Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць “невыязных” можа зьменшыцца ўдвая


30 сакавіка ўступае ў сілу закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”.


У адпаведнасьці з новым законам, сьпіс грамадзян, залічаных у катэгорыю “невыязных”, папоўніцца двума новымі пунктамі. Абмежаваньне на выезд будзе выкарыстоўвацца адносна грамадзян, за якімі суд усталёўвае прэвэнтыўны нагляд. Таксама часова “невыязнымі” стануць людзі, якія маюць запазычанасьць у справах пра банкруцтва.

Адначасна новы закон прадугледжвае палёгку для трох іншых катэгорый — зьвінавачаных, асуджаных і падазраваных. Паводле дзейнага заканадаўства, у банк зьвестак пра “невыязных” гэтыя людзі патрапляюць аўтаматычна. Новая рэдакцыя закону прадугледжвае, што дзяржаўныя органы будуць прымаць у гэтым пытаньні індывідуальныя рашэньні. Адмыслоўцы мяркуюць, што гэткім чынам сьпіс “невыязных” будзе скарочаны ўдвая. Сёньня ён складае каля 125 тысяч чалавек.

Новая рэдакцыя закону “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” таксама зьмяняе ўмовы выезду за межы краіны непаўналетніх грамадзян. Зараз для гэтага неабходна пісьмовая згода абаіх бацькоў дзіцяці. З 30 сакавіка дастаткова будзе згоды аднаго зь іх.
XS
SM
MD
LG