Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Каваленка: “Многія мяне пазнаюць на вуліцы ды паціскаюць руку”


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскі актывіст, які вывесіў 7 студзеня бел-чырвона-белы сьцяг на гарадзкой ёлцы, дачытвае матэрыялы распачатай супраць яго крымінальнай справы. Ён кажа, што рыхтуе да яе некалькі заўвагаў і хадайніцтваў.

Сяргей Каваленка распавёў, што зьвярнуўся ў абласную міліцыю з просьбай сфатаграфаваць некалькі аркушаў свае крымінальнае справы, якая складаецца з трох тамоў. Да канца тыдня яму павінны даць адказ, і праз колькі дзён ён будзе гатовы зьвярнуцца да сьледчых з шэрагам хадайніцтваў.

Віцебскі сябар КХП БНФ кажа, што пісьмовыя паказаньні сьведкаў у ягонай справе, распачатай за парушэньне грамадзкага парадку і супраціў прадстаўнікам міліцыі, дужа супярэчлівыя, асабліва сьведчаньні міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі:

«Іх запытвалі, як праходзіла затрыманьне. Прычым у першых іхных рапартах нічога не было пра тое, што я ім аказваў супраціў. А потым ужо зьявілася — што я іх зьбіваў і гэтак далей».

З матэрыялаў крымінальнай справы Сяргей Каваленка даведаўся, што трое міліцыянтаў — падпалкоўнік Андрэй Іваноў, малодшы сяржант Максім Максімаў і старшы сяржант Васіль Палітыка — запатрабавалі ад яго па 10 мільёнаў матэрыяльнай кампэнсацыі за тое, што ён іх публічна абражаў.

Актывіст кажа, што ўсё адбывалася наадварот — што гэтыя супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня яго зьневажалі і нават зьбівалі. Сьляды зьбіцьця, сінякі і драпіны засьведчыла судмэдэкспэртыза, і Сяргей Каваленка вырашыў зьвярнуцца ў Кастрычніцкі раённы суд з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супроць тых, хто яго затрымліваў, перавышаючы службовыя паўнамоцтвы. У заяве ён напісаў так:

«7 студзеня я выканаў свой рэлігійны, нацыянальны і грамадзянскі абавязак, а таксама рэалізаваў сваё канстытуцыйнае права на свабоду думкі пра адраджэньне беларускага патрыятызму, сувэрэннасьці і грамадзянскіх свабод. Калі я апынуўся на зямлі, то міліцыянты жорстка зьбілі мяне, пры гэтым міліцыянты ўвесь час казалі на мой адрас зьневажальныя, ненарматыўныя словы і гвалтоўна, з прымяненьнем баявых прыёмаў, завалілі на сьнег».

На думку актывіста, ягоныя паводзіны не вымагалі такой неапраўдана жорсткай рэакцыі.

Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка
Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, юрыст паводле адукацыі, зь якім Сяргей Каваленка вырашыў абмеркаваць пэрспэктывы звароту ў суд, бачыць іх наступным чынам:

«Плён можа быць вось які: яны ня будуць вешаць на яго тое, чаго не было. Яны кажуць, што ён зьбіваў міліцыянтаў, а насамрэч яны яго зьбівалі. А ён ня мог гэтага рабіць — іх жа было шмат. І ўвогуле мэгазадача ў яго была іншая: ня біцца зь міліцыянтамі, а вывесіць сьцяг. І ён гэта зрабіў!"

Барыс Хамайда лічыць, што цяпер зь Сяргея Каваленкі могуць зьняць абвінавачаньне ў супраціве міліцыянтам. Калі так, то з двух абвінавачаньняў застанецца адно — у злосным хуліганстве.

Зрэшты, шмат хто ў Віцебску лічыць Сяргея Каваленку не хуліганам, а сапраўдным героем. Спадар Хамайда, які распаўсюджвае ў Віцебску незалежную прэсу, распавёў пра сёньняшні выпадак:

«Падышла сямейная пара, узялі адзін часопіс, „Нашу ніву“. А побач са мной стаяў Сяргей Каваленка. І муж яго пазнаў, кажа: „Дазвольце паціснуць вашу мужную руку!“ І да жонкі: «Няхай нам аўтограф пакіне, хаця б на „Нашай ніве“. Сяргей ім напісаў. Прыемна ж, выдатна гэта! І нядаўна спадар адзін падыходзіў, пытаўся: „У вас не засталося газэт са сьцягам, які на ёлцы быў?“ „Не, — кажу, — няма, ужо ж колькі часу прайшло“. — „Ай, шкада“, — так сказаў ды пайшоў».

Сяргей Каваленка прызнаўся, што аўтограф даваў упершыню. Але мінакі, якія бачылі ягоныя здымкі ў газэтах ды інтэрнэце, яго пазнаюць даволі часта, паціскаюць руку і дзякуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG