Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Коктыш: “Журналісты апынуліся паміж жорнамі”


Ператрус у "Народнай волі"

Ператрус у "Народнай волі"

Лідэр “Эўрапейскай Беларусі” Андрэй Саньнікаў, рэдактарка сайту “Хартыя-97” Натальля Радзіна і намесьнік рэдактара “Народнай волі” Марына Коктыш, якія пацярпелі падчас падзеяў 16 сакавіка, правялі сёньня ў офісе БНФ прэсавую канфэрэнцыю.


Гаворка ішла пра падзеі 16 сакавіка, зьвязаныя з расьсьледаваньнем справы аб паклёпе на былога кіраўніка КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа. Паводле сьледчых, у межах гэтага расьсьледаваньня ўчора прайшлі ператрусы ў кватэрах палітыка Андрэя Саньнікава, журналісткі Марыны Коктыш. Таксама міліцыянты ўварваліся ў кватэру, якую здымае Натальля Радзіна, і пры гэтым ударылі журналістку па твары.

Паводле Андрэя Саньнікава, учорашнія падзеі невыпадкова адбыліся 16 чысла, у Дзень салідарнасьці:

Андрэй Саньнікаў
“Адбыліся ж ня толькі гэтыя ператрусы, напады. А яшчэ сапраўдны суд пачаўся над Аўтуховічам, была разагнаная акцыя каля суду, затрыманыя людзі, увесь дзень міліцыя, КДБ, іншыя сілавыя службы проста дэманстравалі, як яны напалоханыя гэтымі Днямі салідарнасьці. Бо салідарнасьць — гэта тое, што нам сёньня патрэбна. Салідарнасьць беларусаў, салідарнасьць у сьвеце”.

Натальля Радзіна распавяла пра тое, як міліцыянты ў цывільным, не назваўшыся, уварваліся ў кватэру, дзе працавалі журналісты “Хартыі-97”. Пры гэтым Натальлю Радзіну ўдарылі ў твар. Потым міліцыянты патлумачылі, нібыта гэта было патрэбна, іначай маладая жанчына не пусьціла б іх у кватэру. Натальля Радзіна сказала, што пры ўварваньні ў кватэру ёй нават не паказалі пастанову пра ператрус. Ці будзе журналістка скардзіцца на тое, што яе зьбілі? Натальля Радзіна пацьвердзіла, што мае такі намер, але спачатку ёй трэба яшчэ шмат пабегаць па кабінэтах:

Натальля Радзіна
“Учора я езьдзіла ў паліклініку, мне сказалі, што гэта гематома, але мне ня могуць адразу даць даведку. Маўляў, мне трэба спачатку зьвярнуцца альбо да ўчастковага, альбо ў пракуратуру і атрымаць накіраваньне на судовую мэдычную экспэртызу. Што толькі ёсьць адна ўстанова ў Беларусі, якая мае права зьняць пабоі. Вось гэтым я буду займацца сёньня”.

З кватэры, дзе працавалі журналісты “Хартыі-97”, забралі 10 сыстэмных блёкаў кампутараў. Таксама міліцыянты забралі кампутары з кватэры лідэра “Эўрапейскай Беларусі” Андрэя Саньнікава. Без кампутара засталася і ягоная жонка, вядомая журналістка Ірына Халіп. “Нас проста пазбавілі асноўных прыладаў для працы”, — сказаў Андрэй Саньнікаў. Паводле палітыка, які нядаўна заявіў пра намер вылучацца на прэзыдэнта Беларусі, апошнія падзеі прадэманстравалі паразу палітыкі Эўропы, скіраванай на ўлагоджваньне рэжыму ў Беларусі:

“Адказ Эўразьвязу на гэтыя падзеі павінен быць адназначным. Яны мусяць прызнаць паразу сваёй няўмелай палітыкі выхаваньня дыктатара, згадаць, што дэмакратыя не прыходзіць сама па сабе, што дэмакратычных інстытутаў, незалежных судоў у Беларусі няма. Хопіць гуляць у гэтыя гульні. Гэтыя гульні вядуць да зьнішчэньня народу і незалежнай дзяржавы”.

Марына Коктыш

Паводле намесьніка рэдактара “Народнай волі” Марыны Коктыш, незалежныя журналісты ў Беларусі апынуліся паміж жорнамі барацьбы спэцслужбаў паміж сабой.




ВІДЭА


XS
SM
MD
LG