Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцы дабраліся да ААН


Група жыхароў Берасьця абскардзіла ў Камітэце ААН па правах чалавека забарону пікету супраць абыякавасьці чыноўнікаў да зваротаў грамадзянаў.


Свае паведамленьні ў камітэт накіравалі заяўнік дадзенага пікету 73-гадовы Павал Казлоў, а таксама асобы, якія плянавалі ўдзельнічаць у акцыі: Валеры Ільяш, Сяргей Пстыга, Марат Брашко і Раман Кісьляк.

Праваабаронца Раман Кісьляк заявіў БелаПАН: у сваіх зваротах аўтары заяўляюць, што ўлады Берасьця, забараніўшы пікет, парушылі грамадзянскія правы заяўнікаў.

Пэнсіянэр Павел Казлоў падаваў заяўку ў Берасьцейскі гарвыканкам, каб правесьці пікет 27 верасьня 2009 году. Казлоў хацеў прыцягнуць увагу жыхароў гораду да праблемы абыякавага стаўленьня чыноўнікаў да зваротаў грамадзянаў, якая, на яго думку, існуе.

Мясцовыя ўлады забаранілі пікет на той падставе, што арганізатары плянавалі правесьці яго ня ў тым месцы, якое вызначана для мерапрыемстваў падобнага кшталту. У Берасьці для іх адведзены стадыён “Лякаматыў”.

Раней Казлоў накіраваў 50 зваротаў у розныя інстанцыі пра тое, што, на ягоную думку, Міністэрства юстыцыі незаконна пазбавіла яго ліцэнзіі на правядзеньне аўтатэхнічных экспэртызаў. Прычына пазбаўленьня — тая, што Казлоў два разы аказаў аднаму з судоў Берасьця экспэртную паслугу, не пазначаную ў ліцэнзіі.

Казлоў перакананы, што чыноўнікі не разглядалі ягоныя скаргі па сутнасьці, а перанакіроўвалі іх у іншыя арганізацыі. У выніку яны траплялі на разгляд у той самы орган, які пазбавіў яго ліцэнзіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG