Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дні жыхары Віцебску будуць бяз якаснай вады


З 17 па 19 сакавіка вадаправодная вада ў шэрагу раёнаў абласнога цэнтру будзе падавацца неачышчанай. Але гараджан не папярэдзілі, як можна пазьбегнуць небясьпекі заражэньня.


Паведамленьне пра рамонтныя працы ў мікрараёне Журжава, на вуліцах Смаленскай, Церашковай, Лазо, часткі вуліцы Гагарына, праспэкта Фрунзэ і пасёлка Тулава было зьмешчана толькі ў адной з трох мясцовых дзяржаўных газэтаў. Аб’ява пра тое, што “ў вадзе будзе падвышана ўтрыманьне жалеза, і яна ня будзе адпавядаць санітарным нормам ды арганалептычным паказьнікам” амаль незаўважная: пад назовам “Прыміце да ведама” паведамленьне зьмясьцілі ў ніжнім куце на трэцяй старонцы.

Жыхары абураныя: на іх думку, інфармацыю пра вымушанае ўжываньне няякаснай вады варта было б разьмяшчаць на кожным пад’ездзе кожнага жылога дому. Да таго ж дактары-эпідэміёлягі мусілі б даць праз СМІ канкрэтныя рэкамэндацыі, як засьцерагчыся ад верагоднага заражэньня хваробамі і якія захады прымаць для ачысткі вадаправоднай вады.

Не зашкодзіла б наладзіць і падвоз чыстай вады, бо ў тых раёнах, дзе вада тры дні будзе няякаснай, жыве ці на чацьвёртая частка ад агульнай колькасьці насельніцтва абласнога цэнтру. Але “клопату” пра здароўе гараджан хапіла толькі на адзіную аб’яву ў газэце.
XS
SM
MD
LG