Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэльская апазыцыя: Лукашэнка нам і дарам не патрэбны


Больш за 400 вядомых дзеячаў Вэнэсуэлы, вядомыя як група 400+, падпісалі ліст пратэсту супраць прыезду ў краіну прэзыдэнта Беларусі, якога яны называюць «апошнім дыктатарам Эўропы».


У лісьце, перададзеным у сродкі масавай інфармацыі выказвае сваё непрыманьне візыту ў Вэнэсуэлу Аляксандра Лукашэнкі, вядомага ва ўсім сьвеце як апошні дыктатар Эўропы. Яго прыезд толькі пацьвярджае той факт, што дыктатары аб'ядноўваюцца, каб надаць бачнасьць законнасьці сваім дзеяньням.

Група 400+, што ня мае якіх-небудзь камэрцыйных інтарэсаў, лічыць, што ў дыктатара Лукашэнкі шмат агульных рысаў з вэнэсуэльскім прэзыдэнтам. Абодва – выхадцы з ваеннага асяродку зь вельмі пасрэднымі магчымасьцямі.

«Абодва пачалі сваю палітычную кар'еру, прапанаваўшы лёзунг барацьбы з несправядлівасьцю, галечай і карупцыяй, але прыйшоўшы да ўлады, толькі спрыялі распаўсюджаньню гэтых сацыяльных бедаў ушыр ды ўглыб. Абодва нават зьмянілі дзяржаўныя сьцягі сваіх краінаў. Адзін узяў за аснову сьцяг Беларусі, калі яна ўваходзіла ў Савецкі Саюз. А другой быў проста апантаны ідэяй перакраіць гісторыю сваёй краіны».

Аўтары дадаюць, што «абодва кіраўнікі маніпулююць заканадаўствам, каб падоўжыць сваё знаходжаньне пры ўладзе. У заяве G400+ гаворыцца, што «абодва нястомна гавораць аб правах чалавека, а на самой справе зьневажаюць іх. Абодва атачылі сябе вылучэнцамі, якія ўзбагаціліся дзякуючы набліжанасьці да ўлады».

«Абодва адрозьніваюцца пастаянным перасьледам апазыцыйных лідэраў. Дэмакратычная грамадзкасьць сьвету адносіць абодвух да разраду рэпрэсіўных рэжымаў у сілу пастаянных і несупынных парушэньняў правоў чалавека, дзеяньняў, накіраваных супраць няўрадавых арганізацый, незалежных журналістаў, сродкаў масавай інфармацыі і апазыцыйных палітыкаў».

G400+ падкрэсьлівае ў сваім лісьце, што пагадненьні, падпісаныя ўрадам Вэнэсуэлы з Беларусьсю, «у вышэйшай ступені недарэчныя і шкодныя для вышэйшых інтарэсаў нашай краіны і таму ў роўнай ступені павінны быць падвергнуты асуджэньню».
XS
SM
MD
LG