Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзікае паляваньне


Цяперашняя хваля ператрусаў у рэдакцыях і кватэрах журналістаў вельмі падобная на тое, што адбывалася ў краіне ў сакавіку 2008 году, пасьля жорсткага разгону маніфэстацыі на сьвяткаваньне 90-й гадавіны БНР.

Параўнаньне цяперашняга і тагачаснага «дзікага паляваньня» прыводзіць да думкі, што «паляўнічая справа» і пакрыўджаны гонар генэрала КДБ Івана Каржа наўрад ці сталі сапраўднай прычынай. Хіба нагодай.

Зараз «паляўнічая справа», тады была справа мульцікаў пра Лукашэнку і ягонае атачэньне, пад якую граблі і людзей, якія ў жыцьці стваральнікаў тых мульцікаў у вочы ня бачылі. І зараз некаторыя з ахвяраў налётаў пра «паляўнічую справу» пісалі, некаторыя — не. Вось Юлія Дарашкевіч, якую абвінавачваюць у зьбіцьці міліцыянта, ніякага дачыненьня да той справы ня мела. Аднак і ў яе кватэру ламіліся гэтак жа, як у кватэры Сьвятланы Калінкінай і Марыны Коктыш. І як нядаўна ў кватэру журналіста Івана Шульгі, які працуе для Белсату.

Шчыльна так пайшло, і непадобна, каб галоўнай прычынай былі канфлікты паміж сілавымі ведамствамі.

Таксама наўрад ці шэраг ператрусаў стаў адказам на абвяшчэньне намеру міжнароднага каардынатара «Хартыі-97» Андрэя Саньнікава балятавацца на прэзыдэнта. Не з адпаведнай ягонай заявы рэпрэсіі пачаліся і ня толькі «Хартыю» закранулі.

Прычына, хутчэй за ўсё — у самім па сабе набліжэньні прэзыдэнцкіх выбараў і ў хадзе выбараў мясцовых. Ну і ў ацэнках плёну супрацоўніцтва зь Эўропай.

Калі на гарызонце галоўныя выбары, ўся дзяржаўная сыстэма прымае баявую стойку незалежна ад аб’ектыўнай патрэбы ў баявых дзеяньнях. Мысьленьне такое — ўлада павінна нагадваць, што яна ўлада, апарат гвалту, як вызначалі клясікі.

Да таго ж там, за ўладным плотам, сапраўды нейкія дзіўныя працэсы адбываюцца: вайна паміж сілавымі ведамствамі робіцца ўсё больш бязьлітаснай, ўскосныя сутычкі паміж Натальляй Пяткевіч і Аляксандрам Зімоўскім сьведчаць пра тое, што адзінства там няма і блізка.

Звады гэтыя зусім не ідэйныя, але ад гэтага ня менш жорсткія і зьвесткі пра іх праточваюцца, ў тым ліку і праз незалежныя СМІ.

Ну вось і вырашылі паказаць, што ня вашага, «нячэсных», розуму справа, як улада вырашае ўнутры сябе свае пытаньні.

Ну і наконт Эўропы....Ну вось з сакавіку 2008 па меншай меры адносна СМІ не было нічога падобнага. Бо дыялёг быў. А зараз, магчыма, ўжо і ня трэба. Дакладней, зараз вызначаюцца, выпрабоўваюцца яго новыя ўмовы і межы. Тады, ў сакавіку 2008 году, дарэчы, «зачыстка» СМІ таксама адбывалася пасьля лютаўскага вызваленьня першай партыі палітвязьняў. Ня выключана, што і зараз дыялёг вядзецца ў стылі — дык мы і «па-плахому» можам. Дыялёг у лепшым выпадку пераносіцца на тэрмін «да пасьля» прэзыдэнцкіх выбараў.

Традыцыйная перадвыбарчая баявая стойка, жаданьне схаваць рост канфліктаў ва ўладнай камандзе, адмова ці пераасэнсаваньне палітыкі нармалізацыі стасункаў з Эўропай — вось здаецца тыя чыньнікі, дзякуючы якім коні «дзікага паляваньня» ізноў пачалі свой скок.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG