Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дата паседжаньня беларуска-польскай камісіі пакуль ня вызначана


На прэс-канфэрэнцыі, арганізаванай апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, запрошаныя ўладай прадстаўнікі армянскай, расейскай, украінскай, літоўскай, карэйскай дыяспараў пераконвалі, што міжэтнічныя дачыненьні ў Беларусі спакойныя і бесканфліктныя. Тэму канфлікту вакол двух Саюзаў палякаў узьнялі журналісты.


Прысутныя на прэсавай канфэрэнцыі на чале з прэсавым сакратаром апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Міхаілам Рыбаковым распавялі, што ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя 124 суполкі 25 нацыянальнасьцяў, і ўсе яны, як сьцьвярджалі ўдзельнікі, жывуць у міры і згодзе, праводзяць культурныя імпрэзы, фэстывалі нацыянальных культур.

На пытаньне журналістаў, чаму на такім мерапрыемстве няма прадстаўнікоў польскай меншасьці, Міхаіл Рыбакоў адказаў, што СПБ будзе запрошаны на наступныя падобныя сустрэчы. На просьбу ўдакладніць, ці магчымая сустрэча з прадстаўнікамі незарэгістраванага Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, спадар Рыбакоў адказаў так:

“У першую чаргу мы працуем з тымі, хто прадстаўляе афіцыйныя структуры, але паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь тая структура, якую вы згадалі, не зьяўляецца афіцыйнай арганізацыяй, і мы ня можам ёй нешта прапанаваць ці нешта забараніць. Гэта некалькі чалавек, якія заяўляюць пра сябе як пра нейкую суполку, але афіцыйна мне нават цяжка сказаць, з кім там можна весьці перамовы. Калі яны будуць ствараць нейкую арганізацыю, мы можам мець зь імі дыялёг і запрашаць. На сёньняшні дзень у нас такіх прапаноў няма”.

На пытаньне, чаму 9 сакавіка не адбылося паседжаньня двухбаковай беларуска-польскай камісіі па ўрэгуляваньні канфлікту, якая была створана па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных спраў Польшчы Сікорскага, прэс-сакратар адказаў наступным чынам:

“Дата правядзеньня падобнага мерапрыемства нарадзілася ў асяродку журналістаў. Потым ніводзін з афіцыйных чыноўнікаў яе не пацьвердзіў. Мала таго, прадстаўнікі польскага боку (МЗС) і беларускага боку менавіта і казалі, што пытаньне прапрацоўваецца, і калі вызначыцца дата, МЗС і польскага боку, і беларускага боку абвесьцяць пра гэта”.

Ад адказу на прамое пытаньне, ці абмяркоўваўся канфлікт паміж Саюзамі палякаў Апаратам упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, прэсавы сакратар Міхаіл Рыбакоў фактычна ўхіліўся.

А старшыня Кансультацыйнай міжэтнічнай рады пры Ўпаўнаважаным па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, старшыня армянскага культурна-асьветніцкага таварыства “Айястан” Георгі Егіязаран распавёў:

“У 2005 годзе адбыўся раскол. На жаль, тады не было нашай кансультацыйнай рады. Магчыма, калі гэта ўсё было ў зародку, гэта можна было б пагасіць. Зараз — я ня ведаю. Ня варта гэтае пытаньне палітызаваць. Мы паразмаўляем на кансультацыйнай радзе, ці варта нам умешвацца ў гэтае пытаньне”.

16 сакавіка прэсавы аташэ амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук паведаміў, што дата паседжаньня беларуска-польскай камісіі па ўрэгуляваньні канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі пакуль не прызначана. Зараз бакі вызначаюць фармат яе працы. Групу беларускіх экспэртаў ачоліць упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка, польскіх экспэртаў — намесьнік міністра замежных спраў Анджэй Крэмер.
XS
SM
MD
LG