Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маладыя эўрапейскія фэдэралісты” (JEF) і іх партнэры праводзяць сёньня ў розных гарадох сьвету чарговую вулічную акцыю — “Дайце голас людзям Беларусі”. Акцыя прымеркаваная да чацьвертай гадавіны “спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”.


Паводле традыцыі, якой ужо чатыры гады, маладыя фэдэралісты сымбалічна завяжуць рот знакамітым гарадзкім статуям. Такім чынам яны хочуць нагадаць сваім суайчыньнікам, што жыхары эўрапейскай краіны Беларусь, якой кіруе Аляксандар Лукашэнка, знаходзяцца ў падобнай сытуацыі ўвесь час.

Як паведамілі ў штаб-кватэры JEF у Брусэлі, летась акцыя “Дайце голас людзям Беларусі” прайшла прыкладна ў 120 гарадох сьвету. Сёлета колькасьць гарадоў, якія пацьвердзілі свой удзел у ёй, ужо перасягнула гэтую лічбу.

Гаворыць генэральны сакратар JEF Пэтэр Мацяшыч – ён быў адным з ініцыятараў гэтай акцыі чатыры гады таму:
Акрамя завязанага рота на статуях, зьявіліся розныя іншыя формы падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі...


“Акцыя ў большасьці гарадоў сьвету будзе праходзіць сёньня і заўтра. Аднак у некаторых краінах, кшталту Інданэзіі, Камбоджы і іншых, яна ўжо адбылася з-за розьніцы ў часе. Напачатку, а гэта пачалося ў 2006-м, калі Лукашэнка атрымаў нелегітымную перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах, мы рабілі акцыю пераважна ўначы. Проста ў большасьці гарадоў ня надта проста залезьці днём на статую, каб завязаць ёй рот. Цяпер робім гэта і ноччу, і днём, і раніцай. У якасьці галоўных нашых слоганаў – “Дайце голас людзям Беларусі” ці “Свабоду Беларусі”. Акрамя завязанага рота на статуях, зьявіліся розныя іншыя формы падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі. Так, адна дзяўчынка з Камбоджы даслала нам фота, дзе словы “Свабода Беларусі!” былі напісаныя на яе целе. Твар жа дзяўчыны быў захінёны хусткай – не ўва ўсіх краінах можна свабодна выстаўляць такія лёзунгі. Усе ўдзельнікі акцыяў фатаграфуюць тое, як яны праходзілі. Потым дасылаюць нам. Мы далей зьбіраем гэтыя ўсе здымкі і выстаўляем на нашай інтэрнэт-старонцы”.

Паводле каардынатараў JEF па Беларусі, такі энтузіязм моладзі з розных краінаў сьведчыць пра іх неабыякавасьць як да парушэньня асноўных правоў чалавека ў Беларусі, так і да адсутнасьці цьвёрдай пазыцыі Эўразьвязу ў гэтым пытаньні.

Сябры JEF заклікаюць Эўракамісію, а таксама вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў замежнай палітыцы і бясьпецы Кэтрын Эштан граць больш актыўную ролю ў замежнай палітыцы Эўразьвязу. Яны лічаць, што надышоў час адмяніць рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG