Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістку будуць судзіць за… “зьбіцьцё” міліцыянта


Юлія Дарашкевіч

Юлія Дарашкевіч

Сёньня фотакарэспандэнтка газэты “Наша ніва” Юля Дарашкевіч была выкліканая ў райаддзел міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Напярэдадні позна ўвечары супрацоўнікі міліцыі спрабавалі ўварвацца ў яе кватэру, аднак журналістка дзьвярэй не адчыніла.


У міліцыі Дарашкевіч падпісала два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях і ўведамленьні аб неабходнасьці зьявіцца 24 сакавіка а 10-й раніцы на судовае паседжаньне ў суд Цэнтральнага раёну сталіцы.

“Сёньня я зьявілася з адвакатам, таму што ўчора яны ледзьве ня вынесьлі дзьверы спачатку ў бацькоў майго мужа, а пасьля а 9-й вечара барабанілі мне – з участковым, з панятымі званілі, лупілі ў дзьверы. У такой сытуацыі лепш было схадзіць, каб яны папросту не перашкаджалі спакойна жыць. Бо даслаць позву па пошце яны чамусьці не маглі”.

Як расказала Юлія Дарашкевіч, першы пратакол cкладзены паводле артыкулу 9.1 Адміністрацыйнага кодэксу і меў наступны зьмест: “Згодна з заключэньнем судмэдэкспэртызы, сьвядома прычыніла грамадзяніну Осіпаву цялесныя пашкоджаньні, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх і не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя”.

Другі -- паводле артыкулу 23.4: “Упіралася нагамі ў тратуарную плітку, спрабавала вырвацца, чым аказала непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі”.

Нагадаем, што роўна месяц таму,16 лютага, Юлію Дарашкевіч затрымалі на Кастрычніцкай плошчы і адвезьлі разам зь некалькімі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці ў пастарунак. Міліцыянты патлумачылі, што прычынаю затрыманьня стаў “агрэсіўны напад” на супрацоўніка міліцыі ў цывільным, у якога аказалася разьбітая губа.

Сама Юля кажа, што ніякім рукапрыкладзтвам не займалася, а міліцыянт, які перашкаджаў журналістам выконваць свае прафэсійныя абавязкі, у працэсе разгону мітынгоўцаў мог напароцца на што заўгодна.

Праваабаронцы тым часам выказваюць зьдзіўленьне ўзроўнем падрыхтоўкі беларускіх міліцыянтаў, якіх могуць “пакрыўдзіць” дзяўчаты з фотаапаратам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG