Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска-польская камісія ў стадыі падрыхтоўкі


У амбасадзе Польшчы спадзяюцца, што беларуска-польская камісія, якая разгледзіць сытуацыю вакол саюза палякаў Беларусі, пачне працу.


Пра гэта паведаміў карэспандэнту "Свабоды" першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук.

Працягваецца падрыхтоўка да пасяджэньня, але ягоная дата пакуль невядомая.

Сёньня з Варшавы ў Менск вярнуўся пасол Генрык Ліцьвін. Ня выключана, што ягоная паездка ў Варшаву была зьвязана з гэтым пытаньнем.

Сёньня падчас прэсавай канфэрэнцыі сакратар упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцей Міхаіл Рыбакоў сказаў, што вызначэньне даты пасяджэньня камісіі адносіцца да кампэтэнцыі міністэрстваў замежных спраў абедзьвюх краін. Дата будзе вызначана бліжэйшым часам.

Тым часам у міністэрстве замежных спраў Беларусі ніякай інфармацыі адносна камісіі не падаюць.

Рашэньне аб стварэньні камісіі дасягнутае падчас сустрэчы ў Кіеве 25 лютага міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. На пачатку сакавіка ў Будапэшце міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі назвалі кіраўнікоў дэлегацый з абодвух бакоў: гэта ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка і намесьнік міністра замежных спраў Анджэй Крэмэр. Тады ж было паведамлена, што першае пасяджэньне, праўдападобна, адбудзецца 9 сакавіка. Аднак пасяджэньне ў гэты дзень не адбылося, паведамлялася, што беларуска-польскія кансультацыі перанесены на другую палову сакавіка.

Варшава дамагаецца легалізацыі дзейнасьці арганізацыі, якой кіруе Анжаліка Борыс.

10 сакавіка Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі з крытыкай ціску ўладаў на Саюз палякаў. Эўрапарлямэнт сярод іншага заклікаў беларускія ўлады зарэгістраваць Саюз палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і перадаць арганізацыі яе ўласнасьць.

Прадстаўнікі абодвух саюзаў палякаў выказваюць спадзяваньне на беларуска-польскую камісію.
XS
SM
MD
LG