым і ня будзе эфэктыўна працаваць, ён натуральным чынам зачыняецца. Таму, перш за ўсё, трэба дачакацца, якім будзе гэты закон. Калі ён будзе адэкватны ўсясьветным ці прынамсі эўрапейскім стандартам, то гэта ўжо 50% посьпеху. Таму што мы працуем выключна ў прававым полі, мы ня ходзім па нейкіх шэрых дарожках у бізнэсе, і для нас вельмі важна, якім урэшце будзе гэты закон. Калі ён будзе разумны і прадуманы, то гэта ўжо ільвіная доля посьпеху…
Азартныя гульні — ня спосаб зарабляньня грошай ці вырашэньня вашых матэрыяльных праблемаў. Гэта адпачынак, і досыць дарагі, за які трэба плаціць.
Але глябальны, татальны кантроль за народам — гэта, напэўна, ня вельмі правільна. Усё ж чалавек павінен сам вырашаць, колькі ён сабе можа дазволіць патраціць у казіно, рэстаране ці начным клюбе. Бо азартныя гульні — ня спосаб зарабляньня грошай ці вырашэньня вашых матэрыяльных праблемаў. Гэта адпачынак, і досыць дарагі, за які трэба плаціць».

На этапе распрацоўкі канцэпцыі разьвіцьця гульнявой індустрыі разглядаліся тры варыянты. Па-першае, кропкавая мадэрнізацыя існуючай сыстэмы, але з больш жорсткім кантролем над апэратарамі, увядзеньнем пераліку гульнявых аўтаматаў, якія могуць выкарыстоўвацца на тэрыторыі Беларусі, а таксама абмежаваньнем на плошчу гульнявых заляў і забарону на іх разьмяшчэньне ў жылых дамах.

Другі варыянт прадугледжваў стварэньне паблізу Нацыянальнага аэрапорту «Мінск» адзінай у краіне забаўляльна-гульнявой зоны, якая ўключала б у сябе ня толькі адпаведныя ўстановы для гульні, але і інфраструктуру: гатэлі, рэстараны, гандлёвыя цэнтры. Меркаваныя выдаткі на ўзьвядзеньне — 1 мільярд даляраў. У выніку за аснову быў узяты трэці варыянт, які прадугледжвае «дэцэнтралізацыю» бізнэсу, укараненьне сучасных тэхнічных сродкаў кантролю, забесьпячэньне абароны гульца і празрыстасьць фінансавай дзейнасьці гульнявых установаў.

Да таго ж адчыняцца ў Беларусі будуць толькі буйныя казіно — ня больш за адно ў абласных цэнтрах і яшчэ некалькі ў Менску. Дарэчы, ад канца жніўня 2009 году накладзены мараторый на рэгістрацыю новых суб’ектаў гаспадараньня ў гэтым сэктары. Відавочна, новыя твары на гульнявым полі зьявяцца ўжо пасьля падпісаньня прэзыдэнцкага ўказу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG