Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч і Асіпенка заявілі аб сваёй невінаватасьці


У Вярхоўным судзе Беларусі на працэсе над грамадзянамі, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ды іншых злачынствах, сталі вядомыя пазыцыі падсудных адносна выстаўленага абвінавачаньня.


Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч заявіў у судзе, што не прызнае сябе вінаватым па ніводным з шматлікіх пунктаў абвінавачаньня. Былы супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка таксама заявіў, што не прызнаЕ сябе вінаватым, і дадаў, што “ніколі не прызнАе”.

Былы падпалкоўнік міліцыі Міхаіл Казлоў, якога абвінавачваюць у непрыняцьці захадаў для прадухіленьня злачынства, вінаватым сябе не прызнаў цалкам. Былы супрацоўнік фірмы Аўтуховіча “Ніка-транс” Аляксандар Ларын, які ўжо адбывае пакараньне зьняволеньнем за ранейшае крымінальнае злачынства, заявіў, што “прызнае сваю віну часткова”.

“Прызнаю, што перавозіў зброю, вырабляў бомбу і рыхтаваўся да гэтай ... ліквідацыі”, — сказаў Аляксандар Ларын. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін запытаў падсуднага, у чым ён сябе вінаватым не прызнае, калі прызнае віну часткова. Аляксандар Ларын сказаў, што ня можа ўдакладніць, паколькі “спаў, калі пракурор чытаў абвінаваўчае заключэньне”.

Судовае сьледзтва паводле рашэньня суду пачалося з допыту пацярпелых. Першым дапыталі намесьніка міністра падаткаў і збораў Васіля Камянко.
XS
SM
MD
LG