Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захоплены самалійцамі беларускі капітан вярнуўся дадому


Расейскія маракі і іх капітан-беларус Сяргей Харлан з траўлера “Тай Юніён-3” учора ўначы прыбылі ў Калінінградзкі аэрапорт, правёўшы чатыры месяцы ў палоне ў самалійскіх піратаў.

Паводле расейскіх СМІ, адтуль Сяргей Харлан адбыў на радзіму ў Беларусь, дзе пражывае яго сям’я. Капітан, які быў паранены, калі піраты захоплівалі яго карабель, паведаміў журналістам, што зьбіраецца дома пайсьці на апэрацыю, каб аднавіць параненую руку. “Потым, калі здароўе дазволіць, пайду зноў працаваць у мора”, — дадаў Харлан. Ён таксама выказаў падзяку свайму сябру, зваршчыку “Тай Юніён-3” Юрыю Грычуну за мэдычную дапамогу пасьля раненьня. Юрый Грычун мусіў быць і за хірурга, і за анэстэзіёляга.

Капітан Сяргей Харлан, выказаў надзею на тое, што ўладальнік іх сэйнэра-тунцалова, тайляндзкая кампанія Thai Union, выплаціць кампэнсацыю сябрам экіпажу.

Нагадаем, што траўлер “Тай Юніён-3” быў захоплены самалійскімі піратамі летась 29 кастрычніка ў Індыйскім акіяне за 200 міляў ад Сэйшэльскіх астравоў. З таго часу ён знаходзіўся на адной зь пірацкіх базаў на ўзьбярэжжы Самалі. Акрамя беларуса Сяргея Харлана, у экіпаж уваходзілі 23 расейцы, два ганцы і два філіпінцы. Толькі на мінулым тыдні, у выніку працяглых і цяжкіх перамоваў, кампаніі ўдалося выкупіць каманду судна.

Узгадваючы пра тое, як траўлер “Тай Юніён-3” трапіў у палон, капітан кажа, што маленькія чаўны самалійцаў рухаліся нашмат хутчэй, чым іхны траўлер. Паводле ягоных слоў, захопнікаў было чалавек 12—15, кожны быў узброены аўтаматам Калашнікава. Да таго ж у кожным чоўне было па гранатамёту. Маракі ж “Тай Юніён-3” маглі выкарыстоўваць для самаабароны толькі сыгнальныя ракеты.

У дачыненьні да палонных піраты паводзілі сябе вельмі агрэсіўна. Маракам увесь час пагражалі зброяй, настаўлялі на іх аўтаматы. Кармілі іх рысам, макаронаю і булённымі кубікамі, абы маракі не памерлі з голаду.

У часе перамоваў піраты ўвесь час павялічвалі сумы выкупу. Яны дамагаліся ад кожнага сябра каманды, каб той зьвязаўся са сваякамі і папрасіў выкупіць сябе за 300—500 тысяч даляраў. Аднак гэта не было зроблена.

Як лічыць капітан Харлан, “мэты ў піратаў адны — захопліваць болей і прадаваць даражэй”.

Паведамляецца, што пасьля гэтага інцыдэнту ўладальнікі “Тай Юніён-3” вырашылі наняць прафэсійных узброеных ахоўнікаў для суправаджэньня судна ў часе плаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG