Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і палітвязень Сяргей Скрабец заявіў, што хоча ўзначаліць Менскі гарадзкі савет дэпутатаў.

З гэтай мэтай ён падаў дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці прэтэндэнта на дэпутацкі мандат у Лагойскай выбарчай акрузе № 44. Тут разам зь ім за права стаць дэпутатам паспрачаюцца яшчэ чатыры прэтэндэнты.

Калі ў сярэднім па Беларусі на адно дэпутацкае месца прэтэндуюць 1,2 вылучэнца, то ў сталіцы сытуацыя значна адрозьніваецца. Тут за адзін мандат спрачаюцца ў сярэднім па 5,4 прэтэндэнта на акругу.

Сяргей Скрабец сваё жаданьне спачатку абрацца дэпутатам, а затым і ачоліць гарадзкі савет тлумачыць так:

“Я ж — беспрацоўны. А калі мяне абяруць старшынёй гарсавету, дык я ж буду атрымліваць заробак”.

Праўда, на самым пачатку спадару Скрабцу патрэбна, каб яго яшчэ зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Усе неабходныя для гэтага дакумэнты ён у выбарчую камісію своечасова здаў:

“У маёй дэклярацыі аб маёмасьці і прыбытках адны белыя аркушы. У мяне ж маёмасьці няма, заробкаў таксама. І калі я здаваў дакумэнты на рэгістрацыю, то ў мяне супрацоўніца камісіі спыталася: а на якія грошы вы жывяце? Я адказаў, што прашу міласьціну на пераходзе. А яна кажа: у такім строі ня просяць. Я ёй і кажу: гэта — мой сьвяточны строй. А ёсьць яшчэ і працоўны”.

У Менску гэтым разам сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты даволі шмат беспрацоўных. Прыкладам, у Акоцкай выбарчай акрузе № 1 з шасьці прэтэндэнтаў — два беспрацоўныя. І яшчэ: гэтым разам як ніколі шмат моладзі.

Аднак Лідзія Ярмошына назвала і вядомых асобаў, якія прэтэндуюць на дэпутацкія месцы ў сталічным гарадзкім савеце. Гэта, напрыклад, былыя дэпутаты парлямэнту Ўладзімер Нісьцюк і Уладзімер Навасяд, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў, бізнэсовец Юры Данькоў, мастацкі кіраўнік тэатру “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі, палітыкі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч ды іншыя.

Лідзія Ярмошына
Старшыня Цэнтравыбаркаму прывяла сёньня дадзеныя і пра склад участковых камісіяў, якія будуць непасрэдна лічыць бюлетэні. Калі прыняць усіх партыйцаў, якія ўвайшлі ў склад гэтых камісіяў, за 100%, то атрымаецца, што вылучэнцаў апазыцыйных партыяў сярод іх 5%. На пытаньне “Свабоды”, чаму ўлады баяцца ўключаць у камісіі сваіх апанэнтаў, старшыня ЦВК адказала:

“Тут справа ня толькі ў боязі. Тут часта справа і ў пэрсаналіях. Не пасьпееш чалавека ўключыць у склад камісіі, а ён адразу пачынае скаргі пісаць. Проста на ўсё спрэс. А хто хоча мець нязручнага сябра калектыву, нават часовага? Ніхто”.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч лічыць: такое фармаваньне выбарчых камісіяў павінна было б старшыню ЦВК вельмі насьцярожыць:

Анатоль Ляўковіч
“Гэта сыгнал — “Небясьпечна!” Гэта сыгнал таго, што камісіі ўжо даўно ўстаяліся і працуюць келейна. Адзін аднаго разумеюць з паўслова. Як прынятая агульная ўстаноўка зьверху, так адпаведна ёй і палічылі. Вось пра што ідзе гутарка. Спадарыня Ярмошына якраз і паказвае і агучвае публічна думку, што камісіі працуюць келейна. А камісія — гэта ж грамадзкі орган, які мусіць кантраляваць і весьці працэс”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG