Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — дзень салідарнасьці


Акцыя салідарнасьці ў Менску 16 студзеня 2010 года.

Акцыя салідарнасьці ў Менску 16 студзеня 2010 года.

Сёньня моладзевыя актывісты плянуюць выйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў знак салідарнасьці з палітвязьнямі.


Удзельнікі акцый выкажуць салідарнасьць са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам, а таксама актывістам “Маладога фронту” Арцёмам Дубскім. Таксама ўдзельнікі акцый нагадаюць, што не вядзецца расьсьледаваньне спраў зьніклых апазыцыянэраў.

Актывісты “Эўрапейскай Беларусі” падавалі заяўкі ў Менгарвыканкам на правядзеньне акцый салідарнасьці. Пікеты былі заплянаваныя ў пяцёх месцах гораду: каля кінатэатра “Масква”, Камароўскага рынку, гіпэрмаркету “Гіпа”, каля Акадэміі навук, а таксама ў парку каля помніка Міцкевічу. Пакуль не атрыманы адказ адносна пляцоўкі каля кінатэатру “Масква”. У чатырох іншых месцах у правядзеньні пікетаў адмоўлена, паведамілі актывісты.

Акцыі салідарнасьці адбываюцца шосты год 16-га чысла кожнага месяца. Яны праходзілі ў розных фарматах, але заўсёды выклікалі нэрвовую рэакцыю ўладаў. Шмат каго пры затрыманьні жорстка зьбівалі. Удзельнікаў акцый салідарнасьці каралі штрафамі і арыштамі да 15 сутак.

Мінулую акцыю 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы спэцназаўцы разагналі, людзей затрымлівалі прэвэнтыўна яшчэ на падыходах да плошчы. Спэцназаўцы перашкаджалі журналістам рабіць фотаздымкі. У міліцыю Цэнтральнага раёну Менску трапілі 19 чалавек. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі, не складаючы пратаколаў. Сярод затрыманых была фотакарэспандэнтка “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч.
XS
SM
MD
LG