Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяржаўная мана стала дзяржаўнай ідэалёгіяй”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі, суд над ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, пачатак грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

Сёньня — Дзень салідарнасьці з палітычнымі зьняволенымі. Ён адзначаецца 16 чысла кожнага месяца. У гэты дзень на Кастрычніцкую плошчу Менску традыцыйна прыходзяць неабыякавыя людзі, каб выказаць сваю салідарнасьць з ахвярамі палітычнага перасьледу. З гэтай нагоды тэлефанаваньне слухача:

Міхась Чарнышоў, Арэхаўск, Аршанскі раён: «У мяне ёсьць такая прапанова: 16 чысла кожнага месяца называць ня Дзень зьніклых, а Дзень загубленых: Анатоля Майсені, Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, Генадзя Карпенкі. І называць гэты дзень — Дзень загубленых, таму што зьніклых — як быццам яны самі зьніклі, але ж яны ня зьніклі, іх загубілі».

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс у справе ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і яшчэ трох ягоных, як сьцьвярджае сьледзтва, саўдзельнікаў, якіх вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Камэнтар слухача:

Віктар Буто, Менск: «Я больш чым на сто адсоткаў упэўнены, што разгляд справы Аўтуховіча і Асіпенкі ў Вярхоўным судзе Беларусі не адбудзецца, бо не дапусьцяць выканаўцы з вэртыкалі, якім падпарадкоўваюцца суды, пракуратуры, міліцыя і іншыя дзяржаўныя ўстановы ў Менску».

У наступным тэлефанаваньні слухач выказваецца з нагоды набліжэньня чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 26 красавіка 1986 году:

Васілеўскі, Слаўгарад: «Я хачу напярэдадні 26 красавіка распавесьці ня толькі вам, але і ўсяму сьвету пра тое, як у нас праводзілася чарнобыльская праграма адмываньня мільёнаў чарнобыльскіх грошай. Завялі крымінальную справу, зьнікла гэтая справа, калі прыяжджалі людзі з шырокімі лямпасамі зь Менску. Гэта пра радыеактыўны грунт, які разьвезены па ўсіх лясных масівах. Вось гэтым і іншым я хацеў бы з вамі падзяліцца».

Працягваем праграму выказваньнем з нагоды пачатку грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду»:


Спадар: «Паважаныя суайчыньнікі! У краіне афіцыйна праводзіцца кампанія «Гавары праўду». Мэта — паказаць, што дзяржаўная мана стала дзяржаўнай ідэалёгіяй. Менавіта яна стварае ўмовы для поўнага зьнішчэньня нацыі. Гэта вельмі небясьпечна, трэба распавесьці яе шкодную сутнасьць. Гэтай падзеі я прысьвячаю свой верш:

Скрозь зьдзірванелы пласт імпэрскіх мітаў
Ледзь прабіваецца сівая быль.
Стагодзьдзямі юродзтвамі Сызыфа
Народу ў вочы запускаюць пыл.

Яму закрыты памяці аналы,
Над ім абложны покрыў забыцьця.
І не ў дасуг зьнямоглым і нядбалым,
Што страчваецца гонар пачуцьця.

І ўсё ж з глыбінь сівых вякоў бруіцца
Праз зарасьнік юродзівай маны
Праўдзівая гісторыі крыніца,
У хвалях — сьвет сумленнай даўніны.

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG