Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мудраслоўе: Жыцьцё і сьмерць


Удзельнічае паэтка і фальклярыстка Антаніна Хатэнка Эфір 18 сакавіка 2010 году


Антаніна Хатэнка
Вячаслаў Ракіцкі



Вячаслаў Ракіцкі: Беларусы казалі: «Жызь — маліна, раскусіш — журавіна», «Перабыла лета гарача, перабуду жыцьцё сабача». Маліна, журавіна, сабача. Якая мэтафара жыцьця найболей адпавядае характару беларусаў?

Антаніна Хатэнка: Журавіна. Беларусу кісла аж да ламаты ў зубох, але ён сьцерпіць. Па-першае, абы вайны не было. Па-другое, усё што ні ёсьць — так трэба. А балотная ягада, якую паўзком зьбіраюць, свой смак і сваю карысьць мае. Сваё ж для нашых людзей — найважнае. Яны будуць слухаць пра шчасьце за морам, а тады рэзюмуюць: «Добрая сьвіта. Ды не па мне пашыта». Адсюль якраз і «...перабуду жыцьцё сабача», альбо «Добраму чалавечку добра і ў запечку». У гэтым і выяўляецца наша слынная зьміранасьць. А заадно моц і храбрасьць: маўляў, усё мне пад сілу.

Жыцьцё і сьмерць
«Як зь яйца, так i да канца»

«Людзі мруць, нам дарогу труць»

«Без пары ня пойдзеш да нары (да гары)»

«Хоць доктар зь неба, такі ўмерці трэба»

«Жыцьцё — каратулька, як дзяціная кашулька»

«Шый жытку кужэльнаю ніткай»

«Малады памерці можа, а стары мусіць»

«Дума за марыма, а сьмерць за плячыма»

«Круці не круці, а трэба ўмярці»

«Сьмерці не пераскочыш»

«Ад сьмерці зельля няма»

«Дзьвюм сьмярцям не бываць»

«Зямля ўсіх зраўняе»

«Сколькі ні красуйся, усё туды гатуйся»

«Жыцьцё — прачнуўся ды за выцьцё»

«Жыві, будуйся й на сьмерць рыхтуйся»

«Жызь — маліна, раскусіш — журавіна»

«Перабыла лета гарача, перабуду жыцьцё сабача»

«Ня ўмірае той, хто худ, але той, каму суд»

«Стала серабро, а жыць недабро»

«Сягоньня жывём, а заўтра гніём»

«Каб ня мерлі, дык бы неба падперлі»

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG